Вы тут

Што абяцаюць парламенцкія выбары ў Германіі?


Калі верыць вынікам апытанняў выбаршчыкаў, Ангела Меркель блізкая да таго, каб яшчэ на чатыры гады стаць кіраўніком урада Германіі. Але выбары ў бундэстаг, прызначаныя на 24 верасня, прыцягваюць увагу не толькі гэтым. Упершыню з заканчэння Другой сусветнай вайны ў нямецкім парламенце могуць аказацца дэпутаты ад шасці партый, у тым ліку ад правых нацыяналістаў. Акрамя таго, гэта першыя ўсеагульныя выбары пасля міграцыйнага крызісу 2015 года, калі ўрад Меркель абвясціў палітыку адчыненых дзвярэй у дачыненні да мігрантаў, у выніку чаго ў краіну прыбылі амаль мільён бежанцаў. Чаму важнае гэтае галасаванне?


Бежанцы ў трэндзе

Спачатку агульны расклад. У Германіі правам голасу валодаюць грамадзяне старэйшыя за 18 гадоў. Парламенцкія выбары праводзяцца кожныя чатыры гады па змяшанай прапарцыйнай і мажарытарнай сістэме. Кожны з прыкладна 61,5 млн выбаршчыкаў мае два галасы, а галасаванне на выбарах праходзіць па двух спісах. ФРГ падзелена на 299 выбарчых акруг, ад кожнай з якіх у бундэстаг выбіраецца па адным дэпутаце. Галасаванне па партыйных спісах праходзіць у 16 шматмандатных акругах. Кожная федэральная зямля ўяўляе сабой асобную шматмандатную акругу, ад якой абіраецца пэўная колькасць дэпутатаў у адпаведнасці з колькасцю насельніцтва. У кожнай шматмандатнай акрузе партыі прадстаўляюць асобныя партыйныя спісы. Іншымі словамі, партыя прадстаўляе 16 партыйных спісаў — па адным у кожнай акрузе (федэральнай зямлі). У цяперашніх выбарах удзельнічаюць 4828 кандыдатаў, з іх 29% — жанчыны. Толькі сярод «зялёных» і левых колькасць кандыдатаў-жанчын складае прыкладна палову. Самаму старому кандыдату 89 гадоў, самаму юнаму — 18.

Па выніках мінулых выбараў у парламенце засядалі чатыры партыі — традыцыйна кансерватыўны блок ХДС/ХСС, Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі (СДПГ), «Лінке» (левыя) і «зялёныя». На гэты раз колькасць партый у бундэстагу можа ўзрасці да шасці — акрамя «Альтэрнатывы для Германіі» (АДГ), добрыя шанцы на атрыманне дэпутацкіх мандатаў мае Свабодная дэмакратычная партыя. Увогуле ў выбарах бяруць удзел 34 партыі.

Падзея мае і еўрапейскі аспект. Германія адыгрывае вядучую ролю ў Еўрапейскім саюзе і ўносіць найбуйнейшы фінансавы ўклад у яго бюджэт.

Падчас перадвыбарчай кампаніі абмяркоўваецца ўвесь комплекс пытанняў — іміграцыі, дачы прытулку, інтэграцыі і дэпартацыі. Германскі навінавы сайт Focus нават скардзіўся, што гэтая тэма стала галоўнай падчас адзіных тэледэбатаў паміж Ангелай Меркель і яе галоўным супернікам — кіраўніком СДПГ Марцінам Шульцам. «Хіба ў краіны няма іншых праблем, акрамя праблемы бежанцаў?» — задаліся пытаннем журналісты сайта. Пры гэтым ацэнка Ангелы Меркель выбаршчыкамі амаль не змяняецца пад уздзеяннем спрэчак пра мігрантаў. Першапачаткова адчыніўшы дзверы сірыйскім бежанцам, урад затым заняў больш жорсткую пазіцыю, прыстрашыўшы масавымі дэпартацыямі — пасля таго як летась у Кёльне мігранты, пераважна выхадцы з краін Паўночнай Афрыкі, зладзілі шэраг групавых нападаў на мясцовых жанчын.

