Вы тут

Алесь Адамовіч: чалавек, які вышэй за ўсё цаніў свабоду


Аднаму з пачынальнікаў дакументальнамастацкай прозы ў айчыннай літаратуры, аўтару сцэнарыя да лепшага нашага фільма «Ідзі і глядзі», бліскучаму прапагандысту беларускай літаратуры ў Расіі, адкрывальніку праўды пра Чарнобыль, нястомнаму змагару супраць ядзернай зброі — споўнілася б 90 год.


Афіцыйна датай нараджэння Алеся Адамовіча лічыцца 3 верасня 1927 г., але насамрэч ён нарадзіўся 3 жніўня 1926 г. Маці зрабіла змены ў дакументах, каб яе сына не ўзялі на работы ў Германію. Жывучы з непраўдзівай датай нараджэння, А. Адамовіч усё жыццё спавядаў у літаратуры дакументальную праўду. Жорстка-рэалістычную, нават гіперрэалістычную. Нездарма ён быў адным з адкрывальнікаў творчасці Максіма Гарэцкага (ці не першага нашага сапраўднага жорсткага рэаліста), нездарма ён так захапляўся гіперрэалістам Кузьмой Чорным.

1.

Найбольш шчымліва пра гэта пісаў Пятро Глебка ў сваім дзівосна-спавядальным творы «Мая анкета». Пісьменнік ляжаў у бальніцы (з якой ужо не выйшаў) і зайздросціў Верасаеву, бо той у сваіх запісах «амаль вітаў смерць». Думаю, Пятро Глебка яшчэ больш пазайздросціў бы Алесю Адамовічу, калі б прачытаў такія радкі з яго апошняй кнігі «VІХІ»: «Жыццё маё так ішло: у 16-ць маглі забіць дый пазней падстаўляўся, але пражытыя ажно за 60 лічу падарункам. Чаго скавытаць? Апроч таго, мабыць, я з тых, хто сябе не дужа высока ацэньваў. Ажыццявіўся, на колькі быў запраграмаваны, крыху больш, крыху менш — ужо не мае значэння. У чалавека няма абавязку нарадзіцца. Але памерці — абавязак кожнага. Вось і памры. ...Проста не трэба пераацэньваць сябе, і будзеш ставіцца да гэтае падзеі спакайней».

Так, не пераацэньваў, але цану сабе ведаў. Па словах Пятра Васючэнкі, нагадваў сапраўдную зорку: яркую, запамінальную, харызматычную. У гэтым сэнсе быў у нечым блізкі Францішку Аляхновічу, які таксама пад канец жыцця іранізаваў са страху смерці (за два гады да гібелі напісаў п’есу «Круці не круці — трэба памярці»), не адзін раз падчас свайго авантурнага, падобнага да прыгодніцкага рамана, жыцця мог загінуць, ці не першы з беларускіх пісьменнікаў, у каго мы заўважаем выразную, часам балючую самаіронію. Безумоўна, усё гэта ў аднолькавай ступені было ўласціва і Алесю Адамовічу.

 Блізка пазнаёміцца з творчасцю Ф. Аляхновіча, які быў за савецкім часам пад забаронай, ён не мог. Таму духоўным настаўнікам Алеся Адамовіча стаў эстэтычна блізкі Аляхновічу Максім Гарэцкі.

2.

 Жорсткі сарказм і дакументальная праўдзівасць — вось што пануе ў прозе, крытыцы, драматургіі Максіма Гарэцкага. Ён адзін з першых сярод беларускіх пісьменнікаў пачаў выкарыстоўваць менавіта «дакументальнасць»: лісты, дзённікі, запіскі. Усё гэта знайшло лагічны працяг і далейшае развіццё ў творчасці Алеся Адамовіча.

Строгасць Гарэцкага-крытыка адпавядае бескампраміснай публіцыстыцы аўтара «Хатынскай аповесці». У аднолькавай ступені яны незадаволены Міхасём Зарэцкім, які: «паганяе за таннымі эфектамі, упадае ў мяшчанства, яго героі падобныя да персанажаў крымінальных раманаў невысокай мастацкай якасці» (М. Гарэцкі); «Зарэцкі ішоў да Дастаеўскага занадта прама, не несучы моцнага нацыянальнага, аказаўся паслухмяным спадарожнікам гэтай звышмагутнай літаратурнай зоркі» (А. Адамовіч). Абодва крытыкавалі Якуба Коласа, які, паводле Гарэцкага, «...піша проста недазволена многа для паэта», і мае, на думку Адамовіча, у сваім таленце пэўную «кніжнасць», якая «афарбоўвае некаторыя старонкі яго трылогіі “На ростанях”».

Любіў Алесь Адамовіч М. Гарэцкага не толькі за блізкія мастацка-эстэтычныя погляды і дакументалізм прозы. У лісце да Ленанілы і Галіны Гарэцкіх за 17 снежня 1975 г. знаходзім: «Справа не у адной літаратуры (хоць яна, сапраўды, выдатная), але і ў чалавеку. Зайздросны лёс не таго, хто як “вяпрук на саломе век пракачаўся” (кажучы словамі Кузьмы Чорнага), а хто змог чалавекам застацца да канца. Не ўсім удалося. I нават вельмі не многім, калі дрэнна прыйшлося. А на Гарэцкім і вока, і душа, і сэрца адпачывае: усе ж такі можна! Можна быць не падобнымі і на Б. і на К. і на Г.!».

