Вы тут

Якія кветкі пасадзіць восенню?


Удала камбінуючы мнагалетнікі, можна ствараць кветкавыя кампазіцыі, якія няспынна будуць радаваць прыгожым цвіценнем з першых дзён вясны і да пачатку зімы.


Чаму восенню саджаць мнагалетнікі лепш за ўсё?

Расліны лягчэй адаптуюцца і гартуюцца ў халодныя зімовыя месяцы. З надыходам вясны, прайшоўшы працэс прывыкання да новых умоў і ўмацаваўшыся, мнагалетнікі ўжо гатовыя накіраваць усе свае намаганні на інтэнсіўны рост і багатае цвіценне.

Аканіт, павойнік і адоніс — мнагалетнікі, якія праяўляюць сябе ва ўсёй красе менавіта пры восеньскай пасадцы: пасля зімоўкі ў грунце яны лепш укараняюцца, растуць і радуюць цвіценнем.

Іншай, не менш важкай, прычынай пасадкі шматгадовых кветак менавіта ўвосень з'яўляецца магчымасць для кветкавода надаць гэтаму працэсу больш часу: цвяроза ацаніць свае жаданні і магчымасці, больш старанна прадумаць выгадныя спалучэнні колераў, а таксама падрыхтаваць глебу і пасадачны матэрыял. Акрамя таго, прагрэтую летнімі сонечнымі праменямі глебу лягчэй капаць. Увільготнены сезоннымі дажджамі грунт не патрабуе паліву пасля высадкі раслін. Для таго каб радавацца цвіценню мнагалетнікаў ужо на наступны год пасля пасадкі, неабходна выбіраць для восеньскай высадкі экспрэс-сарты. Плануючы засаджваць участак кветкамі вясной, у імкненні запоўніць клумбы, якія пустуюць, людзі ліхаманкава купляюць усё падрад, не заўсёды задумваючыся аб мэтазгоднасці такіх пакупак. Таму запоўніць кветнікі лепш усё ж яшчэ да наступлення халадоў з тым, каб з прыходам вясны ўжо любавацца іх прыгажосцю.

Высаджваем расліны, якія цвітуць вясной

Вясна — гэта перш за ўсё парад цыбульных і першацветаў, якія, ажыўляючы клумбу, ствараюць вясновае аблічча саду.

Цыбульныя, якія цвітуць рана, высаджваюцца, пачынаючы з першай дэкады верасня і аж да другой паловы кастрычніка. Перыяд восеньскай высадкі цыбульных можа вар'іравацца ў залежнасці ад асаблівасцяў бягучага сезона і клімату раёна, але не пазней, чым за месяц да прыходу замаразкаў на глебе. Вельмі ранняя пасадка можа паслужыць прычынай прарастання цыбулін, што можа пагібельна адбіцца на расліне пры першых жа замаразках.

Для адкрытых сонечных участкаў выдатна падыдуць: гіяцынты і крокусы, нарцысы і цюльпаны, мускары, хіенадоксы, пушкініі, пралескі. Сярод першацветаў восенню можна смела рассаджваць прымулы і анемоны.

Яркім упрыгожваннем вясновых кветнікаў становяцца касачы, назва якіх у перакладзе з старажытнагрэчаскай гучыць як вясёлка.

Да дзялення карэнішчаў касачоў можна прыступаць ўжо ў пачатку верасня. У гэты ж перыяд можна падзяліць карэнішчы разрослых шматгадовых кустоў півоні, прысыпаўшы іх перад перасадкай попелам або драўняным вугалем. Флёксы, якія цвітуць вясной, лёгка размножыць восенню як дзяленнем карэнішча, так і шляхам высейвання ў грунт насення. Пасеяць непасрэдна ў адкрытую глебу можна і насенне: наперстаўкі, настуркі, маку.

Мнагалетнікі, якія цвітуць летам, для восеньскай пасадкі

За 1—2 тыдні да наступлення маразоў можна прыступаць да высаджвання мнагалетнікаў, якія пацешаць цвіценнем на наступны год у летнія месяцы.

Гэты час з'яўляецца аптымальным для рассаджвання лілей і лілейнікаў: цыбуліны лілей перасаджваюць праз кожныя 2—3 гады, лілейнікі ж могуць расці на адным месцы да пяці гадоў.

У другой палове верасня можна прыступаць да дзялення і перасадкі дэльфініума, флёксаў, рудбекіі, аквілегіі. Можна высеяць насенне рамонкаў, лёну, лаванды, календулы, васількоў, гваздзікоў.

Незалежна ад таго, на якім мнагалетніку спынены выбар, глебу пад яго пасадку пажадана падрыхтаваць загадзя: перакапаць і ўгнаіць, уносячы вітаміны, мікраэлементы і пры неабходнасці антыбіётыкі. Глыбіня пасадкі будзе залежаць ад выгляду расліны і механічнага саставу глебы.

Высаджванне раслін, якія цвітуць восенню

Завяршальным акордам буйства фарбаў выступаюць шматгадовыя кветкі, якія цвітуць восенню. Паколькі ў гэты перыяд яны на піку сваёй прыгажосці, рассаджваць іх варта з вялікай асцярожнасцю, каб пашкоджанне каранёвай сістэмы было мінімальным, забяспечыўшы тым самым працяглае цвіценне і паспяховае ўкараненне.

Упрыгажэннем кветніка ў гэты перыяд выступаюць: карэопсісы, геленіумы, расходнікі, астры. Але сапраўднымі каралевамі кампазіцый становяцца хрызантэмы.

Эфектным дадаткам кветкавай кампазіцыі могуць выступіць ярка-аранжавыя «ліхтарыкі» фізалісу. Прыгожая расліна з ядомымі пладамі, якія шырока ўжываюцца ў кулінарыі, размнажаецца шляхам высейвання насення ў грунт.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».