Вы тут

Юрый Гільдзюк пра тое, як беларусы размаўляюць на мове сусвету


Сёлета да Беларускай дзяржаўнай філармоніі прыкаваная асаблівая ўвага: ужо 80 гадоў установа аб’ядноўвае пад сваім дахам безліч музыкантаў, нягледзячы на тое, што ў пачатку шляху ў яе не было нават уласнага будынка. Зараз тут ладзяцца самыя гучныя музычныя фестывалі, выступаюць вядомыя беларускія і замежныя кампазітары, захоўваюцца традыцыі фальклорнага гучання нашай песні. Мастацкі кіраўнік Белдзяржфілармоніі Юрый Гільдзюк распавёў пра гастрольнае жыццё музыкантаў, беларускіх віртуозаў і зваротную сувязь са слухачамі.


— Юрый Мікалаевіч, вы неаднойчы казалі, што філармоній у такім сэнсе, як наша, засталося не так шмат. Што маецца на ўвазе?

— Філармонія — гэта садружнасць кампазітара, выканаўцы і слухача. Мне падаецца, без гэтых трох кітоў не можа сфарміравацца прастора, у якой гучала б класічная музыка. Зараз філармоніі ва ўсім свеце працуюць як пракат, яны проста запрашаюць музыкантаў. А мы ледзьве не адзіная ўстанова, якая мае ўласных выканаўцаў. Так, у некаторых фiлармонiях, напрыклад у Маскоўскай i Санкт-Пецярбургскай, icнуюць чыста сімфанічныя калектывы, ды ў некаторых iншых на постсавецкай прасторы, а больш я такіх выпадкаў не ведаю. А ў нашай філармоніі захаваўся і фальклор, і дзіцячая музыка, камерныя калектывы і маладыя выканаўцы — больш за 70 лаўрэатаў музычных конкурсаў.

— Як часта можна пачуць на вялікай сцэне беларускую музыку? Вядома, што на малой сцэне заўсёды выступаюць айчынныя музыканты.

— Прыярытэт беларускіх музыкантаў на абедзвюх сцэнах у нас амаль аднолькавы — 100-працэнтны. Вялікая сцэна наогул належыць беларускім калектывам, а што датычыцца музыкі айчынных кампазітараў, то яе таксама хапае. У філармоніі выконваецца ўсё новае, што з’яўляецца ў беларускай музыцы. Мы ведаем не толькі пра значныя падзеі, юбілеі ці пленумы Саюза кампазітараў, але падтрымліваем кантакты ўласна з музыкамі. Не хочацца наогул казаць пра беларускую музыку ў працэнтных суадносінах з міжнароднай класікай, але сусветная музычная культура, безумоўна, патрабуе выканання вялікіх Моцарта, Чайкоўскага, Шапэна і Брамса... Без гэтага, я лічу, філарманічнага мастацтва не было б. У вялізнай сусветнай музычнай прасторы часам падаецца, што беларускай музыкі гучыць вельмі мала, але гэта не так — мы спрыяем таму, каб выконвалася ўсё, а глядач ішоў не толькі на міжнародную класіку, але і на айчынную.

Сезон, які мы хутка адкрыем, будзе юбілейным не толькі для філармоніі, — нагадаем пра 80-гадовы юбілей сімфанічнага і акадэмічнага кампазітара Дзмітрыя Смольскага, таму абавязкова будзе яго канцэрт. Варта ўзгадаць юбілеі Сяргея Бельцюкова, Віктара Войціка, Андрэя Мдзiванi. Акрамя таго, Нацыянальны аркестр імя Жыновіча рыхтуе прэм’еры айчынных аўтараў. Канстанцін Яськоў працягне супрацоўніцтва з філармоніяй i Дзяржаўным камерным аркестрам, ён заўсёды гатовы да сутворчасці з намі. Не думаю, што беларускія кампазітары могуць крыўдзіцца ці лічыць сябе абдзеленымі, але сама філармонія патрабуе да сябе большай увагі з боку музыкаў і грамадства.

