Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


У пошуках сябе

Максім (а цяпер, вядома ж, Максім Іванавіч) звальняўся з войска ў пачатку 50-х гадоў. Дома з нецярпеннем яго чакалі маці і тры малодшыя сястры.

Зрэшты, слова «дом» тут не вельмі дарэчы, бо якраз яго ў сям'і і не было: немцы спалілі хату, яны ж, па даносе паліцаяў, забілі бацьку, даваеннага старшыню сельскага Савета...

Значыць, яму, Максіму, пасля службы трэ было запрагацца: будавацца, клапаціцца пра сваіх. Маці і сёстры — ён дакладна ведаў — спадзяваліся на яго мужчынскія рукі, розум, на ягоныя... грошы.

Паўстала пытанне, дзе ж іх зарабляць?

На сямейным савеце дружна пастанавілі, што працаваць — найлепш у міліцыі. Гэта, маўляў, і прэстыжна, і выгадна...

«Можна паспрабаваць...» — пагадзіўся са сваімі Максім і пайшоў уладкоўвацца ў сваё ж раённае аддзяленне міліцыі.

Там былому браваму салдату ўзрадаваліся, аформілі на работу, выдалі новенькую форму, зброю. Там і ў той жа дзень ён, разам з калегамі, атрымаў сваё першае заданне: сачыць за парадкам на святочным кірмашы і, калі пашчасціць, затрымаць (лепей на гарачым) вядомую гандлярку самагонам.

І вось ходзяць міліцыянеры па рынку, назіраюць за ўсімі і ўсім... Бачаць, з-за прадуктовай крамы адзін мужык, нібы злодзей, выходзіць — азіраецца па баках, потым другі... Міліцыянеры — туды. І не марна! Там іх няўлоўная прыгажуня! Гандлюе гарэлачкай... І на шчасце — не ўсю яшчэ прадала: засталіся ў кашы бутэлькі-ўлікі...

Карацей, затрымалі жанчыну — Максіму, як новаму супрацоўніку, даручылі, што называецца, даставіць яе ў аддзяленне міліцыі. Той, вядома ж, пад казырок: «Ёсць!» і пачынае «весці». Гэта значыць, што прыгажуня першай ідзе,
а «канваір» (трэба сказаць, чалавек ад прыроды ну вельмі тактоўны і сарамлівы ) следам крочыць, прычым з такім выглядам, быццам не мае да гэтай жанчыны ніякага дачынення.

Такім чынам выходзяць яны за вароты кірмашу, ідуць па вуліцы. Недзе там, наперадзе (дзе дакладна, Максім толкам яшчэ не запомніў), аддзяленне міліцыі. А да яго была... хата самагоншчыцы. Таму жанчына дайшла да яе і... спрытна юркнула за свае варотцы, за дзверы.

— Бывай, служывенькі! — пракрычала адтуль. — Дзякуй за кампанію! Заходзь у госці, але не зараз... Зараз — выбачай!

Перад носам у хлапца загрымела засаўка.

Стукаць у дзверы сэнсу не мела. А таму Максім (што было рабіць?) трохі патаптаўся на ганку, пастаяў каля брамкі, потым, з ног да галавы вінаваты, адзін — без злачынцы — пасунуўся ў аддзяленне міліцыі.

Да яго недалёка было, але ж хлопец усё абдумаў: прыйшоў, здаў атрыманую раніцай зброю і міліцэйскую форму ды пехатой пашыбаваў у родную вёску.

Шчыра, як на духу, пра ўсё расказаў матулі. Павініўся яшчэ:

— Прабач, не мая гэта справа!

— Разумею, сынок, — уздыхнула тая. — Не бойся, знойдзем і тваю, вось убачыш!

Праўду яна сказала. Максім стаў цудоўным кавалём! І хату тады яны збудавалі. Нават не адну.

Дзіна Дубадзелава, в. Леніна, Добрушскі раён


Вайна вайной...

У той год, амаль як сёлета, і лісічкі, і маслякі, і рыжыкі-апенькі, і падасінавікі з баравікамі з'явіліся разам. Не выпадала людзям па хатах сядзець — усе ў лес пацягнуліся. Я, напрыклад, па некалькі рэйсаў рабіў: першы, вядома ж, зранку, другі — па абедзе...

У адзін з такіх вось паходаў і сустрэў свайго былога аднавяскоўца Міхася. Прыселі з ім на пяньках, пра тое-сёе пагаманілі: пра сем'і, дзяцей, жыццё... І ў мяне, і ў Міхала яно, дзякаваць богу, нядрэнна склалася: усяго хапала, апроч, можа, здароўя ды грошай... Не тое, што некалі.

Узгадалі мы з ім гады перабудовы: інфляцыю, пустыя паліцы ў крамах, той жах, калі нават за грошы нічога не можаш купіць...

І тут прыпомніў мой сябар адну ці то сумную, ці то смешную гісторыю.