У перадвыбарчай кампаніі прысутнічалі і іншыя важныя тэмы — сацыяльная няроўнасць, дапамога, адукацыя і ўнутраная бяспека. Менавіта з-за гэтага сацыял-дэмакрат Марцін Шульц імкнуўся да абмеркавання такіх тэм, як справядлівая аплата працы, павышэнне пенсій і паляпшэнне стану школ. Магчыма, гэта здзівіць, але выдаткі федэральнага бюджэту на адукацыю былі ў 2014 годзе ў Германіі ніжэйшыя, чым у сярэднім па ЕС.

«Ямайка» ці «святлафор»?

Ці гарантаваная перамога Меркель? Стапрацэнтнай гарантыі няма, бо мільёны грамадзян Германіі пакуль не вызначылі сваёй пазіцыі. Як лічыць Марцін Шульц, тыя, хто вагаецца, могуць складаць амаль палову — да 46% выбаршчыкаў. Але, калі меркаваць па апытаннях, сацыял-дэмакраты адстаюць ад ХДС/ХСС на цэлых 14%, і наўрад ці Шульцу ўдасца прыцягнуць галасы тых, хто вагаецца. Ён не змог пераканаўча выступіць падчас тэледэбатаў, а яго патрабаванні паўторнай дуэлі з Меркель не атрымалі водгуку. Праблема сацыял-дэмакратаў яшчэ і ў тым, што на працягу апошніх чатырох гадоў яны ўваходзілі ў склад урадавай кааліцыі. Адзінай надзеяй Шульца застаецца раптоўнае змяненне настрою выбаршчыкаў напярэдадні выбараў. На карысць Меркель працуе тое, што эканоміка Германіі перажывае ўздым. ВУП краіны расце, урад атрымлівае больш даходаў у бюджэт, чым траціць.

Як жа зменіцца расклад улады? Марцін Шульц на словах адхіляе ідэю ўдзелу ў новай «вялікай кааліцыі» на чале з ХДС/ХСС, але ў Меркель ёсць і іншыя варыянты. Асноўных раскладаў прынамсі тры. Па-першае, чорна-жоўтая кааліцыя: ХДС/ХСС у саюзе з вольнымі дэмакратамі. Такая кааліцыя знаходзілася ў Германіі ва ўладзе з 2009 года да скрышальнай паразы лібералаў на выбарах 2013-га. Адраджэнне такога варыянта цалкам рэальнае пры ўмове, што абедзве партыі атрымаюць дастаткова месцаў у бундэстагу. Таксама магчымая чорна-чырвоная кааліцыя ў складзе ХДС/ХСС і СДПГ, якая кіравала ў Германіі ў перыяд 2005—2009 гадоў і з 2013-га. Згадваецца яшчэ і «ямайка» — па колерах ямайскага сцяга — у складзе ХДС/ХСС, свабодных дэмакратаў і «зялёных». Дарэчы, такая кааліцыя існуе ў зямлі Шлезвіг-Гольштэйн.

Калі сацыял-дэмакраты на чале з Марцінам Шульцам выступяць паспяхова, то ім спатрэбіцца падтрымка з боку «зялёных» і «Лінке», хоць адносіны сацыял-дэмакратаў з левымі даволі складаныя. Найбольш маляўнічай, але малаімавернай кааліцыяй стане «святлафор» — у складзе СДПГ, свабодных дэмакратаў і «зялёных». Цалкам спрыяльным раскладам для Шульца стане ўваходжанне ў новую кааліцыю з ХДС/ХСС на ўмовах сур'ёзных палітычных саступак з боку кіруючай большасці.

