Вы тут

Камандзір і яго зорынцы


Першым найцяжэйшым выпрабаваннем у гады ваеннага ліхалецця для Шолама Натанавіча стала пападанне ў 1941 годзе ў Мінскае гета. Але яму ўдалося апынуцца на волі. Уцёкі былі зроблены з мэтай арганізацыі партызанскага атрада. І такі атрад з'явіўся. Фарміраваннем дадзенай баявой адзінкі, якая насіла імя героя грамадзянскай вайны Пархоменкі, займаліся ў роўнай ступені і Зорын, і Сямён Ганзенка, які ўцёк з мінскага лагера для ваеннапалонных. Ён і стаў камандзірам атрада, які дыслакаваўся на Міншчыне.


Шолам ЗОРЫН (у ніжнім радзе ў цэнтры).

Першапачаткова ў атрад уваходзіла каля 150 партызан. У большасці з іх быў такі ж лёс, як і ў Зорына: яны збеглі з таго ж гета. І дапамагаў ім у гэтым Шолам Натанавіч. Толькі істотнае павелічэнне долі яўрэяў у партызанскім атрадзе імя Пархоменкі падабалася далёка не ўсім байцам. І яўрэі гэта адчувалі. Тады Ганзенка прапанаваў Зорыну стварыць самастойную баявую адзінку выключна з яўрэяў.

5 чэрвеня 1943 года для Шолама Натанавіча прабіў зорны час. Ён сам рыхтуе і падпісвае загад аб стварэнні яўрэйскага сямейнага партызанскага атрада. Першапачаткова зорынцы дыслакаваліся на мяжы Баранавіцкай і Мінскай абласцей. 11 месяцаў атрад не меў афіцыйна ўсталяванай назвы. Потым гаворка пайшла пра 106-ы атрад. У выніку папоўнілася чарговым фарміраваннем Івянецкае партызанскае злучэнне, стала больш народных мсціўцаў у Налібоцкай пушчы.

У камандзіра атрада пастаянна адчувалася моцная ваенная жылка. Бліскуча спрацавала яго гаспадарская хватка. У лічаныя тыдні стаў рэальнасцю лясны лагер з узрушальнай канцэнтрацыяй поліфункцыянальнай інфраструктуры. З'явіліся зямлянкі, у якіх не было холадна. Атрымалі свой уласны кут зброевых спраў майстры. Было аператыўна закрыта пытанне па кадрах і тэхнічных сродках для пашыву і рамонту адзення. Шырокі фронт работы быў у шаўцоў, для якіх адкрылася спецыяльная майстэрня. Аператыўна зманціравалі абсталяванне для выпякання хлеба, у асобным цэху начынялі каўбасы. Запрацавала друкарня.

Атрад Зорына адзначаўся і падборам першакласных эскулапаў. Сфарміравалася каманда з дзевяці самаадданых людзей, якія дзень і ноч дэманстравалі вернасць клятве Гіпакрата. Дарэчы, сярод пацыентаў лекараў-зорынцаў было мноства людзей, якія не мелі ніякага дачынення да 106-га атрада.

На месцы дыслакацыі знайшлі сябе і тыя, хто сеяў разумнае, добрае, вечнае. Без малога 70 дзетак набывалі веды, адчувалі сябе адзінай школьнай сям'ёй. Наогул, дзеці — а такіх у атрадзе было без малога 150 — з'яўляліся для Зорына прыярытэтам нумар адзін. У большасці з іх абодва бацькі былі знішчаны акупантамі і іх памагатымі. Гэтыя сіроты адчувалі з боку Зорына сапраўды бацькаў клопат.

Праз паўгода ў атрадзе налічвалася больш як 500 чалавек, а праз год — звыш 800. Касцяк зорынцаў складалі ўцекачы з Мінскага гета. Імі здабывалася і перадавалася ў цэнтр стратэгічна важная інфармацыя, знішчалася мноства значных для ворага камунікацый, былі пазбаўлены жыцця сотні акупантаў і іх памагатых. Былы баец атрада Ісак Грынберг успамінаў: «Зорын заўсёды сам вёў сваіх партызан на ўсе небяспечныя справы, яго прыклад натхняў і падтрымліваў нас у цяжкія хвіліны». У чэрвені 1944 года Шолам Натанавіч у баі страціў нагу...

Гісторыя 106-га атрада скончылася 9 ліпеня 1944 года. Большая частка яго байцоў улілася ў рады Чырвонай Арміі. Уклад Шолама Натанавіча ў Вялікую Перамогу адзначаны шэрагам узнагарод: ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў, медалямі «Партызану Айчыннай вайны», «За перамогу над Германіяй».

Праз 43 гады пасля смерці Шолама Зорына ўяўляецца неабходным паставіць пытанне пра ўвекавечанне памяці пра яго на беларускай зямлі. Напрыклад, прысвоіць яго імя адной з вуліц Мінска.

Міхаіл СТРАЛЕЦ, прафесар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».