24 Кастрычнік, аўторак

Вы тут

Чаму ў ашмянскіх калодзежах не хапае вады


Пітная вада ў Ашмянскім раёне — асаблівая. Гарадскія і вясковыя калодзежы «працуюць» у асноўным на паверхневых водах, якія не могуць пахваліцца добрым смакам. Вада мае бруднаваты колер і ўтрымлівае ў два разы больш жалеза, чым дапускаецца нормамі. Каб яна стала якаснай, неабходны станцыі абезжалезвання. Ашмянскія ўлады ўжо прапанавалі на ўзроўні рэспублікі ўнесці ў сацыяльныя стандарты абавязковае ўзвядзенне такіх станцый пры стварэнні аграгарадкоў з колькасцю жыхароў ад 1000 чалавек і больш.


Як «памыць» ваду

На водазаборы Вайгета, ад якога сілкуецца ўвесь горад, станцыя абезжалезвання працуе. Дзякуючы гэтаму ў Ашмянах водаправодная вада якасная. У аграгарадках, што забяспечваюцца вадой са станцый на водазаборах у Гальшанах і Граўжышках, з кранаў таксама цячэ якасны прадукт.

Іншая справа — сельская мясцовасць, дзе без станцый абезжалезвання палепшыць якасць вады можна толькі з дапамогай фільтраў. Аднак праз павышаную колькасць у вадзе жалеза іх трэба мяняць значна часцей, чым звычайна. Пакутуе і бытавая тэхніка, што кантактуе з вадой, — «рыжыя літры» значна скарачаюць тэрмін службы прыбораў.

— Асноўны ўпор на забеспячэнне якасці вады мы робім у аграгарадках. Станцыі абезжалезвання жыццёва неабходныя ў Навасёлках, станцыі Ашмяны, Кракоўцы. Сітуацыя ў апошняй непакоіць нас найбольш. Плануецца, што ў наступным годзе тут будзе пабудавана станцыя абезжалезвання (на гэта патрэбна прыкладна 200 тысяч рублёў). Ужо распрацаваны праект, — расказаў Вадзім ПАШКОЎСКІ, намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама. — На жаль, бюджэтных сродкаў райвыканкаму, як правіла, хапае толькі на замену камунікацый па адной вуліцы пасёлка, і мы стараемся мяняць іх менавіта ў аграгарадках, бо тут найбольш складаная сітуацыя.

Забруджванне вады на Ашмяншчыне адбываецца, па-першае, праз саму падземную крыніцу, у якой колькасць жалеза перавышае норму амаль у два разы: замест 0,3 мг/дм3 тутэйшы паказчык — 0,32—0,76, а колер вады — рыжы. Мясцовыя жыхары кажуць, што калі кран не закрыць шчыльна, то праз некалькі гадзін на ўмывальніку з'явяцца ржавыя палосы. Па-другое, вада дадаткова пагаршаецца, пакуль цячэ па старых трубах.

Планавыя замены сеткі старых камунікацый новымі, пластыкавымі, і штогадовыя прамыўкі водаправодаў паляпшаюць становішча — адкладанні ў трубах знікаюць.

— Падчас прамыўкі водных камунікацый горада і трубы чысцяцца, і слабыя месцы ў сетцы выяўляюцца, якія нам прасцей ліквідаваць загадзя, а не чакаць, калі ўзімку яны прарвуцца. Разам з тым такія гідраіспыты дадаюць у нашу работу і «лыжку дзёгцю» — асадак, частка якога ўсё роўна трапляе ў трубу пасля прамыўкі. Пачынаюцца тэлефанаванні са скаргамі. Аднак дастаткова зліць некалькіх дзясяткаў літраў, каб пазбавіцца ад гэтага рэшткавага бруду, — растлумачыў Вячаслаў ЯНКОЎСКІ, намеснік дырэктара Ашмянскага РУП ЖКГ. — Пры планавых работах мы заўжды папярэджваем людзей, калі не будзе вады. Але ж здараюцца і аварыі. Аднак ніколі больш чым на суткі — пакуль мы ліквідуем праблему — людзі без вады не заставаліся. І ў такіх выпадках ніхто з адказных спецыялістаў не ідзе дахаты, пакуль не наладзіцца падача вады.

За якасцю вады ў Ашмянскім раёне і горадзе сочаць некалькі службаў. Санэпідэмстанцыя штоквартальна робіць аналізы на прадпрыемствах. А ЖКГ мае сваю акрэдытаваную лабараторыю, дзе раз на год правяраюцца хімічныя паказчыкі вады на жалеза, медзь, марганец. Вада бярэцца ў розных месцах сеткі горада: на дзесяці крыніцах гарачага і дзесяці пунктах халоднага водазабеспячэння. Мікрабіялагічны і арганалептычны аналіз (на пах, колер, мутнасць) робяць у тых жа месцах раз на месяц.

— Калі такую паслугу заказваюць жыхары, аналізуем ваду і для іх, — дадаў Вячаслаў Янкоўскі. — У горадзе, дарэчы ёсць некалькі прыродных крыніц, і некаторыя набіраюць сабе ваду непасрэдна адтуль.

Лабараторыя Ашмянскай ЖКГ.

Скрадзеныя літры

У Ашмянах ёсць вуліцы са старой прыватнай забудовай, дзе няма трубаправодаў, а гаспадары карыстаюцца калодзежамі. На якасць вады ў іх шмат нараканняў.

— Калодзежы ў горадзе ў асноўным неглыбокія (3—5 метраў), і вада тут — «верхаводка», ні пра якую якасць яе казаць не прыходзіцца. Гэтай жа вадой абаграваюцца дамы, паліваюцца агароды... І магутнасцяў калодзежаў проста не хапае на ўсе патрэбы жыхароў, — падзяліўся Вадзім Пашкоўскі.