На палітычным гарызонце з'явіліся новыя асобы. Свабодныя дэмакраты, або лібералы, як іх яшчэ называюць, вярнуліся з забыцця пад кіраўніцтвам новага харызматычнага лідара, 38-гадовага Крысціяна Лінднера, які падчас кампаніі абмяркоўваў у асноўным перспектывы развіцця адукацыі і новай лічбавай эканомікі.

Яшчэ ў трох партыях пануе двоеўладдзе. Партыю «зялёных» узначальваюць цэнтрысты Катрын Герынг-Экардт і Джэм Эздэмір. Катрын звязаная з лютэранскай царквой, а Эздэмір заклікае Ангелу Меркель заняць больш жорсткую пазіцыю ў адносінах да Турцыі. На чале «Лінке» знаходзяцца Сара Вагенкнехт і Дытмар Барч, а на чале АДГ — Аліса Вайдэль і Аляксандр Гаўланд.

Як заўважаюць эксперты, у палітычным жыцці Германіі апошнім часам насамрэч адбываюцца буйныя перамены. Яно ўсё больш фрагментуецца, і ёсць рэальны шанц, што на будучых выбарах правая партыя «Альтэрнатыва для Германіі», якая выступае з антыісламскімі і антыімігранцкімі лозунгамі, можа заняць трэцяе месца ў бундэстагу па колькасці дэпутатаў, адзначае ВВС. Пакуль што «Альтэрнатыва» прадстаўлена толькі на зямельным узроўні. Наколькі правай яна з'яўляецца? Міністр замежных спраў Зігмар Габрыэль казаў, што перад краінай паўстала перспектыва займець «сапраўдных нацыстаў у бундэстагу ўпершыню з заканчэння Другой сусветнай вайны». АДГ займае жорсткую антыімігранцкую і асабліва антыісламскую пазіцыю. Яна выступае за забарону мінарэтаў і лічыць іслам несумяшчальным з нямецкай культурай. Сустаршыня партыі Аляксандр Гаўланд заклікаў немцаў успомніць пра сваю гісторыю: «Мы маем права ганарыцца дасягненнямі германскіх салдат падчас дзвюх сусветных войнаў». Ён таксама выступіў з патрабаваннем выслаць міністра і камісара па справах іміграцыі і бежанцаў Айдан Азогус на радзіму яе бацькоў, у Турцыю. Летась Гаўланд заявіў, што не хацеў бы мець суседам чарнаскурага футбаліста.
У ходзе выбарчай кампаніі быў апублікаваны электронны ліст, нібыта за аўтарствам Алісы Вайдэль, у якім яна абразліва выказвалася ў адрас арабаў і цыган. Сама Вайдэль адмаўляе сапраўднасць гэтага дакумента. Іншы актывіст гэтай партыі Фраўке Петры ў 2016 годзе заявіла, што паліцыя ў выпадку неабходнасці павінна адкрываць агонь па мігрантах, якія спрабуюць нелегальна пранікнуць у Германію.

Без рэвалюцый

Паводле даных статыстыкі, пятую частку выбаршчыкаў Германіі складаюць пажылыя людзі, і, як лічаць аналітыкі, менавіта яны шмат у чым вызначаць расклад сіл у парламенце XІX склікання. Статыстыку галасавання прадставіў федэральны ўпаўнаважаны па правядзенні выбараў Дытэр Зарайтэр. «Сёння ўжо больш за 20% выбаршчыкаў — людзі ва ўзросце 70 гадоў і старэй», — паведаміў Зарайтэр. Практычна трэць — тыя, каму за 60. Па словах упаўнаважанага, менавіта гэтая група насельніцтва адыграе значную ролю для вынікаў галасавання. Да таго ж пажылыя людзі больш дысцыплінаваныя, яны з вышэйшай доляй імавернасці прыйдуць на выбарчыя ўчасткі, чым моладзь. Тых, каму няма 30, налічваецца толькі 16% (яшчэ ў 1980-м было 22%), а самыя юныя выбаршчыкі — ва ўзросце ад 18 да 21 года — складаюць і зусім невялікую долю ў агульнай колькасці — 3,6%. У ЦВК таксама адзначылі, што ўсё часцей людзі лічаць больш зручным галасаваць па пошце, а не асабіста прыходзіць на ўчасткі. Такая практыка была ўведзена ў 1957 годзе. Чакаецца, што сёлета тых, хто галасуе такім спосабам, будзе да 25% ад агульнай колькасці.

