Вы тут

Добрыя ўстановы адукацыі як прыкмета паспяховага аграгарадка


Звычайна прыгожы, дагледжаны і паспяховы аграгарадок сустракаецца там, дзе ёсць сельгаспрадпрыемства-гігант. Яно, як правіла, не толькі забяспечвае вясковых людзей работай, але і шмат укладвае ў будаўніцтва, добраўпарадкаванне населенага пункта. На Брэстчыне такіх нямала, напрыклад Жамчужны альбо Мір у Баранавіцкім раёне, Астрамечава ў Брэсцкім, Белавежскі ў Камянецкім раёне. А вось Лінова на Пружаншчыне не прывязана да буйнога комплексу, але ўяўляе сабой прыклад аграгарадка, пра які можна сказаць, што ён адбыўся, жыве і развіваецца.


На ўра­чыс­тай лі­ней­цы пры­сут­ні­ча­лі га­на­ро­выя гос­ці.

«Лінова і наваколле»

Ці часта вы чулі пра аграгарадкі, якія маюць свой сайт у сеціве? Калі ласка: lіnоvо.bу. А называецца ён «Лінова і наваколле». Стварыў уласны партал школьны настаўнік інфарматыкі Аляксандр Гук. З дапамогай вучняў і аднадумцаў Аляксандр Іванавіч піша хроніку жыцця сваіх мясцін. І не толькі вясковыя падзеі, мерапрыемствы знаходзяць адлюстраванне на віртуальных старонках. Цэлыя раздзелы прысвечаны гісторыі, прадпрыемствам і ўстановам, якія працуюць у Лінове. А яшчэ сабралася вельмі цікавая падборка пра землякоў — выхадцаў з гэтага краю. Тут можна прачытаць пра герояў вайны і слынных працаўнікоў, пра цікавых людзей — такіх як былая савецкая разведчыца, а цяпер маскоўская пісьменніца Яўгенія Якута і паэт-пчаляр Мікола Папека, які заснаваў уласную мядовую прэмію ды адзначае ёю аўтараў за поспехі ў літаратуры.

Па сутнасці, сайт Аляксандра Гука стаў галоўным вясковым сродкам інфармацыі. Яго наведвальнікамі з'яўляюцца ўсе, хто мае інтэрнэт у доме, і шматлікія выхадцы з Лінова і наваколля. Пра будучыя мерапрыемствы, канцэрты шырокая вясковая грамадскасць інфармуецца найперш праз lіnоvо.bу.

У но­вым кор­пу­се шко­лы.

Грант на культуру

Цікава, што ў Лінове вельмі добра развіваецца самадзейнасць, ёсць свае калектывы. А музычная школа стала своеасаблівым брэндам вёскі. Не жартачкі: тут займаецца 105 вучняў. Пры тым што ў агульнаадукацыйнай школе вучыцца 245 хлопчыкаў і дзяўчатак. Таленавітыя дзеці маюць магчымасць развіваць і ўдасканальваць свае здольнасці.

Зараз у музычнай школе працягваецца рамонт, чаму вельмі рады і выхаванцы, і бацькі, і педагогі. Сама школа размяшчаецца ў будынку Дома культуры. Ён быў узведзены на рубяжы 80—90-х гадоў з савецкім размахам. Цяпер утрымліваць яго вельмі дорага. Велізарныя вокны пачалі прапускаць холад і сталі сапраўднай праблемай.

— Вокны мяняюць на новыя, — маім экскурсаводам выступае старшыня Ліноўскага сельскага Савета Таццяна МАРДАНЬ. — Засталіся апошнія штрыхі, і дзеці вернуцца ў свае ранейшыя класы.

Ліноўцы выйгралі грант у рамках праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Ініцыятыва іх называецца «Дом, у якім жыве культура», сродкі на яе фінансаванне выдзелены Еўрасаюзам па праграме развіцця ААН. Адсюль і новыя вокны не толькі ў музычнай школе, але і ў бібліятэцы. За гэтыя грошы ўдалося таксама ўцяпліць фасад бібліятэкі, у якой апошнім часам мерзлі і супрацоўнікі, і наведвальнікі, абсталяваць залу харэаграфіі, набыць чатыры сцэнічныя касцюмы. Бібліятэкары радуюцца, што традыцыйныя літаратурныя гасцёўні, якія сталі папулярнымі сярод людзей сталага ўзросту, можна будзе праводзіць нават зімой.

Вы­ха­ван­цы сад­ка гу­ля­юць у апе­ра­та­раў хле­ба­пры­ём­на­га прад­пры­ем­ства.

Аптымістычная статыстыка

У Лінове ўжо некалькі гадоў павялічваецца колькасць дзяцей да 18 гадоў, гэта значыць насельніцтва маладзее. Дырэктар мясцовай школы Алена Макарэвіч сказала, што педагогі пастаянна трымаюць у полі зроку пытанне нараджальнасці. Статыстыка ўсяляе аптымізм. Вучняў за наступную пяцігодку не паменшае. Шматдзетных сем'яў становіцца больш. А сёлетняе першае верасня стала асабліва святочным у Лінове. Тут уступіла ў строй новая прыбудова — корпус пачатковай школы з харчовым блокам. На ўрачыстай лінейцы прысутнічаў ганаровы госць — прэм'ер-міністр краіны Андрэй Кабякоў. Цяпер у школе расстаўляюць па кабінетах падарункі, а малодшыя школьнікі асвойваюць новыя ўтульныя прасторныя класы.

