Вы тут

Школа: дзея другая


Глядзець, разумець і ствараць вучаць падчас фестывалю «ТЭАРТ»


Першы набор адбыўся летась, калі праект пад назвай «Школа ТЭАРТа» стаў не столькі дадаткам да асноўнай часткі, а фактычна самастойным кірункам, не менш цікавым, асабліва для тых, хто задзейнічаны ў тэатральным працэсе. Што ёсць сучасны тэатр як кірунак мастацтва? Якія тэндэнцыі ў развіцці тэатра сусветнага? Як ён адгукаецца і рэфлексуе з нагоды падзей, што адбываюцца навокал? Якая роля беларускага тэатра ў нашым грамадстве? Пытанні, адказы на якія немагчыма знайсці аднойчы і на гэтым супакоіцца. Кожнае пакаленне ў кожную эпоху ды і наогул пры адчувальных зменах у грамадстве будзе паўтараць іх і шукаць адказы зноў: як развіваецца жыццё, так развіваецца і тэатр. І ёсць у ім тое, што вылучае гэты кірунак мастацтва: ён прадстаўляе жывую мадэль чалавечага існавання (як у соцыуме, так і таго, што тычыцца асобнага чалавека), дазваляе своечасова зразумець, над чым працаваць, што ўдасканальваць, а што адкінуць наогул. Але гэта яшчэ і моцныя эмоцыі, якія не даюць забыцца чалавеку пра тое, што ён — жывы.

Лекцыі і дыскусіі тэатразнаўцаў і культурогалаў, майстар-класы, дзе можна атрымаць рэальныя парады і прыклады працы, — вось што такое «Школа ТЭАРТа». Разбіраемся, да якіх выкладчыкаў варта пайсці і чаму.

1. Калі асноўная праграма фестывалю яшчэ толькі на наступным тыдні, то заняткі ў школе пачынаюцца ўжо цяпер. Першая лекцыя заўтра, 23 верасня. І цягам усяго фестывалю будуць вучэбныя сустрэчы, нават да заканчэння. Апошнім (храналагічна), пад заслону фестывалю, але для нас першым (згодна са значэннем і сэнсам) будзе фактычна ўрок краязнаўства, прысвечаны абмеркаванню праграмы шоукейса «Belarus Оpen» з сакраментальным пытаннем ад куратара Людмілы Грамыка: «Што не так з беларускім тэатрам?». Што баліць…

2. Але і айчынныя тэатральныя падзеі можна разглядаць з дзвюх кропак: адна — мясцовая, унутры беларускай прасторы, другая — звонку, дазваляе паглядзець збоку ды і быць у сусветным кантэксце, бо мы не існуем адасоблена ад іншых. Таму яшчэ да пачатку міжнароднай праграмы будзе своеасаблівы ўрок геаграфіі, дзе зададуць вектар для аналізу цягам усяго фестывалю. Можна далучыцца да размовы падчас круглага стала з удзелам запрошаных гасцей: «Месца беларускага тэатра ў/па-за еўрапейскай культуры: крытэрыі паспяховасці».

3. Урок эстэтыкі разам з Хайнерам Гёбельсам адметны тым, што мастацтва тэатра разглядае праз адчуванне гледача. Лекцыя музыканта, рэжысёра і выкладчыка тэатра з Германіі мае назву «Эстэтыка адсутнасці». Што можа адсутнічаць, а што павінна прысутнічаць у сучаснай тэатральнай пастаноўцы, каб яна зачапіла гледача? У чым (ці) саступае класічная драма «драме стыхій», паводле Гёбельса? І наогул, якія эстэтычныя стратэгіі развіваюцца ўнутры сучасных мастацтваў, скіраваных на гледача? Прыкладам для разбору стане пастаноўка «Штукі Штыфтэра».

