Вы тут

Што цікавага паглядзець па тэлебачанні на наступным тыдні


«Вясна на Зарэчнай вуліцы»

«Беларусь 1», 1 кастрычніка ў 12.35

...Сапраўдны настаўнік — той, чые ўрокі ва ўсякі час узгадваеш з цеплынёй і ўдзячнасцю. Так і трапіла на «першую кнопку» ў якасці падзякі любімым педагогам гэта старая савецкая меладрама — гісторыя кахання зухаватага сталявара і маладой настаўніцы, якая імкнецца пасеяць разумнае, добрае, вечнае ў галовах дарослых вучняў вячэрняй школы.

Праз больш чым 50 гадоў з дня выхаду на экраны фільм Марлена Хуцыева і Фелікса Міронера мусіць здавацца наіўнай агіткай пра «камсамолку і хулігана». Аднак гэта той самы выпадак, калі ідэалогія адыходзіць на далёкі план, бо акцёрам, якія паказваюць працавітасць, самаадданасць, шчырасць і бескарыслівасць галоўных герояў, — верыш. І заводскі антураж ніколькі не псуе рамантычную лінію, а экзаменацыйны білет пра шматкроп'е не дае паставіць кропку ў жорсткай фразе «Нічога з гэтага не атрымалася». Вясна — яна такая вясна...


«Жыццёвыя абставіны»

АНТ, з 30 верасня па выхадных у 7.05

Трыццацігадовы супрацоўнік мытні Андрэй выпадкова сустракае ў краме сваю даўнюю знаёмую Жэню, у якую калісьці быў горача закаханы. Праўда, у той час дзяўчына аддала перавагу, руку і сэрца ягонаму сябру Багдану — не такому надзейнаму, затое больш прадпрымальнаму і прабіўному. Таму герой, мякка кажучы, здзіўляецца, калі праз некаторы час яму тэлефануе былы сябар-сапернік і запрашае адзначыць дзень нараджэння Жэні.

Сужэнцы жывуць у элітным пасёлку і на першы погляд у іх усё цудоўна — але, як хутка высвятляецца, гэты дабрабыт уяўны, бо авантурыст Багдан заключыў рызыкоўную здзелку і страціў вялікую суму грошай, прычым не сваіх... Неўзабаве паліцэйскія знаходзяць аўтамабіль бізнесмена са слядамі ягонай крыві, але на гэтым справа не завяршаецца — даўгі мужа пераходзяць да Жэні, якой пагражае канфіскацыя маёмасці і турма. Ці стане Андрэй выратоўваць былую каханую альбо даверыцца лёсу? Уласна, пра гэта і раскажа міні-серыял.


«Занадта шмат хвастоў»

«Беларусь 2», 30 верасня ў 7.00

Новы сезон відэаблога пра хатніх жывёл ужо стартаваў, і кожную суботу вядучая праграмы Седа Каспарава, «кошказнаўца» Кавальскі і джэк-расэл-тэр'ер па мянушцы Маўклівы Джон праводзяць заалагічны лікбез для гаспадароў хатніх жывёл і ўсіх тых, хто толькі плануе папоўніць іх шэрагі.

Сёлета ў пошуках цікавых тэм і герояў творчая каманда выправілася ў падарожжа не толькі па Беларусі, але і ў Еўропу — і дазналася, напрыклад, куды падзеліся знакамітыя венецыянскія кошкі, як у Варшаве прыдумалі марожанае для сабак і якую парфуму для жывёл больш за ўсё любяць жыхары Вільнюса. Пра ўсё гэта вядучая абяцае расказаць у 20 выпусках перадачы — а яшчэ будзе праводзіць карысныя і забаўныя эксперыменты, фота- і відэаконкурсы і раіцца з экспертамі — ветэрынарамі, навукоўцамі, дрэсіроўшчыкамі, заводчыкамі і г. д.

Загаловак у газеце: Усё па любові

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.