24 Кастрычнік, аўторак

Вы тут

Навошта нам долары?


Намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Сяргей Калечыц расказаў аб дэдаларызацыі эканомікі Беларусі Сыходзіць ад прывязкі да замежнай валюты


«У нас склаўся высокі ўзровень даларызацыі. Гэта датычыцца выкарыстання замежнай валюты і як сродку назапашвання, і як сродку плацяжоў. Да гэтага часу дзейнічаў шэраг дазволаў асобным суб'ектам гаспадарання, для спецыяльных кірункаў дзейнасці выкарыстоўваць валюту. Мы разумеем: каб узмацніць ролю нацыянальнай валюты і сысці ад выкарыстання замежнай, перш за ўсё трэба забяспечыць стабільнасць нацыянальнай валюты. І сёння для гэтага робіцца ўсё неабходнае», — канстатаваў прадстаўнік Нацбанка.

Але ёсць і другі складнік работы па дэдаларызацыі. «Гэта сыход ад такіх дазволаў, сыход ад нейкіх прэферэнцый, якія атрымлівалі некаторыя галіны, некаторыя прадпрыемствы, маючы магчымасць выкарыстоўваць замежную валюту. І мы ў гэтым кірунку працуем. У ідэале лічым, што трэба сыходзіць ад прывязкі да замежнай валюты ва ўсіх астатніх момантах», — падкрэсліў Сяргей Калечыц.

Акрамя таго, існуе план лібералізацыі валютнага заканадаўства. «Ён прадугледжвае шэраг мерапрыемстваў, якія датычацца таго, што калі ўнутры нашай эканомікі павінна выкарыстоўвацца пераважна нацыянальная валюта, то, з другога боку, важным фонам для гэтага павінна быць магчымасць свабодна для знешніх разлікаў набываць і выкарыстоўваць валюту без якіх-небудзь абмежаванняў. Прадугледжваецца і паступовая адмена абавязковага продажу валюты, і палягчэнне доступу да куплі валюты, і адмена мэтавага накіравання. У канчатковым выніку — поўная лібералізацыя адносін, звязаных з рухам капіталу».

Норма абавязковага продажу замежнай валюты зніжана да 10%

Нацыянальны банк зрабіў яшчэ адзін крок, накіраваны на лібералізацыю беларускай фінансавай сістэмы. З 1 кастрычніка будзе зніжана норма абавязковага продажу замежнай валюты суб'ектамі гаспадарання да 10%.

— Нагадаем, што ў розны час нарматыў абавязковага продажу валюты мяняўся ў дыяпазоне ад 30% да 50% (увосень 2014 года), — кажа Міхаіл Грачоў, фінансавы кансультант TеlеTrаdе. — Першапачаткова абавязковы продаж замежнай валюты суб'ектамі гаспадарання ўводзіўся ў канцы 90-х — пачатку 2000-х гадоў рознымі нарматыўнымі актамі. Усе ўдзельнікі знешнеэканамічнай дзейнасці абавязваліся прадаваць частку валютнай выручкі па курсе Нацбанка ў вызначаных нарматыўнымі актамі аб'ёмах. Мэтай гэтага рэгулявання была падтрымка абменнага курса беларускага рубля шляхам папаўнення дзяржаўных рэзерваў, якія фарміраваліся Нацыянальным банкам. Але гэта стварала дэфіцыт валюты на ўнутраным рынку, што ў асобныя моманты прыводзіла да ажыятажнага попыту на валюту, асабліва з боку фізічных асоб, і правакавала чаканне дэвальвацыі.

— Далей ва ўмовах пастаяннага росту абменнага курсу і нестабільнага валютнага рынку экспарцёры неслі курсавыя страты. Акрамя таго, паколькі дэвальвацыйныя чаканні закладваліся ў канчатковую цану экспартуемых тавараў і прадуктаў, гэта зніжала іх канкурэнтаздольнасць. І толькі пасля стабілізацыі ўнутранага валютнага рынку Нацбанк пайшоў на паступовае зніжэнне гэтай велічыні да бягучых значэнняў.

Новы паказчык нарматыву абавязковых продажаў замежнай валюты красамоўна сведчыць аб стабільнасці абменнага курса беларускага рубля, напаўненні ўнутранага валютнага рынку і зніжэнні дэвальвацыйнага чакання для ўсіх удзельнікаў рынку. Таксама гэты факт паслужыць добрай дапамогай для экспартна арыентаваных галін нацыянальнай эканомікі.

