Вы тут

Не гараць ліхтары? Звяртайцеся ў сельвыканкам


У «Мясцовае самакіраванне» звярнуўся жыхар Мінска. «Нядаўна збылася даўняя мара нашай сям'і: купілі домік пад лецішча ў адной з вёсак Валожынскага раёна. Але ў населеным пункце позна вечарам не гараць ліхтары вулічнага асвятлення», — паскардзіўся мужчына.


Вядома, для гарадскога жыхара сельскае жыццё мае ў нечым перавагі ў параўнанні з гарадскім: чыстае паветра, прырода, цішыня і спакой. Але разам з тым гараджане хочуць, каб у вёсцы ўсё было як у мегаполісе, дзе кожны вечар запальваюцца агні і гараць да самай раніцы, пакуль не развіднее, дзе падсвечваюцца адміністрацыйныя будынкі, аб'екты культурнага і забаўляльнага прызначэння. У вёсцы, бясспрэчна, свая спецыфіка і свае стандарты.

— Безумоўна, сталіца — гэта візітная картка краіны, таму там наладжана добрае асвятленне. А ў маленькіх вёсачках на лета, калі цямнее позна, мы абмяжоўваем час асвятлення. Ды і жывуць тут у асноўным пажылыя людзі, пенсіянеры, якія прывыклі рана лажыцца спаць, — растлумачыў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Валожынскага райвыканкама Анатоль Аліеў. — Краіна купляе электраэнергію ў суседняй Расіі за валюту. Каб разлічыцца за пастаўкі, яе спачатку трэба зарабіць. У выніку высокіх тарыфаў і недахопу сродкаў эканоміць вымушаны не толькі мы. Здараецца, што зрабіць паўнавартаснае асвятленне немагчыма і па тэхнічных прычынах. Гэта датычыцца перш за ўсё маланаселеных вёсак. На доўгіх вуліцах, як правіла, ліхтары гараць у пачатку і ў канцы.

Як запэўніў Анатоль Аліеў, з кастрычніка будзе наладжана асвятленне ўсюды. Цяпер электрыку не трэба прыязджаць, каб «запаліць» ліхтары. Ставіцца рэле, якое працуе ў аўтаматычным рэжыме: цямнее — уключаецца электрычнасць, на світанні — выключаецца.

Вядома, на аплату вулічнага асвятлення патрабуюцца значныя сродкі. Іх можна было б выкарыстаць на добраўпарадкаванне. «Але ж і пакінуць сельскіх жыхароў зімой без святла таксама нельга. Нават там, дзе пражывае ўсяго некалькі чалавек», — упэўнены мой суразмоўнік.

Мабыць, кожны з нас памятае 90-я гады мінулага стагоддзя, калі па вечарах у цемень пагружаліся не толькі малыя вёсачкі, але і буйныя населеныя пункты. Проста на гэтыя мэты не прадугледжвалася сродкаў у раённых бюджэтах. З прыняццем Закона «Аб дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартах» сітуацыя змянілася.

Вонкавае асвятленне гарадоў, пасёлкаў і сельскіх населеных пунктаў рэгламентуецца тэхнічным кодэксам «Натуральнае і штучнае асвятленне. Будаўнічыя нормы праектавання» (ТКП 45-2.04-153-2009 (02250)) і пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб мерах па ўкараненні сістэмы дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва рэспублікі» ад 30 мая 2003 года №724.

Паводле прапісаных стандартаў, асвятляцца павінна не менш як 80% плошчы ўсёй вёскі. Калі населены пункт невялікі, то на адной вуліцы ўстанаўліваецца не менш за два ліхтары.

Для зусім маленькіх вёсак прадугледжаны толькі два ліхтары — на ўездзе і на выездзе. У аграгарадках павінны асвятляцца не толькі самі вуліцы, але і тэрыторыя каля ўстаноў культуры, адукацыі, адміністрацыі. Аднак гэтае правіла не заўсёды цалкам выконваецца.

Адказнасць па забеспячэнні і абслугоўванні вулічнага асвятлення ўскладзена на мясцовыя сельвыканкамы. Тэхнічныя пытанні, замена абсталявання, эксплуатацыя — у кампетэнцыі мясцовых раённых электрычных сетак, а рамонтныя работы аплачваюцца мясцовай адміністрацыяй або арганізацыяй, ва ўласнасці якой знаходзяцца сельскія камунікацыі. У выпадку, калі ўзнікаюць нейкія пытанні па рабоце вулічнага асвятлення, жыхары павінны звяртацца ў сельвыканкам, на тэрыторыі якога знаходзіцца населены пункт. Заяўкі рэгіструюцца і накіроўваюцца ў раённыя электрасеткі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.