Вы тут

Галоўная прыкмета, што вёска жыве, — наяўнасць дзяцей


Жыхары Дудзічаў даўно лічаць выгоды, якія прыйшлі са статусам аграгарадка, звычайнай справай. І заўважаюць, што ў іх ёсць тое, чаго няма ў гараджан: чыстае паветра, блізкасць да прыроды і час, які рухаецца куды больш павольна, чым у мегаполісе.


Уро­кі ў пер­шым кла­се вя­дзе на­стаў­ні­ца Свят­ла­на Бобр.

Шматдзетная мама Інга Змушка пераехала ў аграгарадок Дудзічы Калінкавіцкага раёна з іншай вёскі. Ужо тут стала працаваць паштальёнкай і нарадзіла траіх дзяцей. Сёння жанчына ў водпуску па доглядзе малодшага сына. Кажа, што Дудзічы ёй вельмі падабаюцца:

— Мужу выдзелілі дом ад мясцовага прадпрыемства «Дудзічы-Агра». Аўтобус ад нас да Калінкавіч ходзіць. Калі дзіця захварэла, звяртаюся ў мясцовы ФАП. Старэйшы сын пасля школы наведвае яшчэ і музычную, якая таксама побач. Клуб, пошта, крама — усё ў адным месцы. І ўвогуле — прыгожа ў нас, едзеш і любуешся.

Са старшынёй сельскага Савета Інай Змушкай мы аб'язджаем вялізны населены пункт і дзве бліжнія вёскі: Чырвоную Ніву і Муравейніцу. Між тым не заўважаю розніцы. Па-першае, таму што яны практычна прымыкаюць да аграгарадка. Па-другое, нідзе няма закінутых дамоў. Іна Леанідаўна сведчыць: як і ўсюды, здараецца, што гаспадары паміраюць і пабудовы застаюцца безнагляднымі. Але ж толькі на кароткі час. У сельсавеце робяць усё, каб нашчадкі паклапаціліся пра спадчыну — ці самі пачалі прыводзіць у парадак дом, ці прадалі іншым людзям.

За тыя 12 гадоў, якія прайшлі з моманту атрымання статусу аграгарадка, жыхары Дудзічаў прывыклі да выгод, якія атрымалі. Водазабеспячэнне, газазабеспячэнне — калі ласка. Усе, хто хацеў, маюць прыроднае блакітнае паліва ў дамах. Нават скрыні для асобнага збору смецця ўсталяваны. Да Калінкавіч рукой падаць. Мазыр таксама недалёка. Крама, пункт бытавога абслугоўвання, лазня, школа, дзіцячы садок, фельчарска-акушэрскі пункт... Усе аб'екты не новыя, але дагледжаныя звонку і знутры.

Стар­шы­ня сель­са­ве­та Іна Змуш­ка і ды­рэк­тар шко­лы Ва­дзім Крэк ка­ля па­клон­на­га кры­жа, дзе не­ка­лі ста­я­ла Тро­іц­кая царк­ва.

Да асваення грошай, выдзеленых па праграме адраджэння і развіцця вёскі на 2005—2015 гады, падышлі па-гаспадарску. Многія старыя пабудовы былі рэканструяваны і поўнасцю пераабсталяваны. Вось і ў Дудзічах на месцы рабочай сталовай з'явілася дагледжаная кавярня, куды заходзяць перакусіць і свае, і тыя, хто праязджае па трасах на Мінск ці Светлагорск, якія праходзяць праз населены пункт. (Гатуюць смачна, магу пацвердзіць.)

Галоўная прыкмета, што вёска жыве, — наяўнасць дзяцей. У сельсавеце іх — 265, прытым што ўвогуле тут пражывае 1738 чалавек. У мясцовую школу ходзіць зараз 137 вучняў, і гэтая колькасць трымаецца стабільна, пацвярджае дырэктар установы Вадзім Крэк:

— Калісьці ў сельсавеце было чатыры школы, цяпер засталася адна. Аднак дзяцей з навакольных вёсак падвозім на заняткі на школьным аўтобусе. І дзеці, і дарослыя ў нас маюць магчымасць займацца більярдам, футболам, валейболам, баскетболам. Ёсць свая трэнажорная зала. У той жа час самі імкнёмся дапамагаць сельсавету. Догляд брацкага пахавання на мясцовых могілках — пастаянны клопат нашых школьнікаў. Вядома, усе лінейкі, літмантажы праводзім разам.

