Вы тут

Дарослыя


Дарослыя

Касечка вельмі хацела стаць дарослай. Гэта ж такія выгоды: можна будзе самой вырашаць, калі класціся спаць, як бавіць час, што есці (марозіва, піражкі з павідлам, газіроўкай запіваць — і ніякіх супоў!). Не трэба хадзіць у школу, змагацца за адзнакі, чырванець за адзнакі, калі не змагалася, хавацца ад настаўніц, калі ходзіш з мамай па горадзе.

Калі ты дарослы, ты ходзіш на працу, перакладаеш паперы з месца на месца, п’еш гарбату з шакаладкай і думаеш пра сваё. Напрыклад, пра тое, што кожны чалавек — сусед па парце, мінак на вуліцы ці самы страшны вораг у школе — такі, як і ты, чалавек, у яго ў галаве сядзіць такое ж самае «Я», што і ў цябе, і ён бачыць цябе не так, як ты сябе бачыш, а з боку, зусім чужой, суседкай па парце, мінаком ці дзяўчынкай-няўклюдай, якую можна крыўдзіць і не баяцца помсты.

Ці можна ўяўляць, што ты адначасова сядзіш за партай у класе і падымаешся над класам да самай столі і бачыш сябе толькі галавой з бантам сярод дваццаці чатырох галоў з бантамі і без. Потым ты праходзіш праз столь, усё яшчэ бачыш дваццаць пяць галоў, старанна чапляешся поглядам за сваю, але ўжо не ўпэўненая, ці твая гэта. Падымаешся яшчэ вышэй, класаў і галоў робіцца больш. Потым больш робіцца і будынкаў, і ты нават не ўпэўненая, які са шматлікіх у горадзе — школа. Яшчэ больш складана — знайсці свой горад, калі ты ў космасе. І тут пачынаецца самае цікавае. Калі ты ў космасе, сярод зорак, трэба як мага больш рэзка і хутка, каб не паспець забыцца, упасці да сябе сапраўднай — якая сядзіць у класе і ледзь не плача, бо атрымала чарговую «чацвёрку» па матэматыцы. Які сэнс мае матэматыка, Касечка, яе «чацвёрка», усе «чацвёркі» свету, калі падымаешся ў космас і бачыш, што не ўяўляеш сабой нават кропкі на Зямлі, нягледзячы на вялікія банты? Ад гэтага рабілася сумна, але лёгка і спакойна, прынамсі, пакуль не трэба было казаць маме пра кепскую адзнаку. Потым, значна пазней, Кацярынка даведалася, што не адной ёй прыходзілі ў галаву такія думкі — ужо напісаў Максім Багдановіч, але Кацярынку гэта не надта кранула, бо яе займалі зусім іншыя праблемы.

Зрэшты, і «Я» у кожным чалавеку, і космас, для якога зусім не мае значэння Касечка, будуць здавацца лухтой, таму што дарослая Кацярынка будзе ведаць нашмат больш, чым ведае Касечка, і думаць будзе пра штосьці большае, чым яна сама. Вось бы пабачыць сябе праз гадоў дзесяць-пятнаццаць… Кацярынка, безумоўна, будзе вартай усякіх захапленняў.

Кацярынка перачытвае дзённік Касечкі. Ну так, «Я», ну так, космас. Толькі лепш бы ты, Касечка, матэматыку з фізікай вучыла, ды і на іншых дакладных і карысных прадметах настаўнікаў слухала, чым пра космас думаць. Ён будзе існаваць незалежна ад цябе, а што будзеш рабіць ты? Як будзеш вырашаць шматлікія дарослыя пытанні, якіх нашмат больш, чым на ўроках дакладных дысцыплін? Бяда такая, што ні марозівам, ні шакаладкай ні заесці — ды і вагі лічбу недазволеную паказваюць. І ўвогуле, 22.00 на гадзінніку, час класціся спаць — заўтра зноў уставаць рана, на працу.

Карацей кажучы, калі б Касечка і Кацярынка сустрэліся, яны б адна адну не зразумелі. 

Кацярына Захарэвіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».