Вы тут

Паліна Воранава: “Адзенне дапамагае гарманізаваць жыццё”


Куцюр'е модных дамоў Парыжа, Мілана, Лондана сёння відавочна аддаюць перавагу натуральным тканінам. Шыкоўныя рэчы з лёну, бавоўны, шоўку з'яўляюцца сапраўднымі пярлінамі многіх апошніх калекцый. А беларускім мадэльерам працаваць з лёнам, як кажуць, наканавана продкамі: матывы льнянога адзення прысутнічаюць на кераміцы, знойдзенай на стаянках Панямоння часоў позняга неаліту. Ва ўтульнай майстэрні мы сустрэліся з дызайнерам Палінай ВОРАНАВАЙ, якая са сваёй сяброўкай Ларысай Атаманавай стварае адзенне пад брэндам Historia Naturalis.


– Ваша назва вельмі красамоўная, гаворыць сама за сябе!

– Падчас вучобы ў Беларускай акадэміі мастацтваў у мяне, як і ў большасці студэнтаў, былі доўгія творчыя пошукі, сумненні. Хацелася ствараць штосьці адметнае. Звязаць нітачкай мінулае і сучаснасць, адлюстраваць у сваіх калекцыях нацыянальнае, аўтэнтычнае. Але з чаго пачаць?

Аднойчы на занятках нас знаёмілі з беларускім народным строем. Ён, як вядома, цалкам зроблены з натуральных тканін. Сумневаў больш не засталося – вось тое ідэальнае рашэнне, якое дорыць сама прырода!

– За дзесяць гадоў існавання вашага брэнда не надакучыла працаваць з аднымі і тымі ж матэрыяламі?

– Лён, бавоўна адкрываюць вялікую прастору для дызайнерскіх пошукаў і задумак. Вельмі цікава назіраць за канчатковым вынікам пасля апрацоўкі палатна. Уяўляеце, тонкі лён робіцца струменістым, паветраным, нібы шоўк.

У даўніну для афарбоўкі тканін гаспадыні выкарыстоўвалі настоі з траў, кары, лісцяў. Мы спрасцілі сабе задачу. Розныя каляровыя адценні атрымліваем з экалагічных парашковых фарбавальнікаў. Спрагназаваць загадзя, які дакладна атрымаецца колер, вельмі цяжка, таму мы заўсёды эксперыментуем і з нецярпеннем чакаем вынік.

З экранаў тэлевізараў, са старонак модных часопісаў нам навязваюць шматлікія (у большым выпадку непатрэбныя) рэчы не самай высокай якасці і гатунку. Таму дарэчы перафразаваць вядомае выказванне філосафа Феербаха: “Чалавек ёсць тое, што ён апранае”. Наша адзенне павінна быць не толькі модным, але і якасным, служыць нашаму здароўю.

– Многія не хочуць купляць адзенне з лёну, бо яно вельмі камячыцца, яго цяжка прасаваць…

– Ой, гэта прыдумкі! Усе рэчы камячуцца. Вядома, натуральныя тканіны патрабуюць большага, чым сінтэтыка, догляду за сабой. Але давайце паглядзім з іншага боку: сёння многія дызайнеры адмыслова ўносяць у свае мадэлі лёгкую нядбайнасць. Некалькі заломінак на сукенцы або блузцы не зашкодзяць ні вашаму вобразу, ні вашай прафесійнай годнасці. Аднак як лёгка будзе дыхацца вашаму целу!

Дарэчы, зараз экаадзенне ўсё часцей набываюць для працы ў офісе. Прычым не толькі жанчыны. Мужчыны таксама з задавальненнем носяць ільняныя кашулі. Між іншым, яны з’яўляюцца выдатным тэрмарэгулятарам. Летам ільняныя рэчы ствараюць адчуванне прахалоды, а зімой, наадварот, саграваюць. У дабавак вырабы з лёну не электрызуюцца, не расцягваюцца, не губляюць колеру.

А ці ведаеце вы, што ў хімічна неапрацаваным лёне ёсць крэмній і селен, якія “супакойваюць” наш арганізм, памяншаюць раздражнёнасць і ўсхваляванасць?

Урокі латыні

– У вашага адзення ўсё ж такі адмысловая назва. Як яна нарадзілася?

