24 Кастрычнік, аўторак

Вы тут

Чым здзівіць турыстаў?


Сёння турыстам, якія прыязджаюць у сталіцу, прапануюць самыя разнастайныя экскурсіі. У прыватнасці, ім гатовы паказаць Мінск таямнічы, нефармальны, нетыповы, начны і нават арганізаваць падарожжа з заплюшчанымі вачыма. Але зусім неабавязкова «ўключаць» крэатыў, каб зацікавіць турыстаў. Пра што можна было б расказаць, што паказаць і што трэба было б зрабіць для таго, каб уразіць гасцей сталіцы?


Дамы-старажылы

Яшчэ і сёння на «жывых экспанатах» можна вывучаць гісторыю старога Мінска: дзе-нідзе ў горадзе захаваліся драўляныя дамы, у тым ліку і стагадовыя. Нават калі проста «капаць», хто і калі тут жыў, набярэцца інфармацыі не на адну экскурсію. А можна падабраць і цікавыя экспанаты — яшчэ і сёння нашчадкі могуць захоўваць старыя фота і рэчы, якія належалі папярэднім гаспадарам. Часам «драўляныя астраўкі» абрастаюць рознымі легендамі, але багата і фактаў, звязаных са знакамітымі жыхарамі такіх мясцін. Напрыклад, узгадаем Верхнюю і Ніжнюю Ляхаўку, Уборкі. Шэраг унікальных дамоў з багатымі інтэр'ерамі яшчэ захаваўся ў Паўночным завулку (на жаль, сёння ён у сумным стане — метро дажымае).

— Раней ва Уборках пераважна жылі чыгуначнікі, само сабой зразумела, — побач быў вагонарамонтны завод, станцыя. У той час многія больш-менш заможныя жыхары горада будавалі флігелі. У дамах жылі самі, а флігель здавалі ў наём, — расказвае дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, акадэмік Аляксандр ЛАКОТКА. — І вось у гэтых Уборках па Малагеоргіеўскай вуліцы стаяў дом школьнага настаўніка Савы Іванавіча і Алены Іванаўны Рэдзькаў, а ў флігелі жыў Змітрок Бядуля. Пасля да яго на гэту ж кватэру пасяліўся Максім Багдановіч (між іншым, там пісьменнік напісаў многія знакавыя рэчы). Туды прыходзіла і Зоська Верас (я бачыў яе лісты). Я займаўся рэстаўрацыяй гэтага дома — сёння там філіял музея Максіма Багдановіча. Праўда, будынак перамясцілі з Малагеоргіеўскай (яна была перайменавана ў вуліцу Талстога) на Рабкораўскую. Урочышча Уборкі старое, там могуць быць стагадовыя дамы і, можа, нават больш старажытныя.

Я ўжо гадоў 40 як займаюся драўлянай архітэктурай, народным дойлідствам. На той перыяд, калі абследаваў гэтыя мясціны (другая палова 80-х), многае ўжо было страчана. У тыя гады я працаваў у рэстаўрацыйна-праектным інстытуце і ініцыяваў па прыкладзе скандынаўскіх гарадоў рэстаўрацыю гістарычных прадмесцяў. Цэнтр горада абведзены гістарычным зялёным колам з жылымі дамамі, старымі дрэвамі, садамі: Уборкі, Пярэспы, Татарскае, Яўрэйскае, Лютэранскае прадмесці, Добрыя Думкі (прыпынак электрычкі Інстытут культуры), Ніжняя і Верхняя Ляхаўка, Кашары, а замыкалася яно Камароўкай. Быў распрацаваны праект, які ў лютым 1988 года падтрымаў горадабудаўнічы савет, і Міністэрства культуры дало заказ рэстаўрацыйна-праектнаму інстытуту абследаваць 50 найбольш каштоўных дамоў. Такая праца была праведзена, дамы браліся з розных прадмесцяў. Пасля былі і іншыя праекты, але надышлі 90-я гады, інфляцыя... За бясцэнак старадаўнія дамы растаскваліся па дачах. Калі яны разцягваліся, трывалае, стагадовае смалістае дрэва было чырвонае, як медзь...

— Але ж асобныя мінскія дамы-старажылы яшчэ жывыя і сёння. Ці можна што з імі зрабіць?

