Вы тут

Мінскі школьнік стварае галерэю ўспамінаў удзельнікаў ВАВ


У свае 15 гадоў Раман Зінчанка не гуляе ў камп'ютарныя гульні і рэдка бавіць час з аднагодкамі. Тое, як ён праводзіў гэтыя летнія канікулы, здзіўляе нават дарослых. Замест таго каб катацца на веласіпедзе, плёскацца спякотай у вадзе або бавіць час, як многія сучасныя падлеткі, хлопец сустракаўся з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны.


100-гадовага ваеннага ўрача Фёдара Іосіфавіча ПАЛІЎНІКАВА Раман марыць пазнаёміць са сваімі аднакласнікамі.

У інтэрнэце Рома стварыў суполку «Вялікай Радзімы сыны», дзе публікуе пасты аб салдатах Перамогі. Ён фатаграфуе гэтых ужо пажылых людзей разам з іх узнагародамі, запісвае ўспаміны ўдзельнікаў тых далёкіх падзей на дыктафон і на відэа.

— Ветэраны ўжо адыходзяць з жыцця, таму вельмі важна не спазніцца, — тлумачыць мэту зусім не падлеткавага захаплення Раман. — Праз гадоў пяць-дзесяць іх ужо не будзе, але ўспаміны застануцца. Магчыма, калі-небудзь удасца ажыццявіць мару, і я збяру іх пад адной вокладкай.

Цікавіцца тэмай Вялікай Айчыннай вайны хлопец пачаў не так даўно. Задумацца прымусілі ўзнагароды і фотаздымкі родных, знойдзеныя ў сямейным архіве. Сваіх продкаў-франтавікоў, а таксама ўдзельнікаў падпольнага руху, ён, вядома, у жывых не застаў, затое дасканала вывучыў іх біяграфіі з дапамогай мамы і бабулі.

Раман паказвае пажаўцелыя ад часу фотаздымкі і пачынае свой расказ: «Мая прабабуля, Марыя Фёдараўна Чупрыс, яшчэ да вайны працавала ў бальніцы. Асісціравала Герою Савецкага Саюза Яўгену Клумаву. У гады акупацыі жыла ў Мінску. Насіла лістоўкі, збірала нейкія звесткі — адным словам, як усе».

Сапраўды, жыхары акупаванай сталіцы Беларусі шмат у чым дапамагалі фронту, але далёка не ва ўсіх на грудзях зіхацеў ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені. Не кожны з мірных жыхароў меў пасля вайны і пасведчанне партызана Беларусі. Але не пра гэта...

Старэйшы брат прабабулі Рамана Дзмітрый Чупрыс быў кадравым ваенным. Скончыў школу чырвоных камандзіраў. Удзельнічаў у савецка-фінскай вайне, з першых дзён Другой сусветнай — на фронце. Дэсантам быў перакінуты на акупаваную тэрыторыю Беларусі. Па словах праўнука, у якасці начальніка штаба разведвальна-дыверсійнага атрада «Дзімы» ўдзельнічаў у падрыхтоўцы аперацыі па знішчэнні палача беларускага народа гаўляйтара Кубэ. Потым быў пераведзены ў партызанскую брыгаду «Штурмавая», з дзейнічаючай арміяй дайшоў да Германіі. Быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў.

Былі ў сям'і Рамана і іншыя, не менш гераічныя продкі. Тэма Вялікай Айчыннай вайны тут ніколі забытай не была. Невыпадкова ідэю хлопца — сабраць успаміны франтавікоў — падтрымалі ўсе. А пачалося ўсё з таго, як разам з некалькімі аднакласнікамі яго адправілі павіншаваць аднаго ветэрана са святам Перамогі. Школьніку было вельмі цікава ўбачыць удзельніка тых падзей, яшчэ цікавей — пачуць пра баявыя справы. Тады і ўзнікла жаданне пазнаёміцца з франтавікамі бліжэй. Знайшоў праз інтэрнэт адрас аднаго з іх, патэлефанаваў, дамовіўся аб сустрэчы. Той пагадзіўся.

— Але не ўсе ўдзельнікі вайны такія даверлівыя, — прызнаецца Раман Зінчанка. — Яно зразумела: не раз іх падманвалі, нават абкрадалі. Ды і дзіва якое — сучаснаму хлопчыку цікава даведацца пра вайну! Цяпер дзейнічаю афіцыйна: праз саветы ветэранаў. Там мне даюць кантакты, тады смела тэлефаную, спасылаючыся на старшыню або яго намесніка. Калі ветэраны чуюць знаёмыя прозвішчы, пагаджаюцца сустракацца больш ахвотна.

