Вы тут

Біблейскі сюжэт разгарнуўся ў межах аднаго дома ў фільме Аранофскі


У асвістаным на Венецыянскім кінафестывалі фільме «мама!» рэжысёр Дарэн Аранофскі стварыў уласную версію сусвету ў яго біблейскім варыянце. Адасоблены дом, вакол некранутая прырода, цішыня ды супакой, а ўнутры — муж з жонкай, то-бок Творца і Муза, да якіх аднойчы завітвае госць, — першы прадстаўнік чалавецтва. Толькі ўвесь гэты свет — Бог, Адам і Ева, забойства Авеля, смерць Божага сына, апантанасць, пакланенне, хцівасць (іх можна прызнаць у карціне Аранофскі) — аказваюцца жудаснымі. Сюжэты, якія мы прызвычаіліся ўспрымаць ці то як легенду, ці то як праўду, але вельмі далёкую і нас недатычную, цяпер інтэрпрэтуюцца на пачуццёвым узроўні. І гэта страшна.


 

У доме, вакол якога не бачна праяў чалавечай прысутнасці, можна сказаць, тры жыхары — муж у выкананні Хаўера Бардэма, жонка, якую сыграла Джэніфер Лоўрэнс, і каханне (любоў) у тым ліку ў фізічным увасабленні — у выглядзе надзвычайнага дыямента. Імёнаў няма, муж займаецца напісаннем паэмы, жонка — рамонтам дома, які пасля пажару адбудавала ўласнымі рукамі. Аднойчы да іх завітвае нечаканы госць, незнаёмец, якога гаспадар гасцінна прымае. Да госця далучаецца яго жонка, а потым два іх сыны, што ўжо стварае адсылку да Бібліі (першых людзей на зямлі) і першае фатальнае ўмяшанне чужых у створаны гераіняй утульны свет. Гэта толькі пачатак, але па сэрцу ўжо скрабе неахайнасць, нахабнасць, эгаістычнасць гасцей і пакуты галоўнай гераіні ад бесцырымоннага абыходжання з яе домам (а гэта, на хвіліначку, адсылка на ўсіх нас у сваіх паводзінах у божым свеце).

Асноватворны «эпас» мы бачым менавіта праз жанчыну — гаспадыню з доўгай касой, у піжамнага тыпу адзенні, якая толькі і робіць, што гатуе, прыбірае і займаецца рамонтам (не тое што яе муж — Творца, вялікі паэт!). Дарэчы, у Дарэна Аранофскі — аўтара «Рэквіема па мары», «Рэстлера» і «Чорнага лебедзя» — падчас здымак карціны завязаліся адносіны з выканальніцай галоўнай ролі Джэніфер Лоўрэнс. Пакуль мы бачым у гераіні прасцячку, што клапоціцца пра каханага мужа і адбудаваны дом, глядзім на яе паблажліва. Але прыйдзе момант, калі Лоўрэнс стане відавочным увасабленнем Божай маці (апроч гэтага музы і ў прынцыпе жанчыны) з яе самаахвярнасцю, надзвычайнымі пакутамі і ключавой роллю ў схеме існавання Сусвету.

Жанчына ў Бібліі Аранофскі трапляе ў пераплёт: кахае мужчыну, які карыстаецца яе любоўю, будуе ўмовы для мужа, становіцца музай і маці. Біблейскія сюжэты яе вачыма бачацца агіднымі, толькі тут мы ўсведамляем, што, напрыклад, Божы дазвол забіць свайго сына — гэта насамрэч сюжэт для гратэскнага, псіхадэлічнага трылера. Уласна ў сваім імкненні абараніць дом галоўнай гераіні прыйдзецца супрацьстаяць цэламу свету і ў выніку па-біблейску прынесці сябе ў ахвяру, захаваўшы асноватворнае каханне да мужа.

Амбіцыі Дарэна Аранофскі былі прадказальныя. Зразумела, што ціхім домам, па-за межы якога дзеянне фільма не выходзіць, рэжысёр не абмяжуецца. Але каб стварыць нешта звышнатуральнае, яму не трэба пашыраць прастору геаграфічна: ён здолеў напісаць новую Біблію (альбо стварыў карціну па матывах) і развіў яе падзеі ў межах аднаго збудавання. І калі б тут была толькі Біблія! Спасылкі на міфалогію (адносіны паміж Творцам і яго Музай), ваенныя падзеі ў сучасных зонах канфлікту, гістарычнае, надзённае і мастацкае — усё змяшалася ў гэтай прасторы.

Абсурднасць фільма «мама!» ідзе па нарастаючай, дзіўна бачыць першародны грэх, смерць Авеля, нараджэнне Божага сына ў антуражы звычайнага, чалавечага, сучаснага. Глабальнасць быццам нівелюецца, затое гэты метад дазваляе паглядзець на гісторыі са свяшчэннай кнігі з іншага боку. І, трэба сказаць, пакуль мы бачым сюжэт праз жанчыну, свет якой патроху разбураецца, фільм не адпускае і не дазваляе паглядзець на гадзіннік. Затое Божая любоў раптам набывае іншы налёт; словы пра тое, што людзям трэба дараваць забойства сына, выглядаюць ідыятычнымі; адносіны паміж Богам і веруючымі параўноўваюцца з таленавітым паэтам і яго фанатамі.

Нягледзячы на жудаснасць самога фільма, калі пакапацца — выяўляецца, што Аранофскі заклаў у карціну нехілы гумарыстычны падмурак. І хоць у карціне «мама!» сэрца, што кахае, становіцца надзвычайнай прыгажосці жыватворным алмазам (ну што за банальнасць!), у хітраспляценнях і інтэрпрэтацыях Аранофскі сапраўды цікава разбірацца.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Жанчына трапіла ў пераплёт

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна. 

Культура

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Балканскія краіны паўсталі перад гледачом з іх надзённым.

Эканоміка

Новыя жыллёвыя ўмовы. Абараніць уласнікаў, спажыўцоў і пастаўшчыкоў паслуг

Новыя жыллёвыя ўмовы. Абараніць уласнікаў, спажыўцоў і пастаўшчыкоў паслуг

Пра новаўвядзенні, якія дэпутаты мусяць разгледзець на вясновай сесіі.