У 1966 годзе, працуючы ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце, дзе чытаў лекцыі па беларускай літаратуры, Алесь Адамовіч адмаўляецца падпісаць ліст супраць Андрэя Сіняўскага і Юлія Даніэля: «Вось мы ўсе папракалі “старых”, што яны дазволілі сталінскай бандзе асядлаць краіну, загнаць усіх у Страх, у Паслухмянасць. Аднак не адразу ж гэта пачалося, з нечага пачыналася, і тады яшчэ можна было нешта выправіць, змяніць сваю і нашу будучыню. А ці не такі момант зноў падступае?». Абараняе Васіля Быкава ад нападак загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПСС Уладзіміра Сеўрука: «Пасля размовы з Быкавым, набраў Маскву. І — прама на Ул. М. Сеўрука. Прадставіўся яму і: — Ці вы пакінеце Быкава ў спакоі, ці я пра ўсе 25 гадоў траўлі скажу публічна! Ну, зрабілі на ім кар’еру… Сказалі б дзякуй чалавеку і пакінулі яго ў спакоі…».

Абачлівасць, асцярожнасць, невытыркальнасць, баязлівасць — усе гэтыя блізкія нам якасці — не пра Адамовіча. У нашай запалоханай рэпрэсіямі літаратуры мы няшмат знойдзем пісьменнікаў, якія маглі так жа адкрыта, зухавата не баяцца і заўсёды ісці ў наступ, прабіваць любыя сцены. Адамовіч меў вялікі скепсіс да беларускай ваеннай прозы (выключэнне рабіў для Васіля Быкава): «Мы ненавідзім вайну, але так уцягнуліся ў ролю яе “летапісцаў” і выкрывальнікаў, што пачынаем ужо (а многія даўно пачалі) любіць сваю памяць пра вайну. Упрыгожванне, эстэтызацыя вайны праз выкрыванне (якое стала любімым заняткам) — нечакана вось як гэта паварочваецца. Як пазбегнуць гэтага? Думаю, адзіны шлях ёсць — з яго і пачыналі ў свой час. Даставаць так глыбока, што нібыта насамрэч вяртаешся на перадавую. I рызыка ўжо рэальная, а не далёкая, ва ўспамінах». Адсюль становіцца зразумелая цяга і любоў Адамовіча да непрыдуманых сведчанняў ахвяраў вайны, якімі прасякнуты яго творы. Скупасць, пратакольная строгасць, нейкая нават адасобленасць, з якой ён апісвае тыя неймаверныя пакуты, з якімі сутыкнуліся нашыя людзі падчас Другой сусветнай вайны, — метад, якім шырока карыстаўся мастак Босх, — дапамагае стварыць Адамовічу нейкую новую пякельную звышрэчаіснасць, калі ты сам пачынаеш амаль фізічна адчуваць гэты жах.

3.

У 1980 годзе выходзіць пераклад на англійскую мову яго супольнай з Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам кнігі «Я з вогненнай вёскі...». Гэты твор прачытаў італьянскі рэжысёр Руджэра Дэадата і ў тым жа годзе выпусціў сваё скандальна-жорсткае «Пекла канібалаў». Прынцып быў узяты Адамовічаў: паказаць дзікую, невытлумачальную жорсткасць прадстаўнікоў «высокай культуры» (у Адамовіча — нацыстаў, у Дэадата — групы журналістаў) да «дзікуноў» (простых беларусаў, а ў фільме — насельнікаў амазонскіх джунгляў). І там і там паляць вёскі, забіваюць, рабуюць, гвалцяць. Для большага эфекту Дэадата здымае сваё кіно пад «дакумент». Праз чатыры гады — паводле сцэнарыя Алеся Адамовіча — здымае свой кінашэдэўр «Ідзі і глядзі» Элем Клімаў. Як і ў «Пекле канібалаў», галоўная падзея — дэталёвы паказ спалення вёскі і ў далейшым жорсткае пакаранне катаў. Фільм па сваёй смеласці быў незвычайным не толькі для беларускага кіно (дзе ўвогуле нічога падобнага не здымалі і не здымаюць), але і для ўсяго савецкага кінематографа. Заслуга ў гэтым была не толькі Клімава, але і Адамовіча, які браў самы актыўны ўдзел у здымках, дапамагаў у працы з акцёрамі. Фільмам захапляліся Олівер Стоўн (уплыў бачны ў сцэне гвалту над в’етнамцамі ў фільме «Узвод» 1986 г.), а класік амерыканскага кіно Стэнлі Крамэр прапанаваў Адамовічу напісаць сцэнарый для яго новага фільма, прысвечанага чарнобыльскай трагедыі. На вялікі жаль, гэтая задума не здзейснілася.

