Вы тут

Ці гатова Заслаўе прыняць ІІ Еўрапейскія гульні?


Веславанне — адзін з самых медальных відаў спорту ў краіне, дарэчы, першыя алімпійскія чэмпіёны Беларусі — прадстаўнікі менавіта гэтага віду спорту. Цяпер у нас ім займаюцца каля пяці тысяч дзяцей. Уключэнне веславання ў праграму Еўрагульняў вялікі плюс для яго далейшага развіцця і выдатны шанц для айчынных спартсменаў заваяваць узнагароды. У 2019 годзе гэтыя спаборніцтвы будуць праходзіць на вяслярным канале ў Заслаўі. Даведаемся, якія ўмовы ён можа прапанаваць атлетам і балельшчыкам, а таксама наколькі сур'ёзны вопыт правядзення міжнародных турніраў мае сёння.


У актыве аднаго з самых сучасных спартыўных аб'ектаў краіны ўжо сотні спаборніцкіх дзён, тысячы спартсменаў і заездаў, дзясяткі медалёў, слёзы радасці і расчаравання. Сёння тут ёсць усё для правядзення спаборніцтваў самага высокага міжнароднага ўзроўню, але пачыналася гісторыя не так яскрава.

Цэнтр быў створаны на базе Рэспубліканскай школы вышэйшага спартыўнага майстэрства па водных відах спорту, заснаванай 1 красавіка 1980 года. Годам адкрыцця канала Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па вяслярных відах спорту лічыцца 2006-ы, але, каб набыць выгляд, які ён мае сёння, трэба было выканаць вялікую работу. У першую чаргу, гэта датычылася будаўніцтва інжынернай і транспартнай інфраструктуры, у 2008 годзе ў Заслаўі была ўведзена ў эксплуатацыю гідратэхнічная частка аб'екта, а ў верасні 2009-га пабудаваны лабараторны корпус і трансфарматарная падстанцыя.

Вядома, арганізацыя паўнавартаснага трэніровачнага працэсу і тым больш правядзенне топ-турніраў немагчыма без адміністрацыйна-бытавога корпуса. Сёння ў Заслаўі ён уключае сталовую, інтэрнат, тры трэнажорныя залы (зала сілавой падрыхтоўкі, вяслярны басейн, зала спецыяльнай падрыхтоўкі), элінгі для захоўвання лодак і медыка-аднаўленчы цэнтр з двума лазневымі комплексамі.

Напэўна аматары спорту, якія сачылі за падрыхтоўкай Бразіліі да Алімпійскіх гульняў, памятаюць, колькі нараканняў выклікаў вяслярны канал у Рыа. Усё з-за таго, што спартсмены скардзіліся на яго забруджанасць. Дык вось, падчас праектавання канала ў Заслаўі, нашы спецыялісты ўлічылі не толькі добра вядомую веслярам ружу вятроў, якая здольна ўплываць на часавыя паказчыкі спартсменаў, але і прыдумалі, як змагацца з расліннасцю, якая «атакуе» ў цёплую пару года і перашкаджае атлетам. Поруч з рознымі метадамі барацьбы з падводнай флорай у ваду было запушчана 600 кг карпа і таўсталобіка.

У 2011 годзе, ужо пасля рэканструкцыі, цэнтр быў здадзены ў эксплуатацыю як спартыўны аб'ект рэспубліканскага прызначэння, а праз год стаў месцам правядзення чэмпіянату Еўропы сярод юніёраў па акадэмічным веславанні. І ўжо тады цэнтр атрымаў першую высокую ацэнку ад міжнародных спецыялістаў. «У Заслаўі для спартсменаў створаны ўмовы, якія неабходныя, каб паказаць высокі вынік. Да таго ж, паказаць вынік у справядлівых умовах. Я лічу, гэта ідэальнае месца», — пракаментавала суддзя з Расіі Людміла Сараева.

— У 2014 годзе мы правялі чэмпіянат свету па веславанні на байдарках і каноэ сярод студэнтаў. Колькасць удзельнікаў турніраў з кожным разам значна павялічвалася, — расказвае Сяргей Хмялькоў, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па вяслярных відах спорту. — Мы спрабавалі сілы, набіралі каманды, здольныя арганізоўваць міжнародныя спаборніцтвы. Значны час пайшоў на тое, каб правесці поўную падрыхтоўку. Да 2016 года з'явіўся новы мост, пабудаваны для таго, каб скараціць шлях гледачоў да месца спаборніцтваў. Бо раней патрабавалася 3,5—4 кіламетры пешай прагулкі, каб дабрацца да трыбун.

У жніўні 2016-га Заслаўе прыняло чэмпіянат свету па веславанні на байдарках і каноэ сярод юніёраў і моладзі. Гэты турнір стаў адным з самых буйных па колькасці ўдзельнікаў — больш за тысячу весляроў з 62 краін. Тады канал атрымаў высокую ацэнку ад старшыні тэхнічнай камісіі чэмпіянату Ёнса Каля.

Большасць аб'ектаў, якія прымаюць буйныя турніры, як правіла, размешчаны на рэках і азёрах, не так шмат каналаў пабудавана адмыслова. Акрамя нашага, гэта каналы ў Крылацкім (Масква), канал у Дуйсбургу (Германія) і некаторыя іншыя, але тое не азначае, што яны менш зручныя для спартсменаў. Пра гэта сведчаць меркаванні весляроў, якія спаборнічалі ў Заслаўі. «У Беларусі вельмі зручны вяслярны канал. Напрыклад, на канале ў Партугаліі справа дзьме вецер, на турніры ў Канадзе наогул была рака, а не канал, а ў Венгрыі на фінішы стаяць шчыты: хто ідзе каля іх, выходзіць у лідары, таму што іх выдзімае, як у трубу», — параўнаў месцы спаборніцтваў казахстанскі вясляр Цімафей Емяльянаў.

А вось удзельнік чэмпіянату свету 2016 года з Расіі Андрэй Шмыроў расказаў пра тое, што спаборнічаць у Заслаўі досыць цяжка: «Мне здаецца, канал пабудаваны ў занадта адкрытым месцы, таму вецер стварае дадатковыя перашкоды. Зрэшты, гэта проста праверка на трываласць, характар, волю. Спаборніцтвы паказваюць, хто гатовы з гэтым змагацца».

Сёння даўжыня вяслярнага канала ў Заслаўі складае 2150 м, шырыня — 130 м, а глыбіня — 3—3,5 м. Ён абсталяваны домікамі прамежкавага хронаметражу і назіральнымі пастамі. Фінішная трыбуна ў Заслаўі мае 152 месцы для гледачоў, а прамежкавая — 480, для зручнасці спартсменаў і балельшчыкаў там устаноўлена самае вялікае святлодыёднае табло ў Беларусі — 66 кв. м.

Дабрацца да вяслярнага канала з Мінска не складана, даехаць можна на электрычцы і маршрутным таксі. Да паслуг гасцей, якія прыбываюць на аўтамабілях, маецца бясплатная парковачная зона.


Лічбы

За 10 гадоў навучэнцамі і выхаванцамі ўстановы «Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па вяслярных відах спорту» на чэмпіянатах, Кубках і першынствах свету і Еўропы заваявана 275 медалёў, з якіх 103 залатых, 105 сярэбраных і 67 бронзавых.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Вада бурліць ад узмахаў вёслаў

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.