Вы тут

Ці вырашаць аграгарадкі кадравую праблему ў аграпрамысловым комплексе?


Якое пытанне найбольш актуальнае для краіны, дзе вырабляюць высакаякасную сельскагаспадарчую прадукцыю, вядомую ва ўсім свеце? Насамрэч пытанняў заўсёды шмат — вырасціць прадукцыю, гарантаваць харчовую бяспеку, забяспечыць экспартныя пастаўкі... Але не варта забываць, што за кожным цэнтнерам збожжа і літрам малака стаяць людзі, якія працуюць у сельскай мясцовасці. А каб ім працавалася добра, трэба стварыць умовы для работы і вольнага часу. У нашай краіне знайшлі выйсце — стварылі аграгарадкі. Гэта беларускае ноу-хау — невялікі горад з развітой інфраструктурай непасрэдна на месцы вёскі. Наколькі эфектыўная гэта ідэя і якія праблемы яна вырашыла, карэспандэнт МС паспрабаваў ацаніць разам з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Дзмітрыем Гобаравым.


Дзве асноўныя праблемы

Сельская гаспадарка для нашай краіны заўсёды была адным з найбольш прыярытэтных напрамкаў эканамічнага развіцця. Мы практычна поўнасцю забяспечваем сябе прадуктамі харчавання і імпартуем менш за 10% ад усяго аб'ёму прадукцыі. У Беларусі сканцэнтравана 23,4% сусветных пасеваў лёну — сярод 23 вядучых вытворцаў ільновалакна краіна ўваходзіць у першую пяцёрку. Вырошчванне сельскагаспадарчай прадукцыі на душу насельніцтва адпавядае ўзроўню развітых краін і па такіх пазіцыях, як вытворчасць бульбы, цукровых буракоў, мяса, а па малаку перавышае паказчыкі, дасягнутыя ў краінах СНД. У сусветнай вытворчасці малака Беларусь займае сёмую пазіцыю, саступаючы краінам ЕС, ЗША, Індыі, Новай Зеландыі, Аргентыне, Аўстраліі. Дзякуючы гэтаму мы ўваходзім у пяцёрку найбуйнейшых сусветных экспарцёраў малочнай прадукцыі. Таксама ўваходзім у 20 краін-лідараў па экспарце мяса. Але варта заўважыць, што ўсяго пералічанага дасягнуць за год-два немагчыма. Да гэтага ў краіне рыхтаваліся не адну пяцігодку. Былі напісаныя дзясяткі дакументаў, праведзена вялікая работа па стварэнні дзяржпраграм, якія літаральна рэанімавалі сельскую гаспадарку ў пачатку 90-х.

«Але нягледзячы на тэхнічныя магчымасці дзяржавы ў сферы АПК, спрыяльны клімат, глебу, навуковыя распрацоўкі, не варта забываць, што ў першую чаргу ў полі ўсё яшчэ працуюць кваліфікаваныя спецыялісты», — лічыць Дзмітрый Гобараў.

З'яўляючыся практыкам, які працаваў у сельскай гаспадарцы ў часы СССР і пасля яго распаду, ён прайшоў усе стадыі фарміравання АПК краіны і ведае многія яго болевыя кропкі. «Калі я выступаў са справаздачамі па праведзенай рабоце перад кіраўніцтвам, заўсёды адзначаў, што перад спецыялістамі ёсць дзве праблемы: дастойная аплата працы і арганізацыя жыцця. Далёка не ўсе могуць працаваць у гэтай сферы. Далёка не ўсе хочуць «бітвы за ўраджай». Ведаючы і разумеючы гэта, дзяржава ставіць перад сабой важную задачу — стымуляваць стварэнне ўмоў для спецыялістаў сельскай гаспадаркі, каб яны адчувалі сваю запатрабаванасць», — кажа Дзмітрый Гобараў.

