Вы тут

Кава ад Шапэна, або Самы час збіраць жалуды


За смугою часу застаюцца не толькі гістарычныя падзеі, але і традыцыі, звычаі, рэцэпты страў ды напояў. Пані «Глабалізацыя» навязвае нам свае стандарты харчавання і дыктуе, што трэба піць ды есці. Але ж час ад часу вельмі карысна зрабіць невялічкі экскурс у «гастранамічнае» мінулае, нават і не ў надта далёкае.


Так, людзі сталага веку, напэўна, чулі пра смачную і карысную жалудовую каву, хтосьці, можа, нават памятае яшчэ яе чароўны водар, але для сучаснага пакалення гэта дакладна пусты гук. А тым не менш напой з жалудоў (або «жалудоўка») зусім невыпадкова быў у пашане ў нашых продкаў на працягу многіх стагоддзяў. Дый што ў продкаў, сам Шапэн, па сведчаннях ягоных сучаснікаў, ставіўся да «Żołędzіówkę» з вялікім піетэтам. Людзі даўно заўважылі, што танізавальны напой з жалудоў станоўча ўплывае на здароўе, а сучасныя вучоныя высветлілі: «жалудоўка» ўвогуле валодае ўнікальнымі якасцямі, з'яўляючыся крыніцай шматлікіх вітамінаў і мінералаў. Дарэчы, у адрозненне ад традыцыйнай кавы яна не вымывае з арганізма той жа магній, а, наадварот, забяспечвае ім спажыўца. Адсутнасць кафеіну ў «жалудоўцы» дазваляе частавацца гэтым напоем цяжарным жанчынам, дзецям і тым, каму па медыцынскіх паказаннях забаронена ўжыванне звычайнай кавы.

Адным словам, верасень — самы час, калі трэба ісці не толькі ў грыбы, але і ў жалуды. Вядома ж, трэба збіраць толькі здаровыя, не пашкоджаныя казуркамі жалудочкі. Ну, а далей застанецца толькі ачысціць іх ад шкарлупінак, здрабніць у кавамолцы і абсмажыць атрыманую масу на патэльні. Заварваюць «жалудоўку» гэтак жа, як і звычайную каву. Для прыгатавання аднаго кубачка напою дастаткова адной-дзвюх чайных лыжачак жалудовага парашку.

Наталля РУЖЫЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.