Вы тут

“М”ы на UniCon


“М”ы на UniCon

Калі вы лічыце сябе фанатам фантастыкі, ведайце, што такое «фандом» і «касплэй», то вы несумненна чулі, а хутчэй за ўсё і пабывалі на беларускім фестывалі фантастыкі, фэнтэзі, коміксаў і камп'ютэрных гульняў UniCon, які адбыўся ў Мінску 1-3 верасня. Паўнавартасны рэпартаж з мерапрыемства вы знойдзеце ў вераснёвым нумары «Маладосці», а зараз “М”ы гатовыя падзяліцца з вамі нашымі першымі ўражаннямі.

UniCon праходзіць у Мінску ўжо ў шосты раз. Гэты фестываль накшталт амерыканскага Comic-Con, але з меншым ухілам у коміксы. Фармат UniCon-а - гэта конкурс косплея + інтэрактыўныя стэнды па розным сусветам + лекцыі і майстар-класы ад спецыялістаў. У гэтым годзе канвент праходзіў сумесна з інтэрактыўнай выставай гульнявой індустрыі Game Expo пры падтрымцы выставачнага прадпрыемства Экспафорум.

Праграма фестывалю ў гэтым годзе была неверагодна шырокай: наведаць усе прапанаваныя пляцоўкі не было ніякай магчымасці, нават калі знаходзіцца на канвенце ўсе тры дні ад пачатку і да канца. 25 інтэрактыўных стэндаў па любімым фільмам, серыялам, кнігам і гульням кожную хвіліну прапануюць нешта цікавае, 7 лекцыйных залаў вабяць вядомымі імёнамі і новымі ведамі, а сцэна гуляе ўсімі фарбамі дэфіле-косплея. Адукацыйныя лекцыі і майстар-класы, сустрэчы з пісьменнікамі, квэсты і квізы, бітвы на мячах і ручніках, гульні ў косці, карты, настольныя гульні, Xbox і многае-многае іншае: сумаваць часу не было.

Арганізатары, нарэшце, выканалі даўнюю мару фанатаў - трохдзённы канвент, які дазволіць ўдосталь нагуляцца і набрацца ўражанняў на бліжэйшы год. Аднак першы дзень фестывалю, заяўлены як vip-дзень, быў на здзіўленне маркотным. Па Футбольнаму манежу блукала паўтара фаната з ліку самых адданых, а стэнды былі банальна не гатовыя прыняць наведвальнікаў. Да афіцыйнага адкрыцця ў 12 гадзін дня стэндаў была нават не сабрана да канца, незанятыя ў будаўніцтве косплееры дзесьці хадзілі, а хтосьці нават ціха пасапваў у кутку. Магчыма сітуацыя была б іншай, не патрапь vip-дзень на 1 верасня, калі большасць школьнікаў і студэнтаў не могуць вырвацца на ўвесь дзень. На выходных сітуацыя цалкам змянілася: людзей істотна прыбавілася, стэнды сталі больш актыўнымі і канвент ажыў.

З 2012 года UniCon змяніў шмат пляцовак. Пачаўшы са сталічнага клуба «Цэнтр», фестываль упэўнена разросся спачатку да ДК МАЗ і «Чыжоўка-Арэны», а пасля і да «СКА Уручча». Фанаты жартуюць: «Калі ўжо Мінск-Арэна?». Але ўсяго аднаго позірку дастаткова, каб зразумець: у гэты раз пашырэнне не пайшло канвенту на карысць. UniCon банальна «не дарос» да Футбольнага манежа, ды і той апынуўся непрыстасаваным для мерапрыемстваў такога тыпу. Канвент заняў крыху больш за палову арандаванай плошчы, усе лакацыі знаходзіліся ў адным памяшканні, якое было падзелена пластыкавымі перагародкамі. Пры гэтым лекцыйныя залы прадстаўлялі сабой невялікія закуткі без дзвярэй і з мінімальнай гукаізаляцыяй. Лектары, якім даводзілася працаваць ва ўмовах хісткіх сценак, музыкі і дзікіх крыкаў з усіх бакоў нават без мікрафона, асабліва не абураліся, але былі вельмі здзіўлены такімі ўмовамі. Фантаст Сяргей Слюсаренка ўвогуле прапанаваў удзельнікам свайго майстар-класу выйсці на вуліцу. У гэтым сэнсе асобная, хоць і адзіная лекцыйная зала «СКА Уручча» у мінулым годзе была нашмат зручней для падобных мерапрыемстваў.

Аднак адданыя фанаты гатовыя многае дараваць толькі за магчымасць сабрацца ў адным месцы. Людзі любяць UniCon не за памеры залы і не за колькасць запрошаных гасцей, а за незабыўную фантастычная атмасферу, якую ствараюць самі ўдзельнікі фестывалю. Сюды апранаюць лепшыя футболкі з фандомными прынтамі, разнастайныя вушкі, рожкі, маскі, каб пазначыць, да якога фандома ляжыць іх душа. Тут кожны можа надзець карону ўсяго за 10 капеек і адчуць сябе валадарам Сямі каралеўстваў ці касмічнай імперыі. Тут Доктар знаёміць далека з R2-D2, Аліса гуляе ў карты з Драко Малфоем, Плямісты Віхт падыходзіць да цябе, каб абняць і пачуюць які ён мілы, а два Ісуса спрабуюць высветліць, хто з іх «тру». Тут усё адкрыты, гаварлівы і дружалюбны. І толькі дзеля таго, каб убачыць на тварах вечна хмурных і заклапочаных мінчан ўсмешку, варта наведаць гэты фестываль.

Арганізатары UniCon-а і Game Expo зрабілі ўсё магчымае, каб беларускія гікі не расчараваліся, што выпаўзлі з хаты. Такі фестываль - гэта выдатная магчымасць не толькі даведацца нешта новае, нарабіць шмат фотачак і накупляць стафа, які грэе душу, але і сустрэцца з аднадумцамі і па-сапраўднаму пабываць у любімых сусветах. Калі ты трапіў на UniCon хоць раз, табе, несумненна, захочацца вярнуцца сюды ў будучыні, каб зноў акунуцца ў гэтую неверагодную атмасферу. 8 гадзін у дзень на нагах - не праблема, калі правесці іх на UniCon-е.

Кацярына Святластражава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».