18 Верасень, аўторак

Вы тут

Лынтупы, у якія я веру


Мы маем яшчэ адзін маленькі беларускі цуд. Ці, можа, пачатак праекта, які стане чымсьці сапраўды значным? Так ці іначай, цікавая ініцыятыва з'явілася... калі не на краі свету, то на краі Беларусі — у Лынтупах. Менавіта там, на мяжы з Літвой, запрацаваў «Лынтупскі культурны цэнтр «Культыватар». Што ж гэта такое і чым цікавае для нас, жыхароў іншых рэгіёнаў? Паспрабуем разабрацца.


1. Гэта той выпадак, калі ініцыятыва зноў распачата прыватнымі асобамі. Архітэктар-рэстаўратар Вадзім Гліннік упершыню трапіў у Лынтупы яшчэ ў юнацтве, падчас летніх вандровак. І гэты край яго настолькі прывабіў, што, нават будучы жыхаром сталіцы, сувязі з ім ён не пакідаў. Гліннік з'яўляецца навуковым кіраўніком рэстаўрацыі многіх мясцовых аб'ектаў — касцёла ў Камаях, аптэкі ў Паставах, парку ў Варапаеве, помніка 1812 года ў Асінагарадку, да таго ж архітэктурнага ансамбля палаца Бішэўскага ў Лынтупах.

Вадзім Гліннік набыў у гэтым краі лецішча, у вёсцы Вайшкуны. Побач апынулася шмат цікавых суседзяў, якія таксама прыехалі са сталіцы ці іншых гарадоў. Разам пачалі марыць пра стварэнне культурнага цэнтра. Таму неўзабаве Вадзім Гліннік разам з жонкай Ядвігай Лукашык і іншымі «мясцовымі» аднадумцамі набраліся смеласці і зарэгістравалі Лынтупскі культурны цэнтр «Культыватар».

2. Адна з мэт праекта — рэстаўрацыя старадаўняга цаглянага будынка, у якім ён зарэгістраваны. Прыблізна тым самым часам, як вырашана было стварыць новы культурны асяродак, на продаж выставілі старадаўнюю камянічку. Першапачаткова сябры «Культыватара» (большасць з якіх з'яўляюцца прафесійнымі архітэктарамі-рэстаўратарамі) набылі яе, каб захаваць муры, аўтэнтычныя дзверы і вокны. Пазней вырашылі, што культурны цэнтр варта размясціць менавіта ў ёй.

Цяпер распрацоўваецца праект, які прадугледжвае захаванне архітэктурных асаблівасцяў гістарычнага будынка, і робяцца неабходныя падрыхтоўчыя работы.

3. У рэгіёне, па задуме арганізатараў, завіруе актыўнае культурнае жыццё. Тут мараць, што дасведчаныя, вядомыя ў Беларусі людзі будуць прыязджаць у Лынтупы, каб падзяліцца сваёй творчасцю, цікавымі ідэямі.

У красавіку гэтага года праект арт-дырэктара «Культыватара» Ядвігі Лукашык падтрымала кампаніяй «Актывія». Быў выдзелены грант на 5,5 тыс. руб., які дазволіў у Мінску і Лынтупах зладзіць выстаўку «Беларусь часоў Першай сусветнай вайны ў фотаздымках Фрыца Краўскопфа», адрамантаваць частку памяшканняў «Культыватара» і набыць спецыяльнае асвятленне для музейнай часткі культурнага цэнтра. «Не, я не зрабіла нічога асаблівага, — адзначае Ядвіга. — Проста я веру ў нашу справу. Але проста верыць мала, трэба рабіць...»

У планах — стварэнне канцэртна-выставачнай залы, памяшкання для клубных заняткаў (літаратурнага, музычнага і іншых), кавярні, дзіцячага кафэ, невялікай музейнай экспазіцыі і выстаўкі гістарычных фотаздымкаў Лынтупшчыны часоў Першай сусветнай вайны.

4. Натуральна, калі ствараецца такая ініцыятыва, ёй неабходна падтрымка грамады. І гэта не толькі валанцёрская праца па аднаўленні і добраўпарадкаванні будынка (а там вітаюць ахвотных). Нядаўна была распачата краўдфандынгавая кампанія. На працягу яшчэ васьмі дзён кожны ахвотны на сайце talaka.org можна знайсці праект «Рэстаўрацыя будынка Лынтупскага культурнага цэнтра. Крок 1: вокны і дзверы» і пералічыць туды невялікую суму грошай (дарэчы, узамен будуць уручаны цікавыя падарункі — гліняныя піялкі, падсвечнікі ці адмысловыя мяшочкі, пашытыя з тканіны).

Арганізатары заўважаюць, што для іх каштоўны любы ўнёсак, бо ён азначае асабісты ўдзел, далучанасць да сацыяльна значнай справы і тое, што людзі паверылі ў іх праект.

5. «Лынтупшчына — прыцягальная для турызму, у яе ёсць для гэтага рэсурсы, — адзначае ландшафтны дызайнер, кансультант «Культыватара» Яна Марчук. — Найперш, прыродныя — хараство беларускага Паазер'я. Краявіды вакол Лынтупаў — гэта стромкія ўзвышшы і доўгія грады, пакрытыя хваёва-яловым лесам, і безліч азёр: чысцюткіх, глыбокіх і плыткіх, вялікіх і маленькіх... Калісьці ў гэтых мясцінах было шмат шляхецкіх сядзіб. У радыусе пяцідзесяці кіламетраў ад Лынтупаў можна знайсці два тузіны былых панскіх маёнткаў. Ад большасці з іх не засталося амаль нічога, некаторыя захавалі асобныя будынкі і рэшткі паркаў. Такія цікава наведаць і цяпер: Камарова, Каралінава, Манькавічы, Шайкуны, Раманішкі ды іншыя сядзібы».

* * *

Што патрэбна для таго, каб паехаць на самы край Беларусі, каб застацца назаўжды?.. Ведаць, што там жывуць іншыя неабыякавыя людзі. І што разам у вас можа атрымацца штосьці вельмі добрае. Ва ўсякім разе, вы паспрабуеце.

У будучыню «Культыватара» я чамусьці цвёрда веру. Можа, таму што разам сабралася добрая каманда, якая за паўгода ўжо зрабіла тое, пра што іншыя проста мараць цэлымі дзесяцігоддзямі?.. Да таго ж непадалёк знаходзіцца арт-вёска Каптаруны, дзе не так даўно праходзіў літаратурны фэст,  з'езд кіношнікаў, а таксама эка- і арт-пленэры.

Можа быць, гэтай той пачатак, які мы так доўга чакалі? Мінск перастане быць манапалістам на вірлівае творчае жыццё. Заўважныя культурныя зрухі пачнуць адбывацца і ў рэгіёнах, і нават на краі Беларусі.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.

Эканоміка

Ці можна кіраваць попытам спажыўцоў?

Ці можна кіраваць попытам спажыўцоў?

Ад спантаннай пакупкі са «зніжкай па-беларуску» можна не толькі не атрымаць якой-небудзь эканоміі, але і пераплаціць за яе.

Культура

У Мінск прыедуць «Іліяда» на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі

У Мінск прыедуць «Іліяда» на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі

Выстаўка адкрываецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Грамадства

Андрус Пулакас: У Беларусі шукаю не адрозненні, а супадзенні

Андрус Пулакас: У Беларусі шукаю не адрозненні, а супадзенні

З Літвой у нас агульнае гістарычнае мінулае, і зараз яна – наша бліжэйшая суседка ў Еўрасаюзе.