Вы тут

Пераасэнсаванне live


Старэйшае пакаленне дакладна ўзгадае, як у дзіцячых садках чытанне казак услых часам замянялі праглядам дыяфільмаў, а ў школах перыядычна «круцілі» пазнавальныя кінастужкі. Былі і тыя, каму пашанцавала: у іх дома можна было знайсці фільмаскоп і плёнкі, а значыць, і новыя кінагісторыі. На шырокую папулярнасць такога фармату праглядаў паўплывала, вядома, і тое, што паказ дыяфільмаў не патрабуе сур’ёзнага дарагога абсталявання, кінапраектар тут замяняе нашмат больш просты і дасціпны фільмаскоп.


На жаль, мы прызвычаіліся ўспрымаць дыяфільмы несур’ёзна, як нешта дзіцячае. Але калі паразважаць, стане зразумела, што гэта не так. Гэта, па сутнасці, спрошчаны фармат кіно, набліжаны да вытокаў кінамастацтва — нямых фільмаў. Нават памер кінаплёнкі аднолькавы — 18 × 24 мм. Першыя дыяфільмы сапраўды былі альтэрнатывай кінапраглядам: іх выраблялі метадам выкапіроўкі асобных кадраў кінанегатыву. Пазней дыяфільмы сталі ўяўляць сабой малюнкі, якія спецыяльна ствараліся аўтарамі. Здаралася і так, што асновай дыяфільма станавіліся фотаздымкі, але гэта было рэдкасцю...

Да кадраў дадавалі цітры, атрымлівалася ілюстраванае апавяданне. За мяжой дыяфільмы выкарыстоўвалі ў якасці вучэбнага матэрыялу: яны дапамагалі выкладчыкам зацікавіць студэнтаў. Адметна, што ў капіталістычных краінах таго часу вытворцы часта суправаджалі стужку аўдыяшэрагам на асобным носьбіце, але ў нас гэта не практыкавалася. Гэта дазваляла гледачам зрабіць фільмы больш цікавым відам мастацтва: іх можна было агучваць самастойна, напаўняць кожную сцэну рознымі гукамі, чытаць па ролях і нават суправаджаць тэкст музыкай уласнага выканання.

Цікаўнасць да дыяфільмаў не знікла і сёння: сёлета ў Мінску адбываюцца прагляды, арганізаваныя заснавальнікамі праекта «Дыяфільм live» Наталляй Ляванавай і Андрэем Еўдакімавым. Дзіўна, што сучаснікі, якія маюць доступ амаль да чаго заўгодна, цікавяцца такім незвычайным і нетэхналагічным спосабам вабіць час, але арганізатары прыйшлі да высновы, што дыяфільмы — асобны культурны пласт:

— У развіццё гэтых стужак раней укладалі свае намаганні мастакі і пісьменнікі, а цяпер усё гэта ў забыцці, таму стала агідна і шкада. Так і прыйшло разуменне, наколькі гэта вялікая прастора для эксперыментаў: адсутнасць жорсткіх рамак, магчымасць пагуляцца з сэнсамі і вобразамі, пераплесці сучаснасць і мінулае. Паказ дыяфільмаў з жывой агучкай дазваляе ажывіць статычную карцінку, і ў выніку атрымліваецца новы арт-прадукт, які знаходзіцца на стыку розных форм мастацтва: гэта адначасова і тэатр, і канцэрт, і мастацкая літаратура, і выяўленчае мастацтва. А пасля першых паказаў стала зразумела, што цікавасць да такога экраннага шоу ёсць. Гледачам хочацца новага, а мне падаецца, што гэта пераасэнсаванне старога. Для некаторых дыяфільмы — настальгія па маленству, для кагосьці — новы «прышпільны» праект. Апошнім часам усё часцей чую, што людзі набываюць праектары і плёнкі, глядзяць кіно з дзецьмі.

Пачыналіся «Дыяфільм live» яшчэ напрыканцы 2015 года, а канчаткова як праект аформіліся толькі праз год. Спачатку былі выключна дзіцячыя паказы, пазней у праграму ўключылі стужкі з дзіўным сюжэтам: так у студзені 2017-га з’явіліся «дарослыя» прагляды, але і сямейныя паказы існаванне не спынілі. Поспех любога творчага праекта залежыць ад яго ўдзельнікаў, таму занята шмат людзей: 5 акцёраў тэатра і кіно, музыкант, рэжысёр, часам даводзіцца запрашаць кагосьці яшчэ. Арганізатары адзначаюць, што з тэхнічнага боку праект складаны: патрэбна цёмнае памяшканне ці такі ж час сутак, калі паказ ладзіцца на вольным паветры:

— Самая вялікая праблема — месца. Некаторы час мы ладзілі прагляды ў Скульптурнай зале музея Азгура. Але ў кожнай пляцоўкі — свае асаблівасці, якія тычацца акустыкі, умяшчальнасці, атмасферы, а таксама таго, наколькі месца знаёмае людзям. З паказамі на вуліцы яшчэ складаней: шмат знешніх фактараў, якія перашкаджаюць, разбураюць атмасферу, — напрыклад, шумы, святло. Складана стварыць адчуванне камернасці, засяродзіць увагу гледачоў на не вельмі яркіх карцінках.

Што тычыцца фільмаў, то ў арганізатараў ёсць некаторая колькасць плёнак, але яны заўсёды ў пошуку новага. Часам гледачы прыносяць іх самі, даюць, здавалася б, непатрэбным рэчам новае жыццё. І гэта сведчанне таго, што настальгія па дыяфільмах яшчэ не прайшла, людзям цікавае іх мінулае. Але паказы дыяфільмаў могуць стаць яшчэ больш прывабнымі: арганізатары мараць, каб аднойчы стужкі агучыў сімфанічны аркестр.

Крысціна ТРАСКО

Загаловак у газеце: Новае жыццё старых плёнак

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.