Вы тут

Як кінуць курыць?


Кожны трэці курэц спрабуе развітацца са шкоднай звычкай. Удаецца гэта адзінкам.

Не толькі таму, што сказаць «бывай!» любой залежнасці — заўсёды вельмі цяжка. Але і таму, што большасць не ведае пра ўсе наяўныя спосабы. Вось чаму варта звяртацца па дапамогу да ўрачоў псіхолагаў, псіхатэрапеўтаў, нарколагаў.


Асобных кабінетаў лячэння тытунёвай залежнасці пакуль у нас няма (магчыма, такія калі-небудзь і з'явяцца), аднак ва ўсіх наркадыспансерах ёсць урачы, здольныя падказаць, што дапаможа вызваліцца ад дыму менавіта вам.

— Прыкладна палова курцоў цалкам здольная кінуць курыць самастойна — была б матывацыя. Другой палове могуць спатрэбіцца медыкаменты, рэфлексатэрапія і іншыя метады, — адзначае ўрач псіхіятр-нарколаг сектара наркалогіі арганізацыйна-метадычнага аддзела Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Іна БЕЛАЕЦ. Кансультацыю ў наркалагічным кабінеце можна атрымаць бясплатна, але не ананімна, хоць гэта ніякай пастаноўкай на ўлік пацыенту не пагражае.

Вельмі важна не трапіць на вуду рэкламшчыкаў, якія сцвярджаюць, нібыта кінуць цыгарэты дапамогуць «электронкі». Электронныя цыгарэты не толькі не перамагаюць традыцыйнае курэнне, але нараджаюць яшчэ адну — паралельную — залежнасць! Пры гэтым і адно, і другое для арганізма адназначна шкодна. Мала таго, што абсалютна бессэнсоўны працэс не вырашае псіхалагічных праблем, дык ён яшчэ і парушае работу ўсяго арганізма. Ад атрутнага нікаціну, што ў цыгарэтах, і хімічных злучэнняў, што ў электронках, пакутуюць усе органы і сістэмы, а таму дзень за днём аматары дыму набліжаюць сябе да сардэчна-сасудзістай, анкалагічнай і іншых паталогій, якія пасля гэтых дзвюх пазіцый ужо можна і не называць.

Чым даўжэй вы курыце, тым цяжэйшая можа быць залежнасць і, адпаведна, наступствы для арганізма. Нехта гэта ўжо зразумеў, а таму саскочыў: апытанні паказваюць, што колькасць курцоў па краіне зніжаецца ў апошнія гады. Сёння гэта каля 29 працэнтаў ва ўзросце ад 16 гадоў. Праўда, ёсць і тыя, хто спрабуе курыць у 10 гадоў, хоць гэта і адзінкавыя выпадкі. Сярэднім узростам пачатку курэння ў нас лічыцца 17,5 года. Так што прыглядайцеся пільней да падлеткаў. Аднак перад тым, як прыгледзецца, спытайце ў сябе, дарослыя, ці не забылі вы паказаць сваім дзецям прыклад? Бо даследаванні сцвярджаюць, што 66 працэнтаў сыноў і 75 працэнтаў дачок кураць у тых сем'ях, дзе кураць бацькі.

Пачынаючы з 2002 года ў Беларусі працягваецца маштабная работа па зніжэнні колькасці курцоў і абароне права на чыстае паветра тых, хто не курыць. У шэрагу краін, дзе прымаліся адпаведныя абмежаванні — узроставы цэнз, забарона курэння ў грамадскіх месцах, а таксама істотнае павелічэнне кошту цыгарэт, — дасягнуты нядрэнныя вынікі па зніжэнні колькасці людзей з тытунёвай залежнасцю. Радуе тое, што мы рухаемся ў тым жа напрамку.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?