Барацьба за супрацоўнікаў

З гэтай мэтай і былі створаны дзяржпраграмы па адраджэнні і развіцці вёскі на 2005—2010 гады, а таксама па ўстойлівым яе развіцці на 2011—2015 гады. Яны добра паўплывалі на рашэнне харчовай праблемы і дазволілі істотна павысіць узровень самазабеспячэння нашай краіны асноўнымі відамі сельскагаспадарчых і харчовых тавараў, а таксама сфарміравалі экспартны патэнцыял. Акрамя таго, згодна з дзяржпраграмай па адраджэнні сяла буйным населеным пунктам прысвоілі статус аграгарадкоў і інвеставалі ў стварэнне на іх тэрыторыі ўсёй неабходнай для жыцця людзей інфраструктуры, якая не саступала б гарадскім умовам. За пяць гадоў пад паняццем «аграгарадок» пачалі разумець добраўпарадкаваны населены пункт, у якім створаны вытворчая і сацыяльная інфраструктуры для забеспячэння сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва і жыхароў прылеглых тэрыторый. Сёння ў краіне больш за 1500 такіх паселішчаў.

«Дзяржпраграма дазволіла стварыць або адрэстаўраваць у буйных населеных пунктах усёй краіны школы, бальніцы, спартыўныя аб'екты, арганізаваць культурны вольны час, правесці водазабеспячэнне, пабудаваць дарогі. Зрабіць гэта стараліся раўнамерна па ўсіх рэгіёнах», — тлумачыць дэпутат. Калі зірнуць на праграму па ўстойлівым развіцці вёскі, то ў ёй ужо стаяла задача паляпшэння створаных аграгарадкоў. У прыярытэце была работа па напаўненні іх неабходнымі аб'ектамі інжынернай інфраструктуры і развіццём існуючых. Вядома, аб'ёмы фінансавання былі абмежаваныя. Не ўсюды зрабілі тое, што хацелася б. Разам з тым мы сёння маем дастаткова развітую інфраструктуру ў больш чым 1,5 тысячы аграгарадкоў. Вынікі такіх праграм ацаніць заўсёды цяжка — колькі людзей, столькі і меркаванняў. Аднак усё гэта зроблена не дарэмна. Можна сказаць, што атрымаўся такі стрымліваючы фактар для моладзі, каб яна не з'язджала ў горад, а магла асесці ў вёсцы і займацца сельскай гаспадаркай.

«Колькасць і якасць спецыялістаў у сферы АПК сёння зніжаецца. Гэтага нельга не ўбачыць. Дастаткова паглядзець на невысокі конкурс у аграпрамысловыя ВНУ краіны. Але каб зацікавіць і захаваць работнікаў у сферы, трэба ствараць для іх неабходныя ўмовы пражывання і працы», — упэўнены Дзмітрый Гобараў.

Кадравая бяспека

На думку нашага суразмоўніка, калі дэфіцыт рабочых рук яшчэ магчыма нівеліраваць за кошт аўтаматызацыі сферы, то якасць ведаў спецыялістаў — не. «Пры гэтым сельскую гаспадарку для краіны захаваць вельмі важна. Мы не здабываем неабходны аб'ём вуглевадародаў і не з'яўляемся турыстычнай мекай, не маем у прамысловых маштабах золата. Нашы перавагі сёння — гэта АПК і машынабудаванне. Ім трэба аддаваць асаблівую ўвагу. Страціць пазіцыі на сусветным рынку лёгка, вярнуць іх назад — вельмі складана», — выказаў сваё меркаванне дэпутат. Разважаючы аб кадравай бяспецы АПК, ён заўважыў, што Брэсцкая і Гродзенская вобласці сёння добра забяспечаны спецыялістамі. На Віцебшчыне і Магілёўшчыне, на яго думку, сітуацыя адваротная. Прычым калі ўлічыць умовы для пражывання і працы, то нельга сказаць, што ў Віцебскай вобласці яны горшыя, чым, скажам, у Гродзенскай. Усё цалкам залежыць ад гаспадарак. Ва ўсіх абласцях ёсць і моцныя, і слабыя арганізацыі. Але падтрымліваць іх вельмі важна.

«Без датацый у АПК мы б сёння не мелі вынікаў па жніве больш чым у 7,5 млн тон збожжа. Але калі выпусціць з-пад увагі будучыню галіны, не ствараць умовы для маладых спецыялістаў, то можна шмат што страціць», — рэзюмаваў Дзмітрый Гобараў.

З некаторай упэўненасцю можна сказаць, што праблема з жыллём на вёсцы сёння вырашана. У многіх аграгарадках будавалі яго нават з запасам — для будучых спецыялістаў. А вось на пытанне зацікаўленасці працай у гэтай сферы яшчэ трэба будзе адказаць. Бо ад яго залежыць наша харчовая бяспека.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Горад у сельскай мясцовасці

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.