— Вы адзначалі, што ў філармонію прыходзяць лісты, дзе слухачы просяць арганізаваць пэўныя канцэрты. Як трымаеце зваротную сувязь з аўдыторыяй?

— Мы шчыльна працуем з нашым слухачом. Вядома, чытаем лісты, якія дасылаюць! Слухач задае актуальныя пытанні: пра беларускую мову, пра айчынную музыку і маладых кампазітараў. Філармонія заўсёды ўважліва вывучае лісты ад слухачоў і дае адказы, бо менавіта для аўдыторыі мы і існуем. Зваротная сувязь — важны бок працы і для нашых калектываў, таму мы звяртаем увагу на водгукі, і калі б папрасілі арганізаваць канцэрт кагосьці з беларускіх кампазітараў, то паспрабавалі б гэта зрабіць!

— Як мастацкі кіраўнік вы ведаеце, як складаецца канцэртная праграма. Ці ўплывае на выбар твораў сам музыкант?

— Выбар праграмы — справа выканаўцы. Калі вывучаецца нешта новае, то для слухача гэта неабходна рэкамендаваць, але, вядома, мы ўлічваем шматлікія фактары. Напрыклад, ставім у праграму тое, што даўно не гучала: вось я засумаваў па сімфоніях Бетховена і Брамса… Мы шчыльна працуем з мастацкімі кіраўнікамі калектываў і вырашаем разам, як скласці праграму так, каб яна спадабалася і аўдыторыі, і выканаўцам. Звычайна праграма ў нас сфарміраваная загадзя, але калі хтосьці з кампазітараў напіша нешта актуальнае і цікавае, то мы абавязкова ўключаем у канцэрты і іх. Зараз шмат свежых музычных кампазіцый, прысвечаных Купалу і Коласу, — як жа без такіх твораў?!

Да таго ж мы супрацоўнічаем з Акадэміяй музыкі, Саюзам музычных дзеячаў, Міністэрствам культуры. Менавіта так і адсочваюцца новыя творы. Часам эксклюзіўна выконваем штосьці першымі. Ёсць кампазітарскі жарт, што музыка можа гучаць толькі 2 разы: першы і апошні. А я лічу, што добрая музыка павінна гучаць заўсёды, таму некалькі разоў на год праслухоўваецца ўсё новае. Акрамя таго, трэба камунікаваць з кампазітарамі асабіста: я заўсёды ведаю, калі хтосьці нешта піша ці яшчэ толькі рыхтуецца напісаць. За маладымі музыкантамі таксама сачу, часам яны бываюць нават больш актыўнымі і прыносяць у філармонію яркія і моцныя сачыненні.

— Чым адметная сучасная беларуская музыка?

— Дакладна магу сказаць, што «адсейваць» музыку нельга, бо любое сачыненне кампазітара вартае ўвагі. Кажучы пра беларускую музыку, я б адзначыў, што ёсць нацыянальныя асаблівасці музычнай культуры, але ж гэта, у першую чаргу, мова планеты. Гэта тая мова, для якой не патрэбны перакладчык, бо зразумела, пра што гаворка. Беларуская музыка мае свае карані, якія часам зліваюцца з уплывам еўрапейскай культуры, але вельмі адчуваецца славянская культура. Дарэчы, цікавасць да народнай музыкі сёння павялічылася, бо гэта даступна, папулярна і блізка нашаму менталітэту.

— Філармонія — гэта дом для многіх музычных калектываў, а ваша справа — іх падтрымліваць. У чым гэта выяўляецца?