— Захаваць такія дамы было практычна немагчыма. Гэта праблема прыватнай уласнасці. Калі б у савецкі час у нас былі, як на Захадзе, прадстаўнікі сярэдняга класа: лавачнікі, рамеснікі, булачнікі, гандляры півам, якія валодалі б гэтымі дамамі, магчыма, сітуацыя была б іншая... Для прыкладу: у пачатку 90-х гадоў да нас прыехаў госць з Англіі з мэтай купіць этнаграфічныя экспанаты. У яго сядзіба (ферма) XVІ стагоддзя, якую дзяржава ўключыла ў спіс нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны і выдзяляе грошы, каб ён яе захоўваў, падтрымліваў у прыстойным стане. Ён не спецыяліст-музейшчык, і ад яго гэта і не патрабуецца. Ездзіць па Еўропе, збірае ў розных краінах старажытнасці, вывешвае аб'явы і прымае турыстаў, якія яму за гэта плацяць грошы. У нас падобнага механізма, які даваў бы дзяржаве права фінансаваць такую прыватную ўласнасць, не было. Хоць гэту праблему ў канцы 80-х спрабавалі рашыць. Важна, каб людзі маглі пацягнуць рамонт старых будынкаў, бо калі сметчыкі аблічвалі праектныя работы, атрымліваліся вельмі вялікія сумы. Неабходна малая будаўнічая інфраструктура, пэўныя арганізацыі, якія маглі б гэтым займацца, і каб накладныя расходы былі невялікімі.

Эх, дарогі

За мяжой пасля Другой сусветнай вайны быў распрацаваны шэраг праграм па захаванні гістарычнага ландшафту, гісторыка-культурнай спадчыны. Тады пачалі стварацца агламерацыі, узніклі такія паняцці, як «Вялікі Лондан», «Вялікі Парыж», Нью-Ёрк з прыгарадамі. Калі ствараліся трасы, дарогі стратэгічнага маштабу, напрыклад ад Парыжа да межаў краіны, улічвалася ўсё: і прыгожыя пейзажы, і відавыя пункты, дзе можна спыніцца і пафатаграфаваць; аднаўляліся помнікі, фрагменты старажытных дарог, нават паказальнікі былі пра тое, што, напрыклад, за 10 кіламетраў стаяць дубы, якія намаляваў пэўны мастак XVІІІ стагоддзя. Прыродная і гісторыка-культурная інфраструктура разглядалася з пункту гледжання заробку грошай.

Паступова і Мінск ператворыцца ў агламерацыю, сюды будуць уключаны Фаніпаль, Смілавічы, Заслаўе. Дарэчы, такая агламерацыя праектавалася яшчэ ў 50-я (!) гады, прычым амаль у межах Мінскай вобласці.

— Да 80-х гадоў у нас многа дзе яшчэ былі дарогі з брукаванкай і спецыяльным каменем, што вырабляўся ў выглядзе шасцігранніка пад Пінскам. Гэтыя дарогі былі шчыльна абсаджаныя старадаўнімі дрэвамі, кроны якіх змыкаліся. Напрыклад, так было пад Гальшанамі, Глускам, Клецкам, па дарозе Нясвіж — Гарадзея. Гэта былі прыгожыя мясціны, дзе вандроўнікі маглі б летам спыняцца і адпачываць у цені, — расказвае Аляксандр Іванавіч. — Зразумела, жыццё не спыніш, ездзіць трэба з хуткасцю 120 км за гадзіну, патрэбны сучасныя трасы. Але я прапаноўваў дарожнаму ведамству захаваць кавалкі старых дарог хоць бы ў метраў 500, а аўтабан пускаць у абход...

— Што сёння мы, магчыма, упускаем у турыстычнай галіне?

— Трэба ахоўваць старажытныя паркі. Многія з іх ператварыліся ў дзяржлесфонд. Пры распрацоўцы турыстычных маршрутаў варта ўлічваць сельскія ландшафты. На жаль, пакуль ў гэтым не бачаць ніякай каштоўнасці, людзі не спяшаюцца прывесці ў парадак той жа кавалак брукаванкі ці гарадзішчы. Апошнія можна абкасіць, прыбраць кустоўе, пабудаваць відавыя пляцоўкі, куды маглі б заязджаць турысты, паставіць шчыты з інфармацыяй. Напрыклад, так можна было б зрабіць з гарадзішчам Лоск у Валожынскім раёне, з гарадзішчам Менка пад Мінскам.

Больш за тое, я прапаноўваў на аўтазаправачных станцыях паставіць стэнды з інфармацыяй, якія гісторыка-культурныя каштоўнасці ў мясцовых ваколіцах можна наведаць. Гэта таксама працавала б на развіццё турызму.

Гасцям сталіцы на аглядных экскурсіях трэба расказваць не пра музеі, галерэі (пра ўсё гэта яны пачуюць непасрэдна на месцах) і не толькі пра выдатныя мясціны горада, — трэба знаёміць з нашай краінай, рэкламаваць перыферыю, каб турыстам захацелася паехаць, напрыклад, на Гродзеншчыну, паглядзець Гервяты, Міхалішкі, Варняны, Дзятлава, Будслаў, Гродна. У нас заходнія гарады, блізкая і зразумелая еўрапейцам культура. Мы частка агульнаеўрапейскага дома.

— Зараз актыўна выкарыстоўваюцца падзейны турызм, анімацыйныя экскурсіі. Ці можна яшчэ нешта да гэтага дадаць?

