Вы тут

Цяпер жыхароў вуліцы Краснадарскай ніякае надвор'е не палохае


Новыя слупы і зручная дарога на гэтай вуліцы паявіліся не без дапамогі «МС». Нагадаем, што за апошнія некалькі гадоў газета неаднаразова звярталася да праблем жыхароў аднаго з прыватных сектараў Магілёва. Пасля апошняй публікацыі ў ліпені гэтага года, дзе гаворка ішла пра нездавальняючы стан дарогі на азначанай вуліцы, рэдакцыя атрымала некалькі лістоў з Магілёўскага гарвыканкама за подпісам намесніка старшыні Сяргея Дзядовіча, дзе расказваецца, якія былі прынятыя меры. У прыватнасці, гаворыцца там, «зроблены работы па прафіляванні вуліцы з падсыпкай асфальтагранулятам». Карэспандэнт пацікавілася ў старасты мікразоны Віталя Гардзеева, ці ёсць прэтэнзіі да якасці работ.


Ву­лі­цу ця­пер не па­знаць.

Па дарозе на вуліцу Краснадарскую стараста з гонарам дэманструе новыя бетонныя слупы. «Памятаеце, калі вы ўпершыню да нас прыязджалі, тут стаялі драўляныя, пазамінулага стагоддзя, а зараз сучасныя, — радуецца ён. — Без дапамогі газеты мы, магчыма, і па сённяшні дзень жылі б са старымі асвятляльнымі апорамі. А так іх цалкам замянілі ва ўсім нашым мікрараёне Чапаеўка...»

На жаль, з дарогамі сітуацыя больш складаная. Але вуліцу Краснадарскую сапраўды не пазнаць. Апошнім разам дарога нагадвала пральную дошку з-за калдобін, а цяпер тут ляжыць хоць і не вельмі роўны, але ж асфальт. «Ужо не трэба баяцца, што пойдуць дажджы, і праезную частку зноў размые», — задаволены суразмоўнік. Нагадаем, што праблемы пачаліся пасля таго, як адна прыватная фірма ўзялася пракласці на Краснадарскай каналізацыю, але пасля гэтага так і не прывяла дарогу ў парадак. Жыхарам прыйшлося некалькі гадоў шукаць праўды. У лісце з гарвыканкама пазначана, што за нядбайнае стаўленне да сваіх абавязкаў па кантролі за выкананнем у тэрмін зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб вызвалены ад пасады намеснік генеральнага дырэктара Магілёўскага ўпраўлення камунальных прадпрыемстваў (УКП). Віталь Гардзееў упэўнены, што, калі б не падтрымка газеты, асфальт на Краснадарскай маглі б і не пакласці так хутка.

— Зрабілі цудоўна, асфальт тут наогул з'явіўся ўпершыню, — далучаецца да размовы тутэйшы жыхар Мікалай Кудравец. — Але да таго, як тут зрабілі каналізацыю, пытанняў па дарозе ў нас не ўзнікала, зямля была ўтрамбаваная. А вось пасля будаўніцтва на паверхні застаўся ўвесь бруд. Таму людзі і скардзіліся.

— Асабліва падчас дажджоў было дрэнна, хоць гвалт крычы, — падтрымлівае сына Ларыса Кудравец. — Надзявалі пакеты на боты і ішлі. Наш стараста малайчына, клапоціцца пра ўвесь раён. Дамагаецца ўсяго. Мы таксама тэлефанавалі. У нас, наогул, каля дома было горш чым дзе. А зараз прыгожа. Цяпер траву стрыжом, кусцікі, дрэўцы даглядаем, — хочацца, каб быў парадак.

— Калі параўноўваць з тым, што было, дык гэта неба і зямля, — адзначае яшчэ адна жыхарка вуліцы Краснадарскай Валянціна Лусцянкова. — Лужы былі такія, што людзі прайсці не маглі. Абыходзілі па суседняй вуліцы. Цяпер нас ніякае надвор'е не пужае.

Людміла Жукава таксама прызнаецца, што раней было жахліва, асабліва калі ішоў дождж. Нават гумавыя боты насіла з сабой. «Вы малайцы. А наш стараста — сумленны чалавек».

Ад сябе асабіста і жыхароў мікразоны Віталь Гардзееў папрасіў перадаць словы падзякі дырэктару Магілёўскага дарожна-маставога прадпрыемства Сяргею Мікалаевічу Маславу і начальніку сектара па справаводстве гэтага ж прадпрыемства Вользе Мікалаеўне Зінкевіч. «Як бы мы там з імі ні дыскутавалі, праца зроблена, і вялікі ім за гэта дзякуй, — адзначыў ён. — А яшчэ дзякуй супрацоўнікам гарадскіх электрычных сетак, якія зрабілі нам асвятленне».

У асобнай папцы, дзе Віталь Гардзееў захоўвае ўсю дзелавую перапіску па мікразоне, ёсць і кароценькая інфармацыя пра кожнага дэпутата гарадскога і раённага Саветаў. «Вось гэта былы дырэктар Гарсвятла Аляксандр Пашкевіч, — паказвае ён выразку з газеты. — Вельмі добры дэпутат. Адзін з найлепшых у горадзе. Ніколі не адмаўляецца дапамагчы».

Але з новымі слупамі і дарогай на вуліцы Краснадарскай праблемы на Чапаеўцы не заканчваюцца. Жыхары спадзяюцца, што калі-небудзь апранецца ў асфальт і іх цэнтральная вуліца Валгаградская. Трэба адзначыць, што прэтэнзіі абгрунтаваныя. Дарога бярэ пачатак ад адной з галоўных вуліц Магілёва — Першамайскай — і цягнецца амаль на кіламетр па прыватным сектары. У старасты захоўваецца адказ з УКП, што «на добраўпарадкаванне вуліцы пайшло каля ста тон асфальтагранулята». Мы разам прайшлі амаль усю вуліцу, але не атрымалі пацвярджэння, што так яно і было.

— Гэта проста адпіска, — лічыць Віталь Гардзееў. — Нельга так рабіць. Гэта ж прыватны сектар. Вось мы ідзём з вамі па вуліцы, нікога вакол няма, але ж нас бачаць. І гэтыя самазвалы з тонамі асфальту бачылі б. Толькі іх тут не было.

Барыс Лусцянкоў, які вырас на Чапаеўцы, можа з зайздроснай дакладнасцю ўзнавіць галоўныя этапы ў жыцці гэтай вуліцы. Кажа, што ў 60-я гады, калі яму было 10, тут паклалі брукаванку, потым перакапалі пад водаправод, затым «вялі» тэлефонны кабель, праз нейкі час — каналізацыю. Таму дарога цяпер і нагадвае мазаіку, — там кавалак бруку, тут зямлі, а дзе былі ямкі — асфальту.

— Вось па Краснадарскай людзі гвалт паднялі — яе і зрабілі. А Валгаградскую хоць і абяцаюць давесці да розуму, але ж тэрміны пакуль кожны раз адкладваюцца, — уздыхае няўрымслівы стараста. І запэўнівае, што не намераны проста так здавацца.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Дзякуй, стараста!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?