Вы тут

Анонс вераснёўскай "Маладосці"


Анонс вераснёўскай "Маладосці"

Народная мудрасць, згодна з якой куранят трэба лічыць восенню, прывучыла нас успрымаць гэту пару як пэўную фінішную прамую:  час збіраць ураджай, падводзіць вынікі сваёй працы, рыхтавацца да завяршэння каляндарнага года. Аднак шмат для каго верасень сімвалізуе толькі пачатак года. Навучальнага! І “Маладосць” распачынае яго нумарам, прысвечаным студэнцтву.

Гётэ пісаў,  што можна навучыцца толькі таму, што любіш. Ці любіце вы родную прыроду? Пытанне рытарычнае. Ігар Палынскі ў сваёй калонцы “па-за загалоўным” расказвае пра складаныя адносіны чалавека з навакольным асяроддзем: “...нехта кажа: нельга ўмешвацца ў ход падзей прыроды. іншыя паспачуваюць і — «ну, а што мы можам зрабіць?» і зусім нешматлікія паставяць на вушы ўсіх, каго толькі можна, каб выратаваць жыццё бездапаможных істот”. Гэта пра буслоў.

Кася Глухоўская, творчасць якой прадстаўлена ў № 9, працуе псіхолагам, але няма сумненняў, што ў студэнцкія гады яна выдатна засвоіла філасофію. Яе вершы глыбокія і ўдумлівыя:
          

“Самота цудаў — гэта небыццё.

І нават сэрца ціхае біццё

Не вызначае больш за шум падзення

З гары — каменных лапікаў адзення,

З лядашыка на вокны — капяжа,

Сняжынкі на сумёт. А дзе мяжа

Змыкаецца мастом ад чалавека

Да іншага — разбураным — там лекам

Атруты боль стаецца ці здаецца.

«Нішто наўпрост на свеце не даецца», —

Так кеміць той, хто раіць рою пчол,

Гатункам кветак — райскае плячо,

Атрамантам расшытае прыволле —

Вясновых макаў поле. І не болей.

 

У якасці студэнцкага канспекта – артыкул Кірыла Мяцеліцы, прысвечаны адной з самых таямнічых і супярэчлівых постацяў нашага мінулага – палкоўніку Крычэўскаму: “Крычэўскі, якому некалі не знайшлося месца ў Вялікім Княстве Літоўскім, вярнуўся на Радзіму з мячом. З сабой ён нёс толькі вайну, разбурэнні і кроў. Мабыць, і ёсць нешта сімвалічнае ў тым, што менавіта на роднай для сябе зямлі ён у выніку і скончыў свой жыццёвы шлях”.

    Cваім бачаннем сучаснай беларускай літаратуры дзеляцца “выпускнікі” і высокі арэапаг конкурса “БрамаМар”. Трэба адзначыць, што некаторыя брамамараўцы перараслі ўзровень пачаткоўцаў. Не верыце? Тады пазнаёмцеся, напрыклад, са стылёвай і сакавітай прозай Дар’і Трайдэн: Парцьеры, дываны, вялікія букеты руж, рэпрадукцыя Сіксцінскай мадонны, старое памутнелае люстэрка ў калідоры, ружовыя шпалеры з зорачкамі, што ззяюць у цемры, мебельны кухонны гарнітур, наш тоўсты шчанюк, два ложкі, канапа, цацачныя машыны, мае музычныя дыскі і плакаты, дваццаць адна пара тваіх туфляў, яго любімы нож — усё ахоплена полымем. Хутка нічога не застанецца апроч тваіх зламаных пальцаў, апроч напалоханых вачэй маёй малодшай сястры, апроч нажа — і апроч майго «я ведала».

У якасці пазакласнага чытання – інтэрв’ю з рэктарам БДЭУ Уладзімірам Шымавым, які расказаў пра сваё юнацтва ў якасці студэнта МДУ: “Для мяне вучоба ў МДУ звязана і з радасцю пазнання, і з каласальнай штодзённай працай. Але былі і іншыя інтарэсы. Масква адкрывала для нас, перыферыйных хлопцаў і дзяўчат, магчымасць карыстацца яе багатымі культурнымі каштоўнасцямі. У той час на піку папулярнасці, у творчым росквіце была Таганка, «Современник», Вахтангаўскі, Тэатр сатыры з выдатнымі акцёрамі, сярод якіх Мішулін, Міронавы, Пельцар, Гафт. Гэта ж таксама трэба было захапіць. А грошай пастаянна не хапала, і трэба было ісці на Маскву-Таварную, каб нешта падзарабіць”.

Не сказалі галоўнае. Нумар пра студэнтаў, для студэнтаў, са студэнтамі не мог абысціся без новай “фішкі”: яго адкрывае неверагоднае студэнцкае пераўвасабленне: з 1954-га пераносімся ў 2017-ы ў імгненне вока.

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.