— Памерла маці, — расказваў ён. — Гора, вядома ж, але плакаць няма калі: трэба збіраць яе ў апошнюю дарогу, трэба як след праводзіць, справіць памінкі. Народу на іх тады вельмі шмат збіралася — за голыя сталы не пасадзіш. Ды і плётак лішніх не хочацца. Маўляў, дрэнныя дзеці, не па-людску правялі...
А дзе што браць, каб па-людску?

Карацей, мая жонка кажа: «Ідзі, Міша, у кантору да дырэктара саўгаса. Можа, ён чым дапаможа? Маці ж на гэтай зямлі ўсё жыццё праішачыла». «І сапраўды», — згадзіўся я і пайшоў на паклон.

Дырэктар, праўда, чалавекам аказаўся: без лішніх слоў усё зразумеў, распарадзіўся, каб нам выпісалі свініны.

А вось загадчык свінафермы ўжо стаў «муціць»: маўляў, тое свінчо няма каму закалоць... Ды і газу ў балоне на самым донцы — не хопіць, каб абсмаліць... Ну і гэтак далей.

Але мне адступаць няма куды: людзей я сваіх прывёз (балазе дарослыя ўнукі на развітанне з бабуляй прыехалі), газ таксама «знайшоў» — у тога ж загадчыка фермы пасля тонкага намёку на барыш...

Такім чынам працэс «забойства вепрука» быў запушчаны, і я ў гэты час мог смела паехаць па іншых справах.

Уладзіўшы іх, вярнуўся на ферму, каб забраць там хлопцаў і мяса. Знаёмы ўжо загадчык выпісаў квіток на аплату, павёў мяне да забойнай пляцоўкі.

— Як не шанцуе, дык не шанцуе, — паскардзіўся па дарозе, — сёння двух парсюкоў закалолі. Толькі разабралі вашага, як на табе — скалечыўся другі — у транспарцёр нагу ўсадзіў. Прыйшлося і яго дарэзаць... Галоўнае, ладны такі парсюк.

— А як яго на транспарцёр занесла? — спытаў я потым у хлопцаў.

— На які такі транспарцёр? — не зразумелі яны.

— Ды, мусіць, на звычайны? Загадчык фермы гаварыў, што скалечылася жывёліна...

— Ды каб ён сам так скалечыўся! — грымнулі смехам хлопцы. — Мы за тым вепруком па ўсёй загарадзі ганяліся — ледзьве злавілі.

Набліжаўся Вялікдзень...

Мікалай Юруць, г. Ляхавічы


Гаспадарку весці — не штанамі трэсці

Гэта здарылася ўвосень у невялікай вёсачцы. Яна (яшчэ з аднаасобнікаў) тады ва ўсю шчыравала: бульбу выбірала якраз, на полі. Барозны разганяла коньмі. І трэба ж — у аднаго аратага торкнуўся нарог у нейкі нябачны камень, конік напяўся, а ворчык — пстрык і... папалам!

Замітусіўся гаспадар, подбегам кінуўся на суседскія палеткі, пытае, ці не пазычыць хто гэтага «прыстасавання»? Але ж дзе там — у кожнага свае градкі, свая талака. Як тут некага выручаць? Хіба старым, запасным?

— У мяне такі быў, здаецца, — пачухаў «рэпу» адзін з суседзяў. — Зганяй, брат, у вёску, паглядзі на падворку: далібог недзе ляжыць: можа, каля лазні, можа, пад паветкай... Я летам бачыў.

Пача́паў гаспадар у вёску, на чужой сялібе абышоў, агледзеў усе пабудовы. Той ворчык — не іголка, як быццам, не ў стозе, а нідзе не відаць...

Тым часам паўз бульбяное поле праязджала нейкая фурманка, спынілася ля жанчын, што сядзелі без працы, фурман спытаў, з якой прычыны прастой?

— Ды ворчык зламаўся, — скардзяцца тыя. — Гаспадар пайшоў пазычаць...

Пачуўшы гэта, мужчына ўзяў з воза сякеру, высек паблізу ладную лазіну, на нейкім метры яе зрабіў засечкі, каб пастронкі не саслізнулі, кавалкам дроту прывязаў да плуга.

Каб упэўніцца, што вось гэтая новая «канструкцыя» будзе працаваць, заставалася хіба... разараць некалькі градак бульбы. Фурман лёгка гэта зрабіў: удзячныя жанчыны тут жа пасталі ў барозны...

Што ў гэты час рабіў «гаспадар»? Ды ён усё гойсаў па вёсцы — шукаў у некага ворчык.

Калі нарэшце знайшоў і з ім, шчаслівы, вярнуўся ў поле, жонка (работа была амаль што завершана) не вытрымала: падышла да «героя», вырвала з-пад пахі ў яго тую прыладу і агрэла небараку ніжэй спіны... Ну, вядома ж, не моўчкі: шмат што сказала. Адзін выраз вяскоўцы дагэтуль помняць: у прыватнасці, усіх хлапцоў, якія мецяць у гаспадары, яны па-ранейшаму дзеляць на тых, хто «будзе паўдня ворчык шукаць!», альбо не будзе...

Іван Сіманёнак, г. Паставы

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».