Вы тут

Адказы на пытанні трэцяга тура віктарыны «Мая Скарыніяна»


Усё добрае чамусьці заўсёды хутка заканчваецца. Вось і наша вандроўка па шляхах Скарыны і яго кніг падыходзіць да лагічнага завяршэння. Была яна з даволі пакручастымі сцежкамі, крочыць па якіх некаторыя стаміліся ўжо на сярэдзіне падарожжа. Але — мы былі ў тым упэўненыя, бо добра ведаем сваіх чытачоў, — большасць годна прыйшла да фінішу.


Хтосьці спіпла і сцісла адказваў толькі на пытанні, не называючы нават свайго прозвішча. Хтосьці дасылаў прыгожыя лісты, аформленыя ілюстрацыямі, з падрабязнымі дэталямі ў адказах, паведамляючы сёе-тое і пра сябе. Удзельнічалі ў віктарыне сем'і і гурткі па інтарэсах, пенсіянеры, маладыя людзі і школьнікі. Допісы прыходзілі з усіх куточкаў Беларусі. Яшчэ адно сведчанне таго, што Францыск Скарына для беларусаў — не проста гучнае імя. І ведаць пра яго і яго дзейнасць як мага больш для многіх справа нацыянальнага гонару.

Пытанні віктарыны былі розныя — шукаючы адказ на адны, дастаткова было зазірнуць у каляндар, каб адказаць на іншыя — не заўсёды мог дапамагчы нават інтэрнэт. Адказаць беспамылкова на ўсе трыццаць пытанняў не ўдалося нікому з удзельнікаў. Як і было задумана, самымі складанымі (асабліва ў апошніх двух турах) аказаліся пытанні ад Нацыянальнай бібліятэкі: першай друкарняй на тэрыторыі Беларусі многія назвалі Нясвіжскую (замест Брэсцкай), а другім беларускім друкаром пасля Скарыны называлі і Сымона Буднага, і Пятра Мсціслаўца, і, вельмі блізка падабраўшыся да ісціны, — Мікалая Радзівіла Чорнага. Але ж князь быў заснавальнікам і фундатарам Берасцейскай друкарні, а вось уласна друкаром — тым, хто працаваў у ёй, — быў ураджэнец Кракава Бярнард Ваяводка (толькі адзін з удзельнікаў віктарыны правільна назваў гэта імя).

У любым выпадку, падарожжа было цікавае і пазнавальнае. Прызнаемся: прыдумваючы пытанні для кожнага тура віктарыны, і мы нямала новага даведаліся пра нашага першадрукара. Як і, спадзяёмся, не толькі ўдзельнікі віктарыны, але і ўсе чытачы «Звязды». А веды — іх жа за плячыма не насіць. Тым больш, калі размова ідзе пра беларуса, знакамітага на ўвесь свет.

А яшчэ гэта віктарына паказала вельмі важную дэталь: нашы чытачы не страцілі цікавасці да падобных інтэлектуальных гульняў. Таму абяцаем: хутка, акурат пад доўгія восеньскія вечары, вас чакае новая «зарадка для мазгоў» ад «Звязды». Галоўнае, не забудзьцеся выпісаць газету на наступны квартал — падпіска ідзе акурат цяпер.

Друкуем адказы на пытанні трэцяга тура віктарыны і імёны яе пераможцаў, якія, як і абяцалі, патрапяць у Нацыянальную бібліятэку на адмысловую бясплатную экскурсію і змогуць на свае вочы пабачыць арыгіналы Скарынавых кніг.


1. Адукацыйным цэнтрам якой рэспублікі быў горад Падуя, ва ўніверсітэце якога ў 1512 годзе Францыск Скарына атрымаў ступень доктара лекарскіх навук?

Падуя ў скарынаўскія часы была адукацыйным цэнтрам Венецыянскай рэспублікі.

2. Біблія Скарыны — пяты па ліку надрукаваны пераклад Святога Пісання. На якіх чатырох жывых мовах Біблія была выдадзена да скарынаўскай?

Да нашай Бібліі ў друкаваным варыянце былі выдадзеныя кнігі на нямецкай, італьянскай, чэшскай і галандскай мовах.