– Не паверыце, але спачатку я хацела назваць брэнд “Пудзіла” (тое ж, што і чучала). Прыемныя ўспаміны з дзяцінства: “пудзілка” -- так ласкава клікалі мяне бацькі. Але акурат падчас роздумаў мне ў рукі трапіла старажытная энцыклапедыя прыродазнаўства Historia Naturalis (натуральная гісторыя). Кніга была напісаная ў XVI стагоддзі на латыні. У той час веды не былі строга падзеленыя на навукі і зліваліся ў адзіную канцэпцыю, якая тлумачыла з’явы сусвету.

Кожны новы “модны сезон”, перш чым узяцца за стварэнне новай калекцыі, мы з Ларысай гартаем старонкі гэтай старажытнай кнігі, разглядаем мудрагелістыя малюнкі. Адным словам, натхняемся.

– Historia Naturalis – творчы дуэт. Як вы размяркоўваеце “працоўныя” ролі?

– З Ларысай мы пазнаёміліся ў Акадэміі мастацтваў. Пасля другога курса зразумелі, што глядзім на моду і творчасць у адным кірунку. У нас поўнае паразуменне. Часам я пачынаю апісваць сілуэт адзення, яго колер, але мазаіка не складваецца, бо не хапае асобных дэталяў. Тады на дапамогу прыходзіць Ларыса. І нараджаецца поўнавартасны, завершаны вобраз.

– Творчасць якіх дызайнераў вас уражвае, натхняе?

– У модным свеце шмат крэатыўных і таленавітых асоб. Апошнім часам мне вельмі імпануе італьянец Алессандра Мікеле, не так даўно ён запрошаны на пасаду крэатыўнага дырэктара ў модны дом Gucci. “Мода стварае нам эмоцыі, але яна не павінна быць лёгка вытлумачальнай”, – заявіў Мікеле ў інтэрв'ю. Адзенне Gucci  стала больш артыстычным, яркім і выразным, пры тым размываюцца межы мужнасці і жаноцкасці, і на першы план выходзяць маладая энергія, самадастатковасць, свабодалюбства. Ён апрануў мужчын у шоўкавыя блузы. Смела. Дзёрзка.

– Скажыце, калі ласка, дзе можна заказаць вопратку HN?

– Прымерыць і набыць нашы рэчы можна на модных маркетах, што ладзяцца ў Мінску. У нас таксама ёсць невялічкая майстэрня. Мы заўсёды рады гасцям! У хуткім часе запрацуе інтэрнэт-крама. Марым, што аднойчы ў нас з’явіцца вялікі шоу-рум, дзе мы зможам прадставіць экаадзенне для жанчын, мужчын, дзяцей, вясельныя ўборы.

Кліенты ў нас вельмі розныя, але іх аб’ядноўвае імкненне да гармоніі з навакольным светам, свабода самавыяўлення. Цешыць, што наша адзенне дапамагае людзям знайсці шлях да еднасці з прыродай і сваім унутраным светам. Увогуле, адзенне дапамагае нам гарманізаваць наша жыццё.

Па матывах даўніны

– На апошнім Беларускім тыдні моды вы атрымалі Гран-пры конкурса “Fashion Aids Line”. Умовы былі не простыя – ствараць арыгінальны строй, выкарыстоўваючы чырвоную стужку – міжнародны сімвал барацьбы са СНІДам.

– Над заданнем працавалі не адзін месяц. Рашэнне нам зноў “падказаў” традыцыйны беларускі касцюм. Нашы продкі верылі, што пояс, намітка, аздобленыя арнаментам, аберагаюць ад бяды і ліха. Акрамя ўсяго, мы правялі паралель паміж чырвонай стужкай і слуцкім поясам. Адмысловая тэхніка беларускага ручнога ткацтва другой паловы XVIII стагоддзя – унікальная з'ява сусветнай і нацыянальнай мастацкай культуры. Сукенку, якую мы прадстаўлялі на конкурсе, ахінае доўгі пояс з традыцыйным для слуцкіх паясоў кветкава-раслінным арнаментам. Выразна прасочваюцца светлы і цёмны бакі, што набывае сімвалічнае значэнне ў балючай тэме барацьбы са СНІДам.

У наступным годзе мы плануем паказаць гэтую мадэль на міжнароднай канферэнцыі па ВІЧ у Маскве, дзе таксама паўдзельнічаем у майстар-класе вядомых заканадаўцаў сусветнай моды Вікторыі Бэкхэм або Кэнэт Коўл.

Фота прадстаўлена майстэрняй Historia Naturalis.

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.