Вы тут

Фестываль актыўнага ладу жыцця “BSU FEST 2017” пройдзе 22 верасня


Яго прыме Мінскі гарадскі адукацыйна-аздараўленчы цэнтр "Лідар", дзе на тэматычных пляцоўках студэнты ўніверсітэта прадэманструюць вынікі сваёй творчай, навуковай і спартыўнай дзейнасці.


Ключавой падзеяй гэтага дня стануць Першыя малыя алімпійскія гульні БДУ. У цырымоніі адкрыцця  возьмуць удзел кіраўнікі БДУ, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Беларусі, Федэрацыі прафсаюзаў нашай краіны.  Плануецца таксама ўдзел міністра спорту і турызму Аляксандра Шамко, першага віцэ-прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Андрэя Асташэвіча.

Удзельнікамі ўніверсітэцкіх спартыўных спаборніцтваў стануць шэсць зборных. Тытул чэмпіёна будзе прысуджаны камандзе, якая акажацца наймацнейшай у скачках у даўжыню,  міні-футболе, стрытболе, пляжным валейболе і гіравым спорце. Пераможцаў узнагародзяць гульцы баскетбольнага клуба “Цмокі”.

Падтрымаць алімпійцаў-пачаткоўцаў запрошана вядомая спартсменка двухразовая віцэ-чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў 2012 года, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 2016 года, уладальніца залатых узнагарод чэмпіянатаў свету і Еўропы, заслужаны майстар спорту Беларусі Аляксандра Герасіменя. Пагутарыць з ёй студэнты БДУ змогуць на прэс-канферэнцыі, дзе тытулаваная спартсменка адкажа на ўсе пытанні.

Праграма мерапрыемства ўключае таксама выстаўку дасягненняў студэнтаў БДУ ў навуцы “BSU EXPO TECH”, экспазіцыю карцін і мастацкіх фатаграфій “BSU EXPO ART”, адукацыйныя семінары “BSU EDU” на тэмы спорту, музыкі, IT-тэхналогій, кінематографа і мастацтва. Таксама ў гэты дзень будуць працаваць зоны, дзе сваё майстэрства пакажуць ролеры, скейтэры і веласіпедысты. Аматарам кіно прапануюць наведаць “BSU LOUNGE”, дзе будуць трансляваць кароткаметражныя фільмы.

Для студэнтаў падрыхтавана і забаўляльная праграма. У яе ўключаны першы конкурс маладых выканаўцаў папулярнай музыкі “Голас BSU”, танцавальны баттл “BSU DANCE BATTLE” і выступленні беларускіх кавер-бэндаў.

На фестывалі прадставяць розныя майстар-класы прафесійныя трэнеры па сілавых трэніроўках, правільным харчаванні, хатха-ёзе, мастацтву горнага пейзажу, вязанні і іншыя.

А напрыканцы гасцей фестывалю і ўдзельнікаў чакае канцэрт, дзе прагучаць вядомыя хіты. Хэдлайнерам мерапрыемствы выступіць беларуская спявачка, лаўрэат прэміі “Ultra-Music Awards” у намінацыі “Адкрыццё года” Рэспубліка Паліна.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.