3. Якімі знакамі Скарына нумараваў старонкі сваіх выданняў?

Старонкі сваіх кніг Скарына нумараваў не рымскімі лічбамі і не арабскімі, а кірылічнымі — літарамі алфавіта.

4. У якой з кніг Скарыны змешчана гэта гравюра?

Гравюра называецца «Маісей перад народам», яна была змешчаная ў Кнізе Другога закона, выдадзенай у Празе ў 1519 годзе.

5. Адзіную з кніг Бібліі Скарына выдаў двойчы. Якую?

Псалтыр — адзіная кніга, якую Скарына выдаў двойчы. З яго пачынаецца першае пражскае выданне Бібліі, з яго ж пачынаецца і «Малая падарожая кніжка», выдадзеная ў Вільні.

6. У фільме «Я, Францыск Скарына» галоўную ролю — самога першадрукара — іграе Алег Янкоўскі. А каго ў тым жа фільме іграе яго старэйшы брат Расціслаў?

Расціслаў Янкоўскі і ў фільме застаецца братам Алега — ён выконвае ролю Івана Скарыны.

7. Хто аўтар кнігі пра Скарыну, якая пачынаецца з прысвячэння: «Усім маці кругу светлага паднябеснага, імёны якіх сёння людзям невядомыя, ды імёнамі сыноў якіх землі розных куткоў кругу паднябеснага славіцца не перастануць...»

Гэта словы эпіграфа да эсэ Алега Лойкі «Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае».

8. Чыё імя да нядаўняга часу насіў праспект Францыска Скарыны ў Полацку?

Да 2009 года галоўная вуліца Полацка насіла імя Карла Маркса.

9. Дзе ў Беларусі пастаянна экспануюцца арыгіналы Скарынавых выданняў?

Арыгіналы Скарынавых выданняў, што захоўваюцца ў нашай краіне, можна пастаянна ўбачыць у экспазіцыі Музея кнігі ў Нацыянальнай бібліятэцы.

10.  Пытанне ад Нацыянальнай бібліятэкі. Хто быў  другім пасля Францыска Скарыны друкаром у Вялікім Княстве Літоўскім?

Бярнард Ваяводка. Менавіта ён узначаліў першую на тэрыторыі сучаснай Беларусі друкарню, якая дзейнічала ў 1550—1570-я гады ў Бярэсці, прыехаўшы туды па запрашэнні заснавальніка друкарні Мікалая Радзівіла Чорнага.



Пераможцамі віктарыны «Мая Скарыніяна» сталі:

  • Вікторыя ПЯРЛУХІНА, вёска Такарышкі Іўеўскага раёна;
  • Сям'я КУНЧЭВІЧ (школьніца Паліна, студэнтка Дар'я і мама Святлана Уладзіміраўна), вёска Агарэвічы Ганцавіцкага раёна;
  • Уладзімір ДРАБЫШЭЎСКІ, Полацк;
  • Валерый ВАСІЛЕЎСКІ, Глуск;
  • Ірына ГЛАДКАЯ, аграгарадок Чачкава Мінскага раёна;
  • Антаніна ЕРАМЕЕВА, вёска Вуглы Рагачоўскага раёна;
  • Вольга ГАЙКЕВІЧ, Столін;
  • Мікіта СУГАКОЎ, Наваполацк;
  • Аляксандр ГАНЧАРОЎ, вёска Нісімкавічы Чачэрскага раёна;
  • Алена ГРЫГАРОВІЧ, вёска Дакудава Лідскага раёна;
  • Сям'я ЧАРНЯКОВЫХ-ГАЛІЦКІХ, Буда-Кашалёва;
  • Юлія САЎРЫЦКАЯ, Мінск;
  • Эма ВАСІЛЕВІЧ, Мінск;
  • Каманда «БІЛІНГВА», Мінск.

(Арганізатары віктарыны ў найбліжэйшы час звяжуцца з пераможцамі, каб абмеркаваць дэталі маючай адбыцца экскурсіі).

Загаловак у газеце: Скарыніяна назаўсёды

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.