4. Якія змены адбываюцца ў культурнай рэчаіснасці постсавецкіх краін, як трансфармуецца роля і задачы розных культурных інстытутаў? На што павінна быць накіраваная культурная палітыка ў дачынанні да традыцыйных інстытутаў культуры? Пытанні найноўшай гісторыі і тое, як яна паўплывала на культуру, — тэма актуальнай для нас лекцыі Дзмітрыя Рэнанскага, расійскага тэатральнага і музычнага крытыка. Адпаведная і назва тэмы: «Праграма “Время”: ад традыцыйных інстытутаў да новай культурнай рэчаіснасці». Паколькі Беларусь не адышла ад кантэксту знакамітай тэлепраграмы і працэсы ў нас падобныя да тых, што адбываюцца ў суседзяў, варта паразважаць пра варыянты нашай культурнай будучыні.

5. Магчымасці чалавечага цела для драматычнага тэатра прапануе даследаваць падчас майстар-класа рэжысёр і харэограф Сяргей Зямлянскі. А крыху больш чым праз два тыдні пасля сустрэчы з ім тэму пластыкі і харэаграфіі падтрымае Франчэска Скавета, які кіруе балетнай групай «Wee» ў нарвежскім Осла. Яго майстар-клас больш скіраваны на сучасны танец і знаёміць з адмысловай аўтарскай тэхнікай вызвалення і кантактнай імправізацыяй у спалучэнні з кітайскім баявым мастацтвам. Гэта пра тое, як фізічная культура чалавека можа паслужыць мастацтву.

6. Асобная тэматыка сёлета ў школе — антычны тэатр. Адразу дзве лекцыі прысвечаныя гэтай тэме, і нездарма: апошнім часам у беларускім тэатры ідзе зварот да антычных вобразаў, асабліва жаночых. Ды і наогул у сусветнай літаратуры, якая грунтавалася на творах антычных аўтараў, у тым ліку Эўрыпіда, Сафокла, водгукі Антычнасці адчувальныя дагэтуль. Таму своеасаблівыя ўрокі культуралогіі са зваротам да вобразаў і традыцый антычнага тэатра для нас будуць цікавымі: гэта яшчэ ключ да разумення некаторых беларускіх сучасных спектакляў, што выбухнулі сёлета. Першым заняткам у школе 23 верасня стане лекцыя даследчыцы Таццяны Зайдаль «Міфалогія “жаночай прыроды”. Федра, Медэя, Антыгона». На наступны дзень размову працягне тэатральны крытык Алена Мальчэўская. Яна прапануе развагі пра тое, якім чынам сучасны тэатр узаемадзейнічае са спадчынай антычнасці ў лекцыі «Старажытнагрэчаскі тэатр: рэканструкцыя спектакля».

Такім чынам, нас чакае восем сустрэч, частка з іх даступная ў свабодным рэжыме (па папярэднім запісе). На некаторыя заняткі прадугледжаныя квіткі (па ўмоўных і даступных коштах), каму што цікава — можна ўдакладніць расклады па датах, але не адкладаючы надоўга. Месцам сустрэч у межах «Школы ТЭАРТа» вызначаны крэатыўны кластар ok16, што на вуліцы Кастрычніцкай у Мінску.

Паказы Міжнароднай праграмы пачынаюцца 27 верасня. Адметна, што на адкрыццё фестывалю абралі пастаноўку аднаго з выкладчыкаў «Школы ТЭАРТа» Сяргея Зямлянскага. Спектакль «Жаніцьба» паводле Мікалая Гогаля ён паставіў у Ліепайскім тэатры. Але беларускі глядач памятае яго папярэдні ўдзел у форуме «ТЭАРТ» з пастаноўкай «Мацярынскае поле» (паводле Чынгіза Айтматава) — тады яе паказалі на заканчэнні фестывалю: гэта было кранальна і ўзрушальна. Такіх эмоцый тэатралы чакаюць сёлета на пачатку. І спадзяюцца прайсці з імі ўвесь фестывальны перыяд, які скончыцца беларускай праграмай у сярэдзіне кастрычніка, — кранальнай, узрушальнай?..

Арганізатар форуму «ТЭАРТ» — Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн», Белгазпрамбанк, генеральны партнёр — «Газпрам трансгаз Беларусь», пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».