З танкістам Аляксандрам Фёдаравічам ФЕНЕМ школьнік можа правесці ледзь не ўвесь дзень: у франтавіка багата гісторый.

Аднойчы адну з дачок ветэрана адолела сумненне, і тая вырашыла праверыць, ці сапраўды ёсць такі школьнік. Аказваецца, бацьку жанчыны неяк падманулі, таму яна вырашыла быць больш пільнай. Вось і патэлефанавала ў 71-ю мінскую школу, дзе вучыцца Раман. Так настаўнікі і аднакласнікі даведаліся пра незвычайнае захапленне падлетка.

— Размаўляючы з ветэранам, мне цікава даведацца не толькі пра яго баявы шлях, а і пачуць пра яго дзяцінства, пра тое, як наладжвалася пасляваеннае жыццё, — расказвае Раман. — Ветэранаў, якія прайшлі ўсю вайну, засталося вельмі мала. У асноўным сустракаюся з тымі, хто трапіў пад апошні прызыў. Але шчасціць і на такія баявыя эпізоды, што хоць ты фільм здымай! Аляксандр Іванавіч Слабада расказвае пра бітву на Буйніцкім полі і абарону Масквы, Аляксандр Фёдаравіч Фень успамінае падзеі пад Сталінградам і Курскам, тое, як вызваляў Мінск...

Не сакрэт, што не ўсе ветэраны могуць пахваліцца вострасюжэтным эпізодам са свайго жыцця. Іх, вядома, было нямала, але памяць падводзіць. Затое яны з задавальненнем гутараць з Раманам пра надзённае. «Многім з іх часам проста трэба выказацца, — перакананы дзесяцікласнік. — У большасці сваёй ветэраны — адзінокія людзі, якія нават пры наяўнасці сваякоў часам не маюць з кім пагаварыць. Іх блізкія настолькі занятыя ўласнымі справамі, што часам не заўважаюць, што жывуць побач з баявым чалавекам».

— Па досведзе ведаю, што часам у ветэрана можна правесці ледзь не цэлы дзень. Не напружвае? — цікаўлюся.

— Можа, іх і напружвае, мяне не, — прызнаецца Рома. — Калі адчуваю, што суразмоўнік стаміўся, закругляюся. У таго ж танкіста Аляксандра Феня быў неяк з 11 раніцы і да дзевяці вечара. Нам было цікава разам.

— Але пра вайну сёння можна даведацца з розных крыніц. У тым жа інтэрнэце, у кіно...

— А адкуль вядома, што там праўда? — не пагаджаецца хлопец. — Хочацца пачуць жывыя расказы тых, хто на свае вочы бачыў ворага, змагаўся з ім. Часам здзіўляешся, што ты сядзіш насупраць чалавека, які ўдзельнічаў у легендарных падзеях, бачыў многае, узнагароджаны такімі высокімі ордэнамі і медалямі!

Са сваімі ветэранамі Раман падтрымлівае сувязь і пасля таго, як выканаў сваю асноўную місію — запісаў успаміны. Віншуе іх са святамі, тэлефануе і без нагоды: спытаць, напрыклад, як здароўе, справы. Некаторых удзельнікаў наведвае рэгулярна.

— Я выдатна разумею: хтосьці хоча мець зносіны, іншым гэта не патрэбна, — кажа школьнік. — Са 100-гадовым ваенным урачом Фёдарам Іосіфавічам Паліўнікавым мы нават пасябравалі. Большасць сваякоў ветэрана жыве ў Хабараўску, таму ён вельмі рады, калі я да яго прыходжу. І мне прыемны яго клопат. Тэлефанаваў нядаўна, пытаўся, як я падрыхтаваўся да школы. Вельмі хачу пазнаёміць яго са сваімі аднакласнікамі. Калі ўсё атрымаецца, Фёдар Іосіфавіч выступіць перад імі.

Да ветэранаў Вялікай Айчыннай Рома ходзіць адзін. Кажа, што таварышам гэта нецікава. Хутка ён абыдзе сваіх ветэранаў па другім разе. Кагосьці наведае і пяты раз. Місія такая — стварыць галерэю партрэтаў удзельнікаў вайны з іх узнагародамі. Праўда, у школе пачаліся заняткі, таму вольнага часу ў Рамана стала значна менш. Але хлопец не сумуе. «Ёсць жа і другая палова дня, і выхадныя, — гаворыць ён. — Галоўнае, каб яны ведалі, што я пра іх помню. Толькі і думаю аб ветэранах».

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zviazda.by

Фота з архіва Рамана ЗІНЧАНКІ

Загаловак у газеце: Раман — аб ветэранах

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.