— Вядома, мы падтрымліваем кожны калектыў, але тут ёсць адна асаблівасць. Я перакананы, што поспеху не можа быць без таленавітага лідара, чалавека, які аддае сябе калектыву цалкам. Калі Асоба кіруе творчымі людзьмі, а гэта Анісімаў, Бушкоў, Яфімава, Казінец, то музыканты ў добрых руках, і яны абавязкова будуць падтрыманыя. Я ўпэўнены, што чуласць кіраўніка да тэндэнцый у музыцы, да густу слухача і зменаў у культуры вядзе не толькі да ўдасканалення калектыву, але і да развіцця музычнай экасістэмы наогул. Кожны калектыў — гэта яшчэ і творчая лабараторыя, а справа філармоніі тут — у дапамозе, прапагандзе творчасці для новай аўдыторыі, рэкамендацыі музыкантаў да ўдзелу ў фестывалях і канцэртах. Беларусь ведаюць не толькі па сімвалах, але і па музыцы: візітоўкай краіны ўжо даўно сталі некаторыя нашы калектывы кшталту сімфанічнага і камернага аркестраў… Яны праехалі амаль увесь свет, а філармонія — гэта іх калыска, яны нарадзіліся тут, а зараз знаёмяць свет з беларускай культурай.

— Як выбіраюць калектывы для замежных выступленняў?

— Музыкі ўсяго свету ведаюць, што неабходна ім і слухачам, таму калі плануюцца гастролі, то часцей за ўсё іх запрашаюць, бо ведаюць прафесійныя якасці. Здараецца, што нават праграму прапаноўваюць, а часам і мы складаем спіс кампазіцый, у якія ўключаем і штосьці з беларускай музыкі. Не сакрэт, што нашыя музыкі вядомыя ў замежжы: Аляксандр Анісімаў працаваў у Ірландыі, Францыі, краінах Азіі. Дарэчы, беларускія музыканты зараз карыстаюцца неверагоднай папулярнасцю ў Кітаі.

— У творчай сферы цяпер назіраецца тэндэнцыя адтоку кадраў. Ці знаёмая яна філармоніі?

— Так, калі вялікая краіна СССР падзялілася на кавалкі, пайшоў адток творчай інтэлігенцыі. Мы сутыкнуліся тады з вялікай праблемай, бо з сімфанічнага аркестра адначасова сышлі 39 чалавек, якія ў выніку з’ехалі. Зараз нас ратуе Акадэмія музыкі: мы супрацоўнічаем з гэтай установай, прапаноўваем маладым музыкам пляцоўкі для выступленняў і, вядома, заахвочваем працаваць з намі. Мы ведаем, якія кадры нам патрэбныя ці спатрэбяцца, таму склалі праграму, якую і дапамогуць выканаць Акадэмія музыкі, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры — менавіта адтуль прыйдуць маладыя музыканты. Безумоўна, музыканты хочуць працаваць там, дзе яны сапраўды запатрабаваныя, а гэта Расія, Еўропа, Амерыка... Людзі з’язджаюць, але штогод у Беларусі знаходзіцца таленавітая моладзь, якая прыходзіць у філармонію нам на змену.

 — Вы запрашаеце на выступленні беларускіх музыкантаў, якія з’ехалі за мяжу. Як заахвоціць іх застацца ў Беларусі?

— Магу сказаць, што гэта нашы музыканты! Так, ледзьве не ў кожнай краіне можна знайсці беларускіх кампазітараў і выканаўцаў. Многія з іх у Германіі, Францыі, Кітаі, і заўсёды прыемна бачыць іх на беларускай сцэне, бо яны былі выхаваныя і адукаваныя тут, атрымалі загартоўку беларускай музычнай школы. Да таго ж яны нясуць у свет беларускую музыку, якая, канечне, у іх інтэрпрэтацыях знайшла адценні тых дзяржаў, дзе яны жывуць. З усімі мы падтрымліваем сувязь, бо ва ўсіх гэтых людзях — нашая ідэя. Многія з такіх музыкантаў часта думаюць, як прыехаць у Беларусь і выступіць на роднай сцэне. Як захаваць гэтых спецыялістаў на Радзіме? Самы відавочны адказ бачу ў тым, што трэба павялічыць кошт іх працы. Безумоўна, мы думаем пра гэта пастаянна, спрабуем ствараць тыя ўмовы, якія паўплывалі б на жаданне маладых музыкантаў застацца ў сваёй краіне.