Дарэчы, на адных выбарах перамагла менавіта кааліцыя Меркель. Яны адбыліся ў Германіі 16 верасня. Гаворка ідзе пра «дзіцячыя выбары», якія традыцыйна арганізуюцца за тыдзень да правядзення парламенцкіх выбараў, піша Dіe Welt. Кожнае дзіця ці падлетак, які не дасягнуў 18 гадоў, незалежна ад грамадзянства, мог прагаласаваць за любую нямецкую палітычную партыю. «U18-Wahl», або па-іншаму «дзіцячыя выбары», прайшлі ў 1662 выбарчых участках па ўсёй Германіі, у «галасаванні» прынялі ўдзел больш за 215 тыс. дзяцей. 28,3% прагаласавалі за Саюз ХДС/ХСС. Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі атрымала 19,8% галасоў, партыя «Зялёныя» — 16,5%, «Левыя» — 8,1%, «Альтэрнатыва для Германіі» — 6,8%, Свабодная дэмакратычная партыя — 5,7%. Згодна з Канстытуцыяй ФРГ, узрост выбаршчыка не можа быць ніжэйшы за 18 гадоў, адпаведна, вынікі «дзіцячых выбараў» не будуць залічаны пры падліку галасоў на асноўных парламенцкіх выбарах. «U18-Wahl» праводзяцца для таго, каб выхоўваць у «будучых выбаршчыках» палітычную культуру, дадае Dіe Welt.

«Дзіцячыя выбары» на вынік не паўплываюць, аднак яны адлюстроўваюць агульную тэндэнцыю.

Грамадзяне Германіі, падобна, аддаюць перавагу стабільнасці, якую ўвасабляе Меркель, асабліва ў сувязі з ростам папулісцкіх рухаў у іншых еўрапейскіх краінах. Як сказаў адзін палітычны каментатар, немцы не жадаюць палітычных рэвалюцый. Тым не менш самае цікавае — пасля выбараў, калі пачне фарміравацца ўрад і складвацца кааліцыі.

Захар БУРАК

burak@zvіazda.by

Дзейны прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі атрымаў падчас галасавання на выбарах кіраўніка дзяржавы каля 22 мільёнаў галасоў выбаршчыкаў — 97 % ад агульнай колькасці тых, хто прагаласаваў. Аб гэтым заявіў старшыня цэнтральнай выбарчай камісіі Лашын Ібрагім. Такім чынам, ас-Сісі зноў зойме прэзідэнцкае крэсла на наступныя чатыры гады. Новаабраны прэзідэнт Егіпта прынясе прысягу перад Палатай прадстаўнікоў у пачатку чэрвеня, пасля чаго пачнецца адлік яго другога тэрміну. Што адбываецца ў адной з ключавых краін Чорнага кантынента?


Ісламісты і вайскоўцы

Унутраная палітыка Арабскай Рэспублікі Егіпет вызначаецца яе эканамічнымі перавагамі. Зараз найбольшыя паступленні ў казну дзяржавы забяспечваюць плацяжы за права праходу суднаў па Суэцкім канале. На другім месцы — турызм, які атрымаў у апошнія гады асаблівы статус у краіне. На трэцім месцы — здабыча нафты і газу. Такім чынам, унутраная палітыка краіны арыентавана перш за ўсё на падтрыманне і развіццё бюджэтаўтваральных кірункаў. Кампаніі, што ствараюцца ў Егіпце для інвестыцый, напрыклад, у турбізнесе, атрымліваюць важкія падатковыя льготы. У краіну дазволены ўвоз любой валюты ў неабмежаванай колькасці.

