Вы тут

Культурныя знакі


У кітайскім часопісе «Руская літаратура і мастацтва», які выходзіць у Пекінскім дзяржаўным педагагічным універсітэце, сёлета пабачылі свет новыя беларускія публікацыі.


У першым нумары за гэты, 2017, год пададзена рэцэнзія на зборнік успамінаў беларускіх амбасадараў у Кітаі, які выйшаў у свет у Выдавецкім доме «Звязда» і быў прымеркаваны да 25-годдзя беларуска-кітайскіх дыпламатычных адносін. Кніга выйшла пад рэдакцыяй кандыдата гістарычных навук дырэктара Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Белдзяржуніверсітэта А. А. Тозіка. А ў другім нумары часопіса надрукавана інтэрв’ю з міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ліліяй Ананіч пра зносіны Беларусі і Кітая ў медыйнай і кнігавыдавецкай галінах. Асаблівая ўвага ў размове з беларускім міністрам нададзена кніжнаму праекту «Светлыя знакі: паэты Кітая», які ўжо трэці год рэалізуецца ў Выдавецкім доме «Звязда».

Варта зазначыць, што гэта ўжо не першы зварот аўтарытэтнага кітайскага літаратуразнаўчага і гісторыка-літаратурнага выдання да беларускай тэмы. Быў раней змешчаны, у прыватнасці, і артыкул пра класіка беларускай паэзіі Максіма Багдановіча. Часопіс «Руская літаратура і мастацтва», галоўным рэдактарам якога з’яўляецца доктар філалагічных навук спадарыня Ся Чжунсянь, пазіцыяніруе сябе як перыёдыка, уважлівая да ўсіх культур і літаратур на постсавецкай прасторы. У розныя гады выходзілі асобныя нумары, якія былі прысвечаны ўкраінскай, грузінскай літаратурам. Застаецца спадзявацца і на выданне адмысловага «беларускага нумара».

— У нас складваюцца неблагія адносіны з беларускімі навукоўцамі, — расказвае спадарыня Ся Чжунсянь. — У сваю чаргу многія студэнты, магістранты, аспіранты з Кітая бываюць у Беларусі, працуюць у якасці валанцёраў і выкладчыкаў у інстытутах Канфуцыя ў розных беларускіх ВНУ. Яны не толькі дапамагаюць беларусам авалодаць кітайскай мовай, але і займаюцца навуковымі даследаваннямі. Веру, што ў хуткім часе і ў кітайскіх літаратуразнаўцаў з’явяцца працы пра творчасць Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Васіля Быкава.

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.