4.

Не любіў Алесь Адамовіч Арнольда Шварцэнэгера, але аднойчы згадзіўся з ім, калі прачытаў у адным інтэрв’ю, што толькі тады пачынаеш сябе адчуваць пасапраўднаму свабодным, калі сядаеш на свой байк. Адамовіч згадваў, як адразу пасля вайны ён купіў сабе трафейны матацыкл і любімым занятакам было — ляцець на злом галавы па разбітых вясковых дарогах. Так, нават у самых неспрыяльных умовах ён стараўся заставацца незалежным. Сваю свабоду цаніў больш за ўсё, пра што напрыканцы жыцця згадваў нават з пэўнай вінаватасцю: «Што ж ня пішаш пра тое, што ніхто побач з табой не быў сапраўды шчаслівым? I ты сам таксама. Але ўсё па тваёй віне. Цябе любілі. А ты? У цябе было яшчэ нешта, што адцясняла іх, а ў іх? Кампенсаваў “сардэчную недастатковасць” чым? Сваёй літаратурай, справамі вонкавымі, але вось надышоў час, і хочацца ва ўсіх папрасіць прабачэння. За тое, што так цяжка ім было побач са мной. Шкадаваць усіх і любіць — розныя рэчы. Іх шкадаваў, а любіў — сябе? I яшчэ — свабоду сваю. Вышэй за ўсё. Нават ад любові свабоду».

Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК

 

Музей як народны храм

Будынак былой аптэкі ў вёсцы Глуша Бабруйскага раёна гістарычны: тут працавала аптэкаркай маці пісьменніка Алеся Адамовіча Ганна Мітрафанаўна. Менавіта гэты будынак вызначаны пад музей пісьменніка, які апісаў ваенныя і партызанскія падзеі, што разгортваліся ў гэтым краі. Аптэка была іх сведкай і нават удзельніцай: тут была партызанская явачная кватэра. Будынак захаваўся да нашага часу, у адрозенне ад хаты, дзе жыла сям’я пісьменніка. Але сам ён пахаваны ў Глушы, тут жа ляжаць яго бацькі.

Дачка пісьменніка Наталля Адамовіч, якую ў клопаце пра захаванне памяці пра бацьку падтрымалі мясцовыя жыхары, лічыць, што будынак былой аптэкі каштоўны тым, што аўтэнтычны. Гэта трэба захаваць. Пабудаваны ў сярэдзіне 1950-х гадоў, ён хоць і выглядае моцным, але, каб ствараць тут музей, патрэбныя сур’ёзныя працы па рэканструкцыі, якія, у сваю чаргу, патрабуюць выдаткаў. Звярнуліся да грамадства… Рахунак для дабрачынных ахвяраванняў быў адкрыты пры аддзеле ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама. Сума, сабраная на гэты час, — менш за 12 тысяч рублёў. Адчувальны ўнёсак зрабіла пісьменніца Святлана Алексіевіч. Грошы на дабрачынны рахунак пералічылі Магілёўскі аблвыканкам, Бабруйскі райвыканкам, культурныя ўстановы Бабруйска, абласная бібліятэка імя Леніна, абласное Таварыства беларускай мовы, калектыў газеты «Звязда» ды інш. Сума сабрана істотная, але і яе было недастаткова, каб пачаць працу над праектна-каштарыснай дакументацыяй па рэканструкцыі будынка, тым не менш УКП «Магілёўскі цэнтр па рэстаўрацыі» ўзяўся за справу, палічыўшы за гонар зрабіць такім чынам свой дабрачынны ўнёсак.

Ужо сам факт стварэння праектна-каштарыснай дакументацыі важны, лічыць старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч: гэтыя дакументы даюць магчымасць выходзіць да дазволу на работы і на міжнародныя гранты, што таксама было б істотнай падтрымкай музею, які ствараецца на грошы ад дабрачынных ахвяраванняў. Мясцовыя ўлады ідэю падтрымліваюць: старшынёй назіральнай рады па стварэнні музея абралі намесніцу старшыні Бабруйскага райвыканкама Таццяну Варанко.

Гэта самы пачатак, яшчэ трэба думаць пра забеспячэнне ўтрымання будучага музея. Напрыклад, дырэктар Дзяржаўнага музея беларускай літаратуры Дзмітрый Яцкевіч падчас абмеркавання сітуацыі на круглым стале выказаў надзею на дзяржаўна-прыватнае партнёрства і прыцягненне спонсараў. І ўжо цяпер хочацца зразумець, што асаблівага будзе ў музеі Алеся Адамовіча? Плануецца зрабіць не толькі музей, прысвечаны пісьменніку, — у экспазіцыі пакажуць яго герояў, прататыпамі якіх былі жыхары Глушы. Можна будзе аднавіць падзеі, што пададзены ў творах, прынамсі, у «Вайне пад стрэхамі». Такім чынам, музей Алеся Адамовіча стане таксама музеем ваеннага летапісу гэтых мясцін. Наталля Адамовіч магла б перадаць у будучы музей мноства экспанатаў для будучай экспазіцыі.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».