Заахвочваюцца інвестыцыі замежных кампаній у нерухомасць. Пры ўсім гэтым Егіпет трыццаць гадоў фактычна быў краінай аднаго кіраўніка. Прэзідэнтам рэспублікі з 1981-га з'яўляўся нязменны Хосні Мубарак. Палітыка, якую ён праводзіў, на працягу дзесяцігоддзяў не выклікала актыўнага пратэсту большасці насельніцтва. Мубарака зрынула хваля народнага гневу ў ходзе «арабскай вясны». Прэзідэнт падаў у адстаўку пасля 18 дзён дэманстрацый і агульнанацыянальнай забастоўкі.

У выніку ў лютым 2011-га ўлада перайшла да вайскоўцаў, традыцыйных захавальнікаў стабільнасці ў дзяржаве. 16 чэрвеня 2012 года ў краіне прайшлі выбары — пераможцам аказаўся стаўленік умеранай ісламісцкай групоўкі «Браты-мусульмане». Ісламісты падтрымалі Мурсі, аднак грамадства ў цэлым аказалася расколатае. Улада новаабранага прэзідэнта аказалася нетрывалай — у лістападзе 2012-га ён выдаў указ, які надзяляе яго практычна неабмежаванай уладай у імя абароны рэвалюцыі. Сам кіраўнік адзначаў, што мае на мэце абарону Устаноўчага сходу, які павінен быў напісаць краіне новую канстытуцыю. У чэрвені 2013-га, у гадавіну прыходу Мурсі да ўлады, шматмільённыя маршы вымусілі ваенных умяшацца. Генерал Абдэль Фатах ас-Сісі прад'явіў Мурсі ўльтыматум і запатрабаваў вырашыць супярэчнасць з пратэстоўцамі на працягу дваіх сутак. Ваенныя дэ-факта ўзялі ўладу ў свае рукі, прэзідэнт-ісламіст быў зрынуты.

Цяжкія рэформы

У студзені 2014-га краіна прыняла новую канстытуцыю — за яе прагаласавалі 98 працэнтаў выбаршчыкаў. Праз паўгода ас-Сісі, фактычна кіруючы краінай на той момант, выйграў прэзідэнцкія выбары. Людзі чакалі ад прыходу ваенных нармалізацыі сітуацыі ў краіне і стабільнасці. Ас-Сісі абвясціў «перыяд цяжкай працы» — ён заклікаў суграмадзян уставаць у пяць раніцы і аддаваць працы ўсе сілы. Ён ахвяраваў у бюджэт палову сваёй маёмасці, многія чыноўнікі і бізнесмены ўзялі з яго прыклад. 140 мільёнаў долараў выдзеліла армія. Краіна пачала балючыя эканамічныя рэформы — інфляцыя падскочыла да 34 працэнтаў, аднак ас-Сісі растлумачыў: кароткі перыяд нягод забяспечыць эканамічны росквіт у будучыні. Прэзідэнт таксама абвясціў рэформу і мадэрнізацыю ісламу. Ён прапанаваў выключыць з падручнікаў рэлігійных школ заклікі да гвалту і ўслаўленне жорсткасці. Прэзідэнт нават прыехаў на калядную імшу ў хрысціянскі храм і пажадаў вернікам шчаслівых Калядаў.

