Вы тут

Прэзідэнт сустрэўся з першым віцэ-прэм'ерам


У Палацы Незалежнасці адбылася чарговая сустрэча па разглядзе дакументаў, прызваных лібералізаваць айчынную эканоміку. Учора кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Васіля Мацюшэўскага, першага намесніка прэм'ер-міністра.


Разглядаўся адзін з ключавых дакументаў — праект Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб развіцці прадпрымальніцтва», акрамя гэтага, абмяркоўвалася ўдасканаленне парадку ліцэнзавання — па гэтым пытанні падрыхтаваны праект Указа Прэзідэнта.

— У нас і так у гэтым плане, я лічу, нядрэнны парадак, мы вельмі шмат у гэтым кірунку зрабілі, але бізнес, тым не менш, хацеў бы большай свабоды і большых крокаў па зняцці пэўных адміністрацыйных працэдур, — канстатаваў кіраўнік краіны. — Калі жыццё паказвае, што мы недзе можам зрабіць крокі ў гэтым кірунку, іх трэба рабіць. Рабіць, пажадана, своечасова. Не думаю, што мы тут адстаём, але тым не менш.

Гаворачы пра ліцэнзаванне, Аляксандр Лукашэнка заявіў:

— Мы абмяркоўвалі гэту праблему і прыйшлі да высновы, што можам зрабіць крок у кірунку паведамляльнага характару ліцэнзавання, здзяйснення найбольш распаўсюджаных відаў, як вы пішаце, эканамічнай дзейнасці, — у Дэкрэце гэта вырашылі прапісаць.

Наступная тэма, істотная для прадпрымальнікаў, — рознага кшталту патрабаванні для прадпрыемства, памяшкання, дзе знаходзіцца вытворчасць.

— Гэта вельмі важна, і тут я з бізнесменамі цалкам згодны, — мы дамовіліся пра тое, што на ўзроўні Прэзідэнта мы павінны зацвердзіць агульныя патрабаванні пажарнай бяспекі, санітарна-эпідэміялагічных нормаў, аховы навакольнага асяроддзя... Гэтыя патрабаванні надзвычай аб'ёмныя, непатрэбныя ў сваёй большасці, вельмі напружваюць бізнес і адцягваюць яго ад канкрэтных рашэнняў, задач. Гэтымі дакументамі мы зацвярджаем практычны пералік такіх патрабаванняў, і ўжо розныя адміністрацыйныя перапоны скарачаюцца, — адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што бізнесмены ставілі пытанне па стабільнасці падаткаў для бізнесу. Прапануецца замацаваць да 2020 года норму, што новыя падаткі ў нас не з'явяцца і стаўкі па падатках змяняцца не будуць.

— Думаю, на гэта трэба пайсці, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Паглядзім, што ў нас з гэтага атрымаецца. Іншыя патрабаванні, у тым ліку ліквідацыя адміністрацыйных бар'ераў, каб тыя, хто хоча займацца бізнесам, адкрыць бізнес, маглі зрабіць гэта, ну, дапусцім, не за год-паўтара, як часта бывала ў нас, а літаральна адразу або на працягу месяца, каб ніякіх бюракратычных затрымак не было, — мы таксама замацоўваем гэта ў дакументах.

Прэзідэнт нагадаў, што была дамова зацвердзіць парадак ліцэнзавання. Акрамя гэтага, адмяняюцца ліцэнзіі на некаторыя віды дзейнасці. На думку кіраўніка дзяржавы, такое цалкам магчыма прыняць. Беларускі лідар папрасіў Васіля Мацюшэўскага больш падрабязна далажыць пра замацаванне выключнага права суда сваім рашэннем спыняць дзеянне ліцэнзіі або ануляваць яе:

— Каб мы, зноў жа, не перагружалі суды, і каб мы функцыі несудовых органаў улады не перакідвалі на іх.

Аляксандр Лукашэнка аргументаваў гэта тым, што, калі ён слухае даклады кіраўнікоў судоў, яны не патрабуюць згаданую норму аддаць на водкуп толькі судам.

Прэзідэнт таксама пацікавіўся, якія змены адбыліся ў абмяркоўваемых дакументах пасля жнівеньскай нарады.


У тэму

Васіль Мацюшэўскі, першы намеснік прэм'ер-міністра, паведаміў, што пакет дакументаў па разняволенні дзелавой ініцыятывы быў падрыхтаваны сумесна з бізнес-супольнасцю. Яго адзіная задача — змяніць характар бізнес-асяроддзя, максімальна знізіць адміністрацыйны ўплыў на яго. Што да забароны ўводзіць новыя падаткі да 2020 года, прадугледжанай праектам Дэкрэта, то распрацоўшчыкі ўсяго пакета дакументаў па лібералізацыі бізнесу выступаюць за нязменнасць базавых пасылаў.

— Любы цыкл бізнес-планавання — гэта нават не пяць гадоў, як сярэднетэрміновая перспектыва. Доўгатэрміновая перспектыва — 10—15 гадоў. Адпаведна, усе ўмовы павінны быць прагназуемымі для прадпрымальніка, — упэўнены першы намеснік прэм'ер-міністра.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Апошнія штрыхі важнага дэкрэта

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».