Вы тут

Сябра і паплечнік Максіма Танка


Улетку 1983 года, калі з Ганцавіч я ехаў у Мінск, тагачасны рэдактар раённай газеты «Савецкае Палессе» Васіль Праскураў з аказіяй пераслаў Максіму Танку пакет. Ліст быў укладзены ў звычайны паштовы канверт, але я ведаў, пра што ў ім вядзецца гаворка. Народнаму паэту Беларусі ўсё не выпадала патрапіць у палескі глыбінь-гарадок асабіста, таму ён і папрасіў Васіля Фёдаравіча адшукаць тут якія-небудзь сляды жыцця і асабліва акалічнасці расстрэлу фашыстамі Генрыка Дэмбінскага — сябра і паплечніка Максіма Танка па рэвалюцыйнай дзейнасці ў Заходняй Беларусі. Ужо тады, на пачатку васьмідзясятых, у райцэнтры, лічы, не заставалася жывых сведкаў колішняй трагедыі. Найбольш дасведчаныя старажылы ў лепшым выпадку маглі нагадаць вам пра іншага Генрыка Дэмбінскага — польскага палітычнага дзеяча, генерала, удзельніка паўстання 1830 — 1831 гадоў супраць рускага царызму. Аднак гэта зусім розныя людзі, а даты жыцця і смерці выпадковых цёзкаў па прозвішчы раздзяляе як не цэлае стагоддзе.


Безумоўна, наш сучаснік Генрык Дэмбінскі, пра якога так заклапочана наводзіў даведкі сам Максім Танк, — адметны і заслужаны чалавек. На жаль, ягоных біяграфічных звестак захавалася мала, ды, магчыма, не ўсе яны знойдзены даследчыкамі ў беларуска-польскіх архівах. З афіцыйных крыніц вядома, што Генрык Дэмбінскі актыўна ўдзельнічаў у рэвалюцыйным руху ў Заходняй Беларусі і пры гэтым славіўся надзвычай яркім публіцыстам. Паходжаннем з рабочых, нарадзіўся 7 ліпеня 1908 года ў Іркуцку, а якім чынам з далёкай Сібіры трапіў у Беларусь, застаецца загадкай. Дасведчана можна казаць, што пасля Імперыялістычнай вайны жыў і працаваў у Ашмянах, затым вучыўся ў Вільні, і якраз гэтыя звесткі даюць падставу ўвесь яго жыццёвы шлях падзяліць на некалькі асобных, самых вызначальных вехаў біяграфіі.

Так, напрыканцы 1932 года, будучы ўжо студэнтам Віленскага ўніверсітэта, Генрык Дэмбінскі арганізаваў антыфашысцкую групу «Студэнцкая лявіца Фронт», а яна згуртоўвала прагрэсіўную моладзь гэтага краю, рабіла вялікі палітычны ўплыў на інтэлігенцыю і арганізацыю нацыянальна-вызваленчага характару ў Заходняй Беларусі. На выбарнай аснове «Фронтам» кіравалі Г. Дэмбінскі, С. Ендрыхоўскі, К. Петрусевіч ды іншыя. У маі 1936 года студэнцкая лявіца накіравала сваіх дэлегатаў на Антыфашысцкі кангрэс работнікаў культуры, які праходзіў у Львове. У форуме бралі ўдзел вядомыя пісьменнікі, мастакі, вучоныя польскай дзяржавы — Я. Кручкоўскі, У. Бранеўскі, В. Васілеўская, С. Ендрыхоўскі, Г. Гурская, Я. Галан, С. Тудор, А. Гаўрылюк. Ад Заходняй Беларусі з дакладам выступіў кіраўнік дэлегацыі Генрык Дэмбінскі. Львоўскі кангрэс заклікаў перадавую інтэлігенцыю сумесна змагацца супраць наступлення фашызму і падрыхтоўкі новай вайны, стаў яркай дэманстрацыяй згуртаванасці і адзінства прагрэсіўных сіл.

Акурат у той перадваенны трывожны час у Віленскім краі побач з Генрыкам Дэмбінскім распачыналася легендарная біяграфія маладзейшага за яго на чатыры гады Максіма Танка, і іх шляхідарогі, безумоўна, не адзін раз перакрыжоўваліся. Студэнцкая прагрэсіўная арганізацыя легальна выдавала папулярныя ў Польшчы газеты «Папросту» і «Лісток», распаўсюджвала адозвы і пракламацыі рэвалюцыйнага зместу. У легальных і падпольных выданнях супрацоўнічалі пісьменнікі М. Танк, Е. Путрамант, сам ідэйны натхняльнік бунтарнай моладзі Генрык Дэмбінскі. Тая ж газета «Папросту» выходзіла як грамадска-літаратурны двухтомнік, друкавалася на польскай мове але, каб быць бліжэй да свайго заняволенага народа, ужо з сёмага нумара рэдакцыя заснавала ў выданні «Беларускую калонку». Адным з рэдактараў яе быў Максім Танк. Малады творца, як вядома, друкавацца пачаў у 1932 годзе ў часопісе «Пралом», які выдаваў з паэтам Я. Гарохам, не абмінаў ён увагай «Часопіс для ўсіх» і так званыя газеты-аднадзёнкі — «На пераломе», «Беларускае жыццё». Апошняя выйшла ў Львове, ды вось цікавы факт. Якраз у гэтым нумары ўпершыню пад псеўданімам Максім Танк быў змешчаны яго верш «Заштрайкавалі гіганты-коміны». У далейшым прыцягальны псеўданім трывала замацаваўся на ранніх зборніках паэта — «На этапах» (канфіскаваны), «Журавінавы цвет», «Пад мачтай», пазней увогуле стаў нацыянальным гонарам беларусаў. Не лішнім будзе зазначыць, што памятны нумар газеты «Беларускае жыццё» быў аддрукаваны пад рэдакцыяй вядомага тады публіцыста Генрыка Дэмбінскага.

Тэма вызваленча-рэвалюцыйнага руху на тэрыторыі Заходняй Беларусі па некаторых прычынах сёння не дужа актуальная, але гісторыю не перапішаш на мову пераможцаў, не зменіш ні па заказе, ні па чыімсьці ўгледжанні: як было, няхай так і застаецца. Было ж тое, што рэпрэсіі польскіх уладаў супраць змагароў за вольную Беларусь няспынна ўзмацняліся. За актыўную рэвалюцыйную дзейнасць на турэмныя нары ў знакамітыя Лукішкі трапіў Максім Танк. Цікава, што на судовым працэсе таленавітага паэта абараняў прафесар Віленскага ўніверсітэта К. Петрусевіч, так, той самы знакаміты юрыст і палітычны дзеяч, які ў свой час у якасці адваката абараняў і Якуба Коласа на царскім судзе за ўдзел у арганізацыі з’езда беларускіх