Былы прэзідэнт Мурсі ў гэты час быў прыгавораны да смяротнага пакарання. Прысуд потым адмянілі. Зараз Мурсі сядзіць у турме. Тым не менш дагэтуль Егіпет узрушваюць тэракты. У 2015-м, напрыклад, начыненая выбухоўкай машына ўзарвалася на шляху картэжа пракурора Хішам Бараката. Чыноўнік загінуў. Армія краіны вядзе безвыніковую барацьбу з ісламістамі Сінайскага паўвострава, раз'юшанымі звяржэннем Мурсі. Мясцовыя тэрарысты прысягнулі на вернасць баевікам «Ісламскай дзяржавы» і прынялі назву «Вілаят Сінай». Менавіта яны заклалі бомбу на борт расійскага пасажырскага самалёта A321, з-за выбуху якой загінулі 224 чалавекі. Баевікі не шкадуюць ні хрысціян-коптаў, ні нават братоў па веры. 24 лістапада 2017 года яны напалі на мячэць эр-Роўд у ваколіцах горада Арыш. Тады былі забітыя больш за 300 чалавек. Цяжкая абстаноўка з бяспекай падарвала турыстычную галіну: калі да «арабскай вясны» ў Егіпет прыязджалі да 15 мільёнаў турыстаў штогод, то сёння ад паездак у краіну пірамід перасцерагаюць улады шэрагу дзяржаў.

Два дзіцяці на сям'ю

Егіпет з'яўляецца самай населенай дзяржавай на Блізкім Усходзе і другой па колькасці насельніцтва на афрыканскім кантыненце. Паводле апошніх даных, тут пражывае амаль 95 мільёнаў чалавек. Яшчэ дзевяць мільёнаў егіпцян знаходзяцца за мяжой. Насельніцтва хутка павялічвалася ў перыяд з 1970 па 2010 год у сувязі з дасягненнямі ў медыцыне і павышэннем прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі, так званай зялёнай рэвалюцыі. Пры ўварванні Напалеона ў 1798 годзе колькасць жыхароў Егіпта налічвала ўсяго тры мільёны, у 1939-м — 16,5 мільёна. Насельніцтва сканцэнтравана ўздоўж і ў дэльце ракі Ніл (у прыватнасці, у Каіры і Александрыі), а таксама паблізу Суэцкага канала.

Летась міністр аховы здароўя і народанасельніцтва Егіпта Ахмед Імада эд-Дзін і міністр мясцовага развіцця Мухамед Хішам аш-Шэрыф абвясцілі аб запуску стратэгічнага плана па кантролі за нараджальнасцю пад назвай «Развіццё Егіпта: толькі два дзіцяці на сям'ю». Як адзначыў кіраўнік міністэрства аховы здароўя, змагацца з рэзкім прыростам насельніцтва перш за ўсё неабходна з дапамогай павышэння ўзроўню адукаванасці, працаўладкавання жанчын і прадухілення ранніх шлюбаў. Паводле яго слоў, «кантрацэпцыя — апошняе, на што варта спадзявацца пры рэалізацыі гэтай стратэгіі». Рэлігійныя ўстаноўкі, на яго думку, «таксама адыграюць важную ролю ў працэсе павышэння ўзроўню праінфармаванасці насельніцтва».

У 2005 годзе ўзровень нараджальнасці ў Егіпце складаў у сярэднім 2,5 дзіцяці, а цяпер ён вырас да 3,5. «Альбо прырост насельніцтва і далей будзе разбураць Егіпет, альбо мы вырашым гэтую праблему», — заявіў Ахмед Імада эд-Дзін. Насельніцтва Егіпта штогод павялічваецца больш чым на два мільёны чалавек. Як адзначыў міністр мясцовага развіцця, калі прырост працягнецца такімі ж тэмпамі, праз тры гады ўрад Егіпта будзе абавязаны забяспечыць насельніцтва 20 тыс. дзіцячых садоў, праз шэсць гадоў — 100 тыс. школ, а праз 25 гадоў — дадатковымі двума мільёнамі працоўных месцаў. Раней у шэрагу рэгіёнаў Егіпта дзейнічалі праграмы бясплатнага распаўсюджання сродкаў кантрацэпцыі, але, як правіла, па рэлігійных меркаваннях шмат хто адмаўляецца ад удзелу ў іх. Для Каіра нормай лічыцца два — чатыры дзіцяці на сям'ю, для больш бедных сельскіх раёнаў — ад шасці і вышэй.