Такім жыхарам раяць пракладваць водаправод — інакш праблему ў гарадскіх умовах не вырашыць.

— Складанасць у тым, што трубы трэба весці па ўчастках людзей, бо вуліцы вузкія, а забудова шчыльная. Пракладваць камунікацыі пад дарогай непрактычна — там ужо і электрычныя кабелі, і газ, і каналізацыя. Людзі скідваюцца вуліцай і плацяць кожны прыкладна за 20 метраў трубы, якая пройдзе па іх участку (каля 200 рублёў). Гэта не так шмат, затое вырашае ўсе праблемы з вадой, — дадаў намеснік старшыні райвыканкама.

Цяжка, калі хтосьці адзін адмаўляецца ад будаўніцтва водаправода — тады без цэнтралізаванага водазабеспячэння застаецца ўся вуліца. А абысці ўчастак упартага ўласніка немагчыма — вуліцу дзеля аднаго «падымаць» не будуць.

Гаспадары часта тлумачаць сваю адмову тым, што праз водныя камунікацыі яны страцяць частку зямлі. Сапраўды, пасля ўстаноўкі водаправода нельга нічога будаваць на адлегласці некалькіх метраў.

— Пэўным чынам, мы, вядома, падштурхнулі людзей да рашэння праводзіць трубы па ўчастку, і ні адзін чалавек з тых, хто праклаў трубаправод, не пашкадаваў. Да таго ж людзі, як правіла, пакідаюць на ўчастку і калодзеж, каб было чым паліваць агарод. А ўвогуле стратэгія нашай работы — пазбавіцца ў горадзе ад усіх калодзежаў і калонак, — падзяліўся планам Вячаслаў Янкоўскі. — Калонкі, па сутнасці, — гэта бескантрольнае карыстанне вадой. З навакольнымі жыхарамі ў нас заключаныя дагаворы. Аднак да калонкі могуць пад'ехаць будаўнічыя машыны і набраць вялізныя ёмістасці вады. За чый кошт? Яшчэ адзін момант — санітарны. Калонка стаіць на вуліцы, побач пыл, бадзяжныя жывёлы...

Вучэбная трэніроўка па ачыстцы каналізацыйнага калодзежа.

Няўлічаныя трубы

Сетка цэнтральнага гарадскога трубаправода — гэта складаная разгалінаваная сістэма. Водныя і іншыя камунікацыі раней пракладваліся досыць хаатычна. Сеткі маглі перакрыжоўвацца паміж сабой, людзі «прыпайваліся» адно да аднаго, а здаралася, і проста незаконна прыладжваліся да гарадскіх камунікацый.

— Бывае, стаіць у гаспадара лічыльнік на ваду, і ўсё па законе, здаецца, але ёсць і другая труба — для паліву агарода, вада з якой не ўлічваецца, бо не праходзіць праз лічыльнік. Некаторыя камунікацыі асобна і пад лазню сабе адводзяць, і пад гараж, і ўсё па-за межамі лічыльніка, — кажа Вадзім Пашкоўскі. — Усё ў руках людзей і залежыць ад іх арганізаванасці і сумленнасці. Па еўрапейскіх нормах мы няшмат плацім за ваду. Кожны новы падключаны абанент — для гаспадаркі гэта, хутчэй, дадатковая нагрузка, а не прыбытак.

Кожнага «вадзянога злодзея» штрафуюць. Сума пакарання вызначаецца ў залежнасці ад колькасці літраў, якія маглі нацячы па трубе пэўнага дыяметра за месяц, калі не закрываць кран. У сярэднім набягае, як правіла, каля 1000 рублёў. І гэта яшчэ па-людску, упэўнены камунальнікі, бо карыстаюцца грамадзяне такой няўлічанай трубой, пакуль яе не знойдуць, не месяц, а гадамі. Дарэчы, рублёвае пакаранне для юрыдычных асоб, якія спажывалі ваду на дармаўшчыну, у дзясяткі разоў большае.

У ашмянскай жыллёвай гаспадарцы для гэтага працуе брыгада спецыяльных кантралёраў.

— Калі мы маем дакладную інфармацыю, што незаконныя падключэнні ёсць, але гаспадар не пускае нас паглядзець усе свае камунікацыі, прыходзіцца перакрываць яму ваду, пакуль ён не паставіць на ўлік усе свае трубы, — кажа прадстаўнік ашмянскай ЖКГ. — Пяцёра нашых кантралёраў за апошнія два гады склалі некалькі дзясяткаў пратаколаў за незаконнае ўжыванне вады. Літаральна днямі ў нашай службе з'явілася яшчэ тры чалавекі, якія будуць працаваць толькі з юрыдычнымі асобамі. Там маштабы водных крадзяжоў велізарныя, бо гаворка ідзе ўжо не пра паліў агарода, а пра прамысловасць.

Камунальнікі раяць людзям, каб яны, калі не ўпэўненыя ў правільным падключэнні лічыльнікаў, звярталіся ў ЖКГ. Ад лішніх камунікацый можна пазбавіцца або перанесці лічыльнік у іншае месца, каб вада з усіх труб была на ўліку.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Як піць даць?

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Размытыя крытэрыі «сацыяльнай небяспекі»

Размытыя крытэрыі «сацыяльнай небяспекі»

Калі дзіця прыходзіць у школу непадрыхтаванае, гэта неабавязкова азначае, што дома ў яго няма ўмоў рабіць урокі.

Грамадства

У Акцябрскай адсвяткуюць два юбілеі

У Акцябрскай адсвяткуюць два юбілеі

Не толькі юбілей рэвалюцыі.

У свеце

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

​Актывы суверэннага фонду каралеўства Нарвегія перавысілі трыльён долараў.