Вы тут

Аляксей Ляляўскі паставіў новы спектакль у Лялечным тэатры


Мне падабаецца назіраць за дуэтамі акцёраў і лялек у спектаклях Аляксея Ляляўскага. Яны дзіўна суіснуюць: першыя нагадваюць малых дзяцей, паглыбленых у свет уласных фантазій, другія — у «крэйзі», замілавальным альбо смешным выглядзе — становяцца галоўнымі героямі сюжэтаў для дарослых. На гэты раз сюжэт не проста дарослы, у новай пастаноўцы Дзяржаўнага тэатра лялек «Mann іst Mann» паводле Бертольда Брэхта — прэм'ера спектакля адбылася 21 верасня — складаны бэкграўнд. П'еса, назва якой перакладаецца як «Чалавек ёсць чалавек», адсылае да Германіі пасля Першай сусветнай вайны, узыходжання гітлераўскай ідэалогіі і вымудраваных трансфармацый паняцця «чалавек». Але толькі тэарэтычна, бо мы ведаем, хто такі Брэхт, дзе і калі ён жыў. А на сцэне лялечнага брытанскія войскі ў брытанскай Індыі і партовы грузчык Гэлі Гэй, не здольны казаць «не».


Ёсць у целе самой п'есы нейкае вар'яцтва. Чацвёра салдат брытанскай арміі вырашылі пажывіцца ў пагадзе, але адзін з іх, Джэрая Джып, трапіў у пастку і пакінуў сляды — рыжыя валасы. Яго сябры вымушаны нешта прыдумаць, каб па слядах не выявіўся злачынца, і шукаюць некага, хто мог бы на вячэрняй паверцы замяніць п'янага, з праплешынай на галаве, Джыпа. Тут ім сустракаецца Гэлі Гэй, які насамрэч выйшаў па рыбу, але трапіў не ў тое месца і не ў той час. Яго няздольнасць казаць «не», вядома, умоўная, не тое каб ён быў шчаслівы дапамагчы салдатам, але амаль вымушаны апрануць форму паспеў на гэтай аванцюры пажывіцца. Далей — больш. П'янага Джэрая Джыпа трымае бонза тыбецкай пагады ў надзеі, што ваеннае кіраўніцтва знойдзе злачынцу па яго адсутнасці, а салдаты зноў жа павінны звяртацца да Гэлі Гэя па дапамогу.

Шэраг абсурдысцкіх сцэн — і мы атрымліваем гісторыю пра пераробленага чалавека, пра сабраную па частках свядомасць, пра нетрываласць чалавека перад натоўпам. Гэлі Гэй з грузчыка, які пайшоў раніцай па рыбу, ператварыўся ў аднаго з найбольш крыважэрных салдат, з набярэжнай трапіў у салдацкі строй, яго паўсядзённая гуллівасць стала гульнёй са зброяй.

Што зрабіў Аляксей Ляляўскі, дык надаў гэтаму сюжэту яшчэ больш абсурду, прычым у нейкім рытуальным кірунку. Танцы і спевы, а на гэтай сцэне яны дадаюць абсурду, — добрае суправаджэнне для станаўлення новага чалавека. Глабальная перабудова — таму што ўсё, што датычыцца маленькага чалавека ў жорнах гісторыі, насамрэч глабальнае — адбываецца праз нязначны, нават жартаўлівы шэраг падзей. Каб падкрэсліць, што ператварэнне чалавека — гэта вынік не замоў злых геніяў альбо хімічных рэчываў у венах, а лёгкіх рухаў, варта было «раздрабніць» сюжэт п'есы на, здавалася б, нязначныя падзеі і дадаць яшчэ больш дробязяў, складнікаў кампазіцыі ў спектакль.

П'еса Бертольда Брэхта добра падыходзіць менавіта для лялечнага тэатра, нават з улікам таго, што, калі сам Брэхт ставіў «Mann іst Mann», ён выкарыстоўваў нешта падобнае — штучныя вобразы людзей, толькі ў вялікіх памерах. Дык вось, калі гаворка ідзе пра такое антыўтапічнае ўздзеянне на маленькага чалавека (грузчыка альбо падкрэслена амаль бессвядомай часткі наладжанай сістэмы), добра выкарыстоўваць лялек, якія на сцэне становяцца яшчэ і адпаведным сімвалам. Ёсць лялька, а ёсць той, хто з ёй гуляе, апранае і прыдумляе для яе гісторыю жыцця. Гэлі Гэй, што пахаваў самога сябе і назваўся чужым імем, стаў цацкай без волі і ўласнага шляху, і не толькі ён: нездарма ў спектакле Ляляўскага галоўныя героі па чарзе са сваімі лялькамі выступаюць на першы план. Што штучны чалавечы вобраз, што ўласна чалавек — аналогія зразумелая.

Затуманеная сцэна, танцы ў эстэтыцы абсурду, сімвалы ў спектаклі якраз і ствараюць той патрэбны антыўтапічны матыў, у кантэксце якога гісторыя перабудовы чалавека выглядае найбольш арганічнай. І хоць сутнасць п'есы, бясспрэчна, найбольш падыходзіць рэфлексам Германіі 1920—1940-х, пастаноўка ў Лялечным — абсалютна сучасная, не толькі таму што «тэма вечная», а дзякуючы пэўным фармалісцкім рашэнням.

Фінальны выгук «Я Джэрая Джып» — напэўна, самы расчаравальны, затое моцны момант п'есы/спектакля, і рэжысёр «Mann іst Mann» прымусіў гэтага азначэння чакаць. Пачуцці, з якімі глядач наблізіцца да канчатковага сцверджання, напэўна, стануць для яго таксама вызначальным момантам (а гэтых праекцый дасягнуць дорага каштуе). Уласна я ўсё яшчэ спадзявалася, што ў варыянце Лялечнага Гэлі Гэй скажа, што ён Гэлі Гэй.

Важна зразумець: маленькім чалавекам, што аказваецца пад адпаведным уздзеяннем, можаце быць вы, а ўмоўная машынерыя можа паглынуць свабоду на раз-два. Што яшчэ важна — знайсці аналогіі ў розных, маленькіх і ўсюдыісных, сферах жыцця. Сучасныя тэхналогіі, «дрэнная кампанія», распаўсюджаныя перакананні — дайдзіце і да маштабаў алюзій самога Бертольда Брэхта. На шчасце, лялечны тэатр і Аляксей Ляляўскі, якія і без таго знаходзяцца ў якасных лідарах беларускага тэатра, зноў прадставілі пастаноўку, на якую білеты трэба набываць у першую чаргу. Каб чалавек быў усё ж чалавекам.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Фо­та Над­зеі БУ­ЖАН

Загаловак у газеце: Рытуальны танец у гонар новага чалавека

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.