На першы погляд, дзяржаўная палітыка па скарачэнні нараджальнасці ў мусульманскай краіне (больш за тое — у адным з цэнтраў мусульманскага свету) — нерэальная задача. Аднак варта ўлічваць той факт, што галоўным ініцыятарам гэтай праграмы ў Егіпце сталі не два міністры, а асабіста прэзідэнт Абдэль Фатах ас-Сісі. Гэта ён забіў трывогу, калі атрымаў лічбы штогадовага прыросту насельніцтва краіны на 2,5 мільёна чалавек. Прэзідэнт Егіпта паставіў пагрозу росту насельніцтва ў адзін шэраг з пагрозай тэрарызму. «Дзве галоўныя праблемы, якія стаяць перад нашай дзяржавай, — тэрарызм і рост насельніцтва. Гэтыя праблемы значна абцяжарваюць наш рух наперад», — сказаў ён. Характэрна, што гэтая заява была зроблена менавіта на маладзёжным форуме. Матывацыя ас-Сісі выключна эканамічная. Чыста матэматычныя падлікі егіпецкага ўрада такія: калі скараціць нараджальнасць хоць бы да 2,4 мільёна ў год, то да 2030-га ўдасца сэканоміць да 11 мільярдаў долараў.

Універсітэт аль-Азхар — найбуйнейшая ў суніцкім свеце мусульманская навучальная ўстанова, абсалютны аўтарытэт для ўсіх мусульман не толькі ў Егіпце, нечакана падтрымаў ініцыятыву свецкай улады. Ён апублікаваў фетвы, у якіх сказана, што іслам у прынцыпе не забараняе планаванне сям'і.

Суэц і новая сталіца

За свой першы прэзідэнцкі тэрмін ас-Сісі многае зрабіў: будаваў дарогі, жыллё, электрастанцыі, мацаваў абарону. Сярод маштабных праектаў — пашырэнне Суэцкага канала, стварэнне новай сталіцы. У шэрагу дасягненняў ас-Сісі — дамоўленасці з Саудаўскай Аравіяй і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі аб істотнай фінансавай падтрымцы, шмат у чым дзякуючы поспехам у барацьбе супраць «Братоў-мусульман». Аднак усё роўна трэба было залазіць у даўгі да МВФ, які выдзеліў Егіпту 21 млрд долараў на даволі жорсткіх умовах. У выніку егіпцянам прыйшлося зноў зацягваць паясы.

Увогуле, ас-Сісі ўступае ў свой другі прэзідэнцкі тэрмін у няпростых для Егіпта ўмовах. «Ён робіць фантастычную працу ў вельмі складанай сітуацыі», — так сказаў пра кіраўніка Егіпта прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля іх сустрэчы ў мінулым годзе ў Вашынгтоне. Як заявіў «Коммерсанту» афіцыйны прадстаўнік МЗС Егіпта Ахмед Абу Зейд, падчас свайго першага тэрміну прэзідэнту краіны ўдалося актывізаваць адносіны з усімі замежнымі партнёрамі краіны. З тым, што Каір вяртае сабе пазіцыі на Блізкім Усходзе, згодныя і іншыя эксперты. Зрэшты, знешнепалітычных партнёраў Егіпта прэзідэнт цалкам задавальняе як узважаны і моцны палітык, які вядзе непрымірымую барацьбу з тэрарызмам. Аднак для павышэння ўзроўню бяспекі ў краіне яшчэ неабходна прыкласці шмат намаганняў. Дарэчы, наколькі гэта складана, паказвае беспрэцэдэнтная ваенная аперацыя на Сінайскім паўвостраве. Перамагчы тэрарыстаў да выбараў, як меркаваў ас-Сісі, не ўдалося.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Восень бундэстага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».