— Як філармонія знаходзіць падрыхтаванага слухача? Ці вы рыхтуеце аўдыторыю самі?

— Цягам 34 сезонаў я працую мастацкім кіраўніком філармоніі, і штораз мы пачынаем з таго, што слухаем спецыялістаў, якія працуюць у філармоніі для дзяцей і юнацтва. Я ўзгадаў пра гэта таму, што гэта асаблівы кірунак нашай працы, бо музычнае выхаванне ў садках і школах, дзе выступаюць нашы музыканты, накіраванае на тое, каб заняткі прайшлі не толькі пазнавальна, але і зацікавілі маладое пакаленне музыкай. Такім спосабам мы выхавалі не адно пакаленне маленькіх аматараў музыкі, а гэта не толькі тыя, хто хочуць слухаць, але і тыя, хто хочуць выступаць на сцэне філармоніі і паспрабаваць сябе ў якасці прафесійных музыкантаў. У той жа час мы спрабуем зрабіць так, каб музыку слухач не проста палюбіў, але і зразумеў. Дарослага слухача зацікаўліваем усімі магчымымі спосабамі. Лічу, што кожны чалавек так ці інакш дакранаецца да музыкі, бо яна нас акаляе. Іншае пытанне, якой якасці гэтая музыка і, мне падаецца, што якасць залежыць якраз ад выхавання. Калі б мы слухалі класіку, было б менш гэтага «музычнага хламу» на радыё і тэлебачанні. Філармонію цікавіць яшчэ і тое, не ШТО, а ЯК выконваць, бо нават самая лепшая музыка, якую іграюць няправільна, можа надакучыць.

— Беларускія калектывы гатовыя да гастроляў у невялікія гарады з той жа музыкай, якую выконваюць на сталічнай сцэне?

— Калектывы з задавальненнем гатовыя ехаць у любы горад, каб выканаць сваю музыку, але сродкаў на гэта, на жаль, не хапае. Мы вельмі хочам да гэтага вярнуцца, бо філармонія — гэта ў першую чаргу гастролі. Як музыканту для мяне не мае значэння, дзе іграць: у Вялікай зале філармоніі ці ў раённай музычнай школе. Лічу, што любы канцэрт з любой аўдыторыяй патрабуе ад выканаўцы максімальнай аддачы. Вядома, некаторыя калектывы працягваюць ездзіць на гастролі і зараз. Спадзяюся, што мы зможам знаёміць слухачоў з маленькіх гарадоў не толькі з папулярнымі калектывамі, але з камернай і сімфанічнай музыкай.

— Як лічыце, што ў беларускай музычнай індустрыі патрабуе зменаў?

 — Нічога змяняць не варта, а трэба проста быць добрым выканаўцам і адчуваць падтрымку дзяржавы і грамадства. У нас выдатныя музыканты, асабліва дзякуючы сістэме выхавання. Як прафесар Акадэміі музыкі магу сказаць, што мы адна з самых высокаразвітых краін у сферы музычнай адукацыі. У нас выдатныя традыцыі рускай і еўрапейскай музычнай школы. Адзінае — вельмі сумна ад таго, што калісьці ў нас закрылі фабрыку па вытворчасці цымбалаў i пiянiна з ганаровай назвай «Беларусь». Здавалася б, дробязь, але амаль у кожнага дома было такое піяніна, дзякуючы якому выхавана столькі пакаленняў музыкантаў! Гэтыя музычныя традыцыі сапраўды варта захоўваць, і шкада, што гэтай каштоўнасці мы не разумеем. Мяркую, так можна выхаваць людзей, якія любяць культуру, бо шматграннай і адукаванай асобы без гэтага быць не можа.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Загаловак у газеце: Унікальная экасістэма

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».