Дэфіцыт замежнай валюты на ўнутраным рынку малаверагодны, бо рэзервы Нацбанка цяпер знаходзяцца на гадавых максімумах з 2014 года. Банкаўскі сектар Беларусі таксама не адчувае дэфіцыту замежнай валюты. Аб'ёмы таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы цалкам задавальняюць патрэбнасць унутранага рынку ў валюце. Такім чынам, уводзімы з 1 кастрычніка нарматыў абавязковага продажу толькі будзе спрыяць стабілізацыі абменнага курса беларускага рубля.

Высокая верагоднасць, што да канца бягучага 2017 года або ў пачатку наступнага Нацбанк поўнасцю адменіць нарматыў абавязковага продажу. Гэта стане добрай нагодай для ўмацавання даверу да нацыянальнай валюты і росту экспартнага патэнцыялу эканомікі Беларусі.

Справа не толькі ў працэнтах

Што датычыцца валюты як сродку назапашвання, па доларавых дэпазітах банкі сёння прапануюць людзям да 2% гадавых. Гэта максімум, які прадугледжвае безадзыўны фармат укладу на 2 гады. Часам у невялікіх прыватных банках могуць узнікаць валютныя прадукты з нефіксаванай даходнасцю нават да 2,5% гадавых, але ў гэтых выпадках існуе вялікая верагоднасць, што ўжо праз месяц працэнты сур'ёзна падрэжуць у аднабаковым парадку. Па валютных укладах на тэрмін каля года ці ў адзыўным варыянце банкамі прапануецца ад 0,7 да 1% гадавых. Кароткія валютныя дэпазіты (ад 35 да 185 дзён) будуць мець даходнасць ужо менш за 1% (звычайна 0,3—0,6%) гадавых. Увогуле, практычна ўсе мае знаёмыя новыя ўклады ў валюце не адкрываюць. І справа тут не толькі ў маленькіх працэнтах. Асноўная замежная валюта (USD і еўра) за апошні год нават патаннела.

Валютныя аблігацыі «зваліліся»

Яшчэ летась каштоўныя паперы ў валюце прыносілі іх уладальнікам нядрэнны даход. Уласныя валютныя аблігацыі сістэмных банкаў краіны прадугледжвалі спачатку 5,5%, а потым 5% гадавых. Сёння падобных каштоўных папер з такой даходнасцю ўжо няма. Цяпер існуюць толькі валютныя аблігацыі на прад'яўніка ў некалькіх банках, але ўжо пад 3,5% гадавых. Праўда, на фінансавым рынку з'явіліся бездакументарныя каштоўныя паперы таго ці іншага гандлёвага гіганта. Прапануюцца яны ў валюце пад 7,5% гадавых і на тэрмін 10 гадоў. А гэта ўжо вялікі мінус. Існуе там і датэрміновае пагашэнне такіх папер, але гэта будзе каштаваць іх уладальніку пэўных дадатковых выдаткаў. У насельніцтва яны пакуль вялікай папулярнасцю не карыстаюцца. Людзей сёння палохае той факт, што па гэтых каштоўных паперах у іх на руках ніякіх папяровых дакументаў не застаецца. А калі няма гэтай самай паперы, то і ў кліентаў часам узнікае ўражанне, што гарантыя вяртання іх грошай не зусім відавочная.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Размытыя крытэрыі «сацыяльнай небяспекі»

Размытыя крытэрыі «сацыяльнай небяспекі»

Калі дзіця прыходзіць у школу непадрыхтаванае, гэта неабавязкова азначае, што дома ў яго няма ўмоў рабіць урокі.

Культура

У Смаргонскім раёне распачаў работу вадзяны млын-музей

У Смаргонскім раёне распачаў работу вадзяны млын-музей

Упершыню ён упамінаецца ў пісьмовых крыніцах у 1620 годзе.

Грамадства

У Акцябрскай адсвяткуюць два юбілеі

У Акцябрскай адсвяткуюць два юбілеі

Не толькі юбілей рэвалюцыі.

У свеце

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

​Актывы суверэннага фонду каралеўства Нарвегія перавысілі трыльён долараў.