— Цудоўна, што ў Мінску ладзяцца праграмы нацыянальных культур каля Ратушы. Але многае ў летні час можна было б рабіць і ў Музеі народнай архітэктуры і побыту пад адкрытым небам, дзе больш месца, і людзі б ехалі, бо сёння ў многіх ёсць машыны. Добра было б арганізаваць там спеўнае поле, дзе б гучалі нашы традыцыйныя народныя песні, якія выхоўваюць у людзях духоўнасць.

— А што экскурсаводы павінны расказваць пра сам Мінск?

— Апошнія амаль дзесяць гадоў распрацоўваецца праект рэканструкцыі гістарычнага цэнтра з археалагічным, архітэктурным музеем і інтэрактыўнымі праграмамі, наш цэнтр таксама прымаў удзел у яго распрацоўцы. Але пакуль ён не рэалізаваны, было б добра, каб, напрыклад, у тым месцы, дзе сёння гандлююць народныя майстры, з'явіўся стэнд з макетам, побач з якім экскурсаводы маглі б турыстам расказваць пра гісторыю старажытнага Мінска. Напрыклад, так робіцца ў Англіі. Там таксама многа разбурана, і хоць гэта багатая краіна, яна не ў стане ўсё аднавіць, рэканструяваць. Тады з бронзы адліваецца макет дыяметрам 2—3 метрыа, і тут расказваюць, якія на пэўным месцы некалі былі пабудовы, храмы, вароты. Акрамя таго, падобныя макеты будуць нагадваць, што рана ці позна трэба брацца за рэканструкцыю.

Узорны сацыялістычны

Сталічны праспект Незалежнасці прэтэндуе на статус аб'екта сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. І калі хто з журналістаў да Аляксандра Іванавіча звяртаецца па каментарый і кідае слоўцы накшталт «гэта ж сталінскі ампір, архітэктура дыктатара», вучоны адказвае: «Над аднаўленнем Мінска працавалі таленавітыя мастакі — патрыёты вялікай краіны, якая перамагла ў Айчыннай вайне, і Беларусі ў тым ліку». Трэба сказаць, што вобраз сацыялістычнага горада не нарадзіўся ў СССР. Ён узнік разам з індустрыяльнай рэвалюцыяй у Еўропе. У гарадах з'явілася вялікая колькасць прадстаўнікоў новага сацыяльнага саслоўя — рабочых, для іх трэба было будаваць мікрараёны з дзіцячымі садамі, школамі, бальніцамі, крамамі, паркамі. Архітэктары Англіі, Францыі і іншых краін распрацавалі ідэю горада-саду, сацыялістычнага горада.

— Адразу пасля вайны стаяла пытанне, ці варта аднаўляць разбураны амаль дазвання Мінск. І ўявіце: Панамарэнка сустрэўся са Сталіным на платформе мінскага вакзала. Бачачы сітуацыю, Сталін сказаў, што краіна дапаможа аднавіць горад. Сюды былі накіраваныя найлепшыя архітэктары, тут распрацавалі касцяк генплана 46-га года. Пры яго падрыхтоўцы ўлічылі ўсе плюсы і мінусы сусветных сталіц, напрыклад недахопы таго ж Неўскага праспекта ў Піцеры, Цвярской, якая не выконвала ролю галоўнага праспекта ў Маскве, той жа крывы і даволі кароткі Крашчацік у Кіеве. Па сутнасці, за аснову быў узяты варыянт Елісейскіх палёў у Парыжы. Шырокі праспект, тратуары былі прызначаныя ў тым ліку для масавых шэсцяў. Да пастанаўлення аб архітэктурных празмернасцях шмат ужо было зроблена.

Так, гэта вобраз сацыялістычнага горада. Сацыялізм абапіраўся на дзяржаўную прыватнасць, прыватны бізнес маштабу не меў. Асноўныя будынкі праспекта не маюць лавак, навесаў, маркізаў. Не было ніякай драбязы, на першых паверхах размяшчаліся буйныя дзяржаўныя ўнівермагі, кніжныя крамы, кафэ.

Замежныя архітэктары, якія прыязджаюць у Мінск, заўсёды адгукаюцца вельмі добра пра наш праспект, кажуць, што ён варты работ Персье і Фантэна (архітэктараў, якія стварылі Трыумфальную арку, забудову вуліцы Рывалі ў Парыжы, забудоўвалі Елісейскія палі).

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dziadziula@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Размытыя крытэрыі «сацыяльнай небяспекі»

Размытыя крытэрыі «сацыяльнай небяспекі»

Калі дзіця прыходзіць у школу непадрыхтаванае, гэта неабавязкова азначае, што дома ў яго няма ўмоў рабіць урокі.

Культура

У Смаргонскім раёне распачаў работу вадзяны млын-музей

У Смаргонскім раёне распачаў работу вадзяны млын-музей

Упершыню ён упамінаецца ў пісьмовых крыніцах у 1620 годзе.

Грамадства

У Акцябрскай адсвяткуюць два юбілеі

У Акцябрскай адсвяткуюць два юбілеі

Не толькі юбілей рэвалюцыі.

У свеце

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

​Актывы суверэннага фонду каралеўства Нарвегія перавысілі трыльён долараў.