Вы тут

Анэля Тулупава – перакладчык кітайскай паэзіі


У лютым 2018 года – 80-годдзе з дня нараджэння беларускай паэтэсы Нэлі Тулупавай (1938 – 2001). Падпісвалася яна і такім чынам – Анэля Тулупава… Відаць, будуць новыя артыкулы пра яе творчасць. Магчыма, калегі па пяру, тыя, хто поруч з ёй рабіў першыя крокі ў літаратуры, працаваў у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, часопісе “Вожык”, напішуць новыя ўспаміны… Можа быць, выйдзе кніга яе выбранай паэзіі. На крайні выпадак хацелася б, каб дата гэтая была заўважана. Аўтар кніг паэзіі “Станцыя надзей”, “Дабрадзея”, “Босая цішыня”, “Гарывада”, “Скажыце ўсім”, “Сонца ў хату”, зборнікаў вершаў для дзяцей, аўтар аповесці “Пра што думае кіт”, паэт, на чые словы напісаны дзясяткі песень, працавала ў літаратуры натхнёна, шчыра, імкнулася весці адкрыты дыялог з чытачом, старалася разгледзець найболей важкія з’явы жыцця…


І яшчэ яна займалася мастацкім перакладам. У тыя, ранейшыя, часіны, не было сённяшняй увагі да кітайскай паэзіі. Усплеск 1950-1960-х гадоў мінуў. Але яна, Нэлі Тулупава, здолела знайсці сваю кітайскую мастацкую прастору. І паяднала вакол сябе іншых паэтэс у адным важкім беларуска-кітайскім клопаце…

Для выдавецтва “Мастацкая літаратура” паэтэса ўклала кнігу выбранай паэзіі легендарнай кітайскай мастачкі слова Лі Цінчжаа. Анэлі Тулупавай дапамагалі пераўвасобіць вершы кітаянкі на беларускую мову Валянціна Коўтун, Яўгенія Янішчыц, Ніна Загорская, Вольга Іпатава… Варта заўважыць, што асобы ў беларускай літаратуры далёка не шараговыя. Кожная з паэтэс здзейснілася, адбылася.

Але рукапіс кнігі “Мост цераз Млечны шлях” так і застаўся рукапісам. Праўда, у кнігу “Я чакаю цябе” асобным разделам увайшлі пераклады самой Анэлі Тулупавай. Зборнік выйшаў у 1993 годзе. Мо гэта таксама паўплывала на тое, што асобная кніга Лі Цінчжаа не ўбачыла свет. Як бы тое не здарылася, а ў 2016 годзе кнігу Лі Цінчжаа, дзе ўжо былі змешчаны пераклады, здзейсненыя і Н. Загорскай, і В. Коўтун, і В. Іпатавай, і Я. Янішчыц, выйшла ў Выдавецкім доме “Звязда” – у серыі “Светлыя знакі: паэты Кітая”. Рукапіс зборніка (дакладней – машынапіс) прынесла ў выдавецтва ўнучка паэтэсы – Валерыя Радунь. На шчасце, кніга захоўвалася ў хатнім архіве. Анэля Тулупава ж памерла яшчэ ў 2001 годзе. Такая вось гісторыя вяртання да чытача перакладчыцкага плёну, кітайскай увагі беларускай паэтэсы… Калі кнігу рыхтавалі да друку, да старых перакладаў дадалі новыя. Іх зрабілі Юлія Алейчанка – вершы “Апяванне белай хрызантэмы” і “Вясна прыходзіць са спазненнем…”. І Валерыя Радунь – “Ручай амывае пясок”, “Кветка магноліі”, “Брыдкая служка”. Ранейшыя пераклады былі зроблены з рускай мовы – паэтэсы звярталіся да кнігі Лі Цінчжаа ў перакладзе рускага перакладчыка М. Басманава. А вось і Юлія Алейчанка, і Валерыя Радунь карысталіся падрадкоўнікамі, якія зрабіла вядомая беларуская кітаістка Дар’я Нечыпарук. Так мост, па якім ідзе ў славянскі свет легендарная кітайская паэтэса Лі Цінчжаа стаў шмат шырэйшым.

Алесь Карлюкевіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».