Вядома, для многіх сем'яў вырашальным фактарам пры выбары месца жыхарства становіцца наяўнасць добрай установы адукацыі. А тут якраз той выпадак.

Дзіцячы садок, які ўзвялі восем гадоў таму, таксама стаў адной з мясцовых славутасцяў. Відаць, найперш таму, што працуе тут калектыў аднадумцаў-энтузіястаў. Сваю ўстанову педагогі і супрацоўнікі ператварылі ў цэнтр адукацыі і культуры. Ёсць сапраўдны этнаграфічны музей — беларуская хата, майстэрня для юных умельцаў і шмат чаго іншага. Але асабліва цікавым мне падаўся куток прафарыентацыі, у якім любяць гуляць дзеці. Дарослыя стварылі для малых гульнявыя копіі прадпрыемстваў, якія працуюць на тэрыторыі. У некага бацькі занятыя, напрыклад, на Аранчыцкай птушкафабрыцы. І вось вам цэлы канвеер з яйкамі, кураняткамі, курамі-нясушкамі.

Малыя сартуюць яйкі і перасяляюць куранят. Ферму прадстаўляюць выразаныя з фанеры каровы, якіх можна «лячыць», «даіць», «даглядаць». На хлебапрыёмным прадпрыемстве «правяраюць» якасць збожжа, а на пякарні «гатуюць» булачкі.

І выхаванцы старэйшых груп могуць расказаць пра асноўныя цыклы работы. «У гульнявой форме ўсё гэта вельмі добра ўспрымаецца дашкольнікамі, — гаворыць загадчыца садка Святлана Гардзіеўская. — Яны і дома потым шмат пытанняў задаюць бацькам пра іх работу. З гэтага і пачынаецца прафарыентацыя».

Сацыяльны аспект

Да аграгарадка Лінова з насельніцтвам у 1718 чалавек прымыкае вёска Аранчыцы з 825 жыхарамі і чыгуначнай станцыяй. Гэтую тэрыторыю абслугоўваюць восем гандлёвых пунктаў розных формаў уласнасці. Бытавыя паслугі аказвае комплексны прыёмны пункт. Каб абутак парамантаваць альбо зрабіць стрыжку, не трэба ехаць у горад. Аддзяленне банка працуе пяць дзён на тыдзень, плацежны тэрмінал ёсць і на пошце. Ёсць інфакіёск, але няма банкамата. Яго знаходжанне банк палічыў нерэнтабельным, хоць людзі, несумненна, хацелі б мець і банкамат, які можна выкарыстаць нават у выхадныя дні.

Добрыя водгукі давялося чуць пра работу амбулаторыі. Тут прымае не толькі ўрач агульнай практыкі, ёсць свой стаматолаг, па графіку прыязджаюць спецыялісты.

Уладальнік сайта Аляксандр Гук як пастаянны жыхар Лінова хацеў бы, каб больш актыўна праводзіліся работы па добраўпарадкаванні. На яго думку, патрабуе рамонту стадыён. Бо, напрыклад, футбольная каманда «Лінова» нядаўна заваявала прызавое месца ў вобласці, у раёне яны сталі першымі. Колькасць аматараў футбола расце, а ўмовы для трэніровак вымушаюць жадаць лепшага.

— На жаль, пакуль не ўдаецца знайсці спонсара для гэтай справы, — гаворыць старшыня сельскага Савета. — Можа, з часам нешта ўдасца зрабіць. Назіраецца ажыўленне ў сферы прадпрымальніцтва. Вось і нядаўна зарэгістраванае новае прадпрыемства па вырабе матрацаў.

Марыя СЦЕПАНЮК, старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў:

— У раёне зараз зарэгістравана 17 аграгарадкоў. За гады іх узвядзення асваенне інвестыцый склала (у цэнах да дэнамінацыі) амаль 240 мільярдаў рублёў. Крыху больш за палову гэтых грошай укладзена ў вытворчую сферу. Былі ўзведзены і рэканструяваны аб'екты раслінаводства і жывёлагадоўлі. А гэта — умовы працы і новыя рабочыя месцы для жыхароў вёскі.

За гэты ж час добраўпарадкавана 153 кіламетры вуліц і дарог у населеных пунктах, рэканструявана 82 кіламетры сетак электразабеспячэння і 51 кіламетр сетак водазабеспячэння, а таксама ўзведзены кіламетры новых інжынерных камунікацый, паявілася 7 новых артэзіянскіх свідравін, 1 новая станцыя абезжалезвання вады.

Пры будаўніцтве аграгарадкоў быў уведзены ў эксплуатацыю 91 аднакватэрны дом, адрамантаваны дзясяткі школ, магазінаў, дамоў культуры, аддзяленняў паштовай сувязі. Усё названае мае на ўвазе вялікія сродкі і вялікую работу. Цяпер стаіць задача ўсё падтрымліваць у належным стане ды ўдасканальваць. Што і робіцца па меры магчымасці. У тым жа Лінове сёлета праведзена пэўная работа па добраўпарадкаванні вуліц за сродкі раённага бюджэту. А мясцовая ініцыятыва паспрыяла паляпшэнню стану аб'ектаў культуры. Важна задзейнічаць усе магчымасці, прыцягваць розныя крыніцы фінансавання.

Святлана ЯСКЕВІЧ

уасkеvісh@zvіаzdа.bу

Фо­та Ва­ле­рыя Ка­ра­ля

Загаловак у газеце: Задзейнічаць фінансы і магчымасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».