Учора кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка прысвяціў дзве рабочыя сустрэчы развіццю прадпрымальніцтва. Нагадаем, на мінулым тыдні Прэзідэнт ужо займаўся гэтай тэматыкай.
Акуратная прыватызацыя і самарэгуляванне
З міністрам эканомікі Уладзімірам Зіноўскім кіраўнік краіны абмеркаваў тры праекты ўказаў Прэзідэнта. Першы датычыўся ўдасканалення рамесніцтва, другі — рэгулявання адносін у сферы аграэкатурызму, трэці быў прысвечаны ўмацаванню механізмаў самарэгулявання бізнесу.
Гаворачы пра пашырэнне відаў рамесніцкай дзейнасці і ўвогуле пра гэты дакумент, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на наступны нюанс. Так, для таго каб забяспечыць рамеснікаў памяшканнямі для заняткаў гэтай дзейнасцю, прадугледжваецца магчымасць перадачы ім невыкарыстоўваемай маёмасці, што знаходзіцца ў рэспубліканскай або камунальнай уласнасці. Памяшканні прапануецца перадаваць у бязвыплатнае карыстанне, а па праходжанні трох гадоў магчымы продаж памяшкання рамесніку па цане, роўнай адной базавай велічыні.
— Мяне асабліва насцярожвае, калі вы вось так свабодна імкняцеся за нейкую адну базавую велічыню дзяржаўную ўласнасць некаму перадаць — нібыта ў нас ёсць праблемы з прыняццем падобных рашэнняў, — прызнаўся кіраўнік дзяржавы. — Думаю, нам нельга разбазарваць дзяржаўную ўласнасць. Трэба вельмі акуратна ставіцца да прыватызацыі — гэта фактычна прыватызацыя — дзяржаўнай уласнасці. І нельга яе дзяліць на дарагую, танную, вялікую, малую — гэта створана народам, і тут нам трэба быць вельмі акуратнымі і асцярожнымі.
Другі нарматыўна-прававы акт, які разглядаўся падчас рабочай сустрэчы, — развіццё аграэкатурызму.
У аграсядзібах забаранялася праводзіць банкеты, вяселлі. Зараз жа прапануецца прыбраць гэтыя абмежаванні.
— Калі людзям там зручна правесці дзень нараджэння або вяселле — няхай праводзяць, — аргументаваў Аляксандр Лукашэнка.
Самарэгуляванне бізнесу — асобная тэма.
— Галоўнае — адказнасць бізнесу, — падкрэсліў беларускі лідар. — Мы фактычна здымаем усе бар'еры, якія, можа, недзе і павінны быць і якія ва ўсім свеце маюцца. Мы іх здымаем. З іншага боку — я патрабаваў гэтага — самая жорсткая адказнасць бізнесменаў, кіраўнікоў кампаній за рэзультат, за тое, што адбываецца ў іх на фірме і ў кампаніі. Дапусціў нейкія пралікі, не дай бог, загінулі людзі — прама скажу: збірайся і ідзі ў турму. А як інакш? Дарэчы, бізнесмены — я з многімі сустракаўся і размаўляў — цалкам правільна гэта разумеюць і, наадварот, мяне ўжо многія папярэджваюць: «Глядзіце, не сыдзіце ад кантролю за намі».
Па словах кіраўніка дзяржавы, у любым выпадку ў краіне павінен быць парадак:
— Каб не згубіць кіруемасць у эканоміцы, не справакаваць у краіне бардак — кантроль павінен быць. Я супраць лішняга кантролю, трэба пакінуць тыя кантрольныя функцыі, якія патрэбны дзяржаве.
— Вы — галоўны адказны за гэтыя нарматыўна-прававыя акты — тры іх сёння, — папярэдзіў Прэзідэнт Уладзіміра Зіноўскага. — Як і тыя міністры, якія мне дакладвалі на мінулым тыдні. Я іх папярэдзіў катэгарычна: за гэту прапанову вы несяце персанальную адказнасць. Не дай бог мы нагарадзілі тут нейкіх нормаў, якія не дадуць выніку.
Прэзідэнт падкрэсліў: гэтага быць не павінна, нам не трэба нікому пускаць пыл у вочы.
— Павінны быць дзейсныя нормы, якія ўжо сёння наспелі для прыняцця, або нормы, што здымаюць існуючыя бар'еры. Дакументы павінны быць жывыя і дзейсныя, — упэўнены кіраўнік дзяржавы.
Без цяжкіх штрафаў
Падчас рабочай сустрэчы з Вадзімам Іпатавым, дырэктарам Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, абмяркоўваўся праект закона, што ўносіць змены і дапаўненні ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Ён таксама падрыхтаваны ў рамках пакета дакументаў, што накіраваны на развіццё прадпрымальніцтва і стымуляванне дзелавой актыўнасці насельніцтва.
— Пры выпрацоўцы нарматыўна-прававых актаў па змене дзейнасці нашых бізнесменаў, паляпшэнні ўмоў іх жыцця і працы былі скаргі на тое, што ў нас непамерна цяжкія штрафы і адміністрацыйныя пакаранні, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Вы прапануеце гэтыя штрафы істотна паменшыць па пэўных артыкулах — вы даложыце, па якіх.
Дакумент скарачае сферу прымянення практыкі канфіскацыі маёмасці і замацоўвае ўмовы прыцягнення суб'ектаў гаспадарання да адміністрацыйнай адказнасці. Акрамя гэтага, прапануецца таксама выключэнне з заканадаўства шэрагу не запатрабаваных практыкай парушэнняў.
У тэму
Уладзімір Зіноўскі, міністр эканомікі:
— Што да ўказа кіраўніка дзяржавы па рамесніцкай дзейнасці, то там ёсць шэраг навел, якія дапамогуць узмацніць, палепшыць работу рамеснікаў. Пашыраны віды дзейнасці, якой могуць займацца рамеснікі, — гэта, дарэчы, людзі, якія ў асноўным (каля 80%) пражываюць у сельскай мясцовасці. Некаторыя з іх не могуць займацца фізічнай працай у поўнай меры — пенсіянеры; жанчыны, што выхоўваюць дзяцей; інваліды... Гэта ў нейкай меры нават сацыяльны праект.
Вадзім Іпатаў, дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, расказаў, што прыняцце законапраекта, які ён абараняў перад кіраўніком дзяржавы, сыграе станоўчую ролю ў паляпшэнні бізнес-клімату.
— Прэзідэнт падкрэсліў важнасць гэтага дакумента і вызначыў асноўны пасыл, які павінен выконвацца пры далейшай рабоце са згаданым праектам. Гэта баланс інтарэсаў дзяржавы і грамадства. Значыць, адміністрацыйная адказнасць павінна быць жорсткай, непазбежнай, але справядлівай.
Надзея ЮШКЕВІЧ
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».