У бібліятэку, дзе мы гутарым з кіраўніцтвам школы, на перапынку забягаюць вучні. Для мяне — падстава пацікавіцца, як ім жывецца ў сваёй вёсцы. Дзіма Канапля прыязджае штодзень з вёскі Шалыпы. Кажа, аўтобус не спазняецца ніколі, а вучыцца падабаецца, таму што настаўнікі добрыя. Сям'я Каці Булаўкі пераехала ў Дудзічы з Калінкавіч, пабудавалі дом. Дзяўчынка кажа, што тут ім лепш, таму што ёсць свая гаспадарка. Карыне Змушцы падабаецца вучыцца іграць на фартэпіяна.

Заглядваем у першы клас, дзе настаўніца Святлана Бобр вядзе заняткі... на дыване. Малыя слухаюць уважліва. Размова ідзе пра радзіму, значыць, і пра вёску, дзе яны жывуць. Дудзічам налета споўніцца 500. Круглая лічба прымушае не толькі падрабязна вывучаць гісторыю. Гэта ж асаблівая адказнасць, якую дзеці набываюць, калі побач ёсць станоўчы прыклад.

— У вёсцы людзі прывыклі рабіць усё сваімі рукамі, — разважае старшыня сельскага Савета Іна Змушка. — І таму цэняць тое, што для іх зрабілі. Матэрыяльная база ў нас значна ўмацавалася, у выніку палепшыліся і ўмовы жыцця людзей. Таму вельмі многія тут затрымаліся. Прыязджаюць і селяцца сем'ямі з горада. Многія працуюць у Калінкавічах. Многія — у мясцовай гаспадарцы КСУП «Дудзічы-Агра». Тыя, хто вывучыўся, дадому вяртаюцца. Больш за палову спецыялістаў — мясцовыя.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу


Каментарый:

Дзмітрый Петражыцкі, старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкама:

— За перыяд рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі з 2005 па 2015 год на Гомельшчыне ў сельскай мясцовасці працаўладкаваны на пастаянную працу 22,5 тысячы беспрацоўных. Для паляпшэння жыллёвых умоў сельскіх жыхароў і залучэння маладых спецыялістаў адрамантавана 13,5 тыс. квадратных метраў жыллёвага фонду і ўведзена ў эксплуатацыю 5372 жылыя дамы (кватэры) у сельскагаспадарчых арганізацыях вобласці.

У сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі пабудавана каля 400 кіламетраў размеркавальных газаправодаў. Пераведзена на выкарыстанне прыроднага газу і газіфікавана больш 14,5 тыс. кватэр і жылых дамоў у аграгарадках і сельскіх населеных пунктах. Выкананы комплекс мерапрыемстваў па паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў дашкольнай і школьнай адукацыі, медыцынскага, бытавога, гандлёвага і культурнага абслугоўвання сельскіх жыхароў, аб'ектаў фізічнай культуры і спорту. У тым ліку ўведзена ў эксплуатацыю 26 аб'ектаў турыстычнай індустрыі ў рэгіёнах, створана 350 аграсядзіб.

Сёлета раённымі выканаўчымі камітэтамі сумесна з галіновымі арганізацыямі распрацаваны і зацверджаны комплекс мер, накіраваных на павышэнне ўзроўню добраўпарадкаванасці аграгарадкоў на 2017—2020 гады. Фінансаванне забяспечваецца за кошт сродкаў бюджэту і пазабюджэтных крыніц, якія знаходзяцца ў распараджэнні адпаведных органаў кіравання і арганізацый, сродкаў, што выдаткоўваюцца па чарнобыльскіх праграмах, уласных сродкаў прадпрыемстваў і іншых.

Загаловак у газеце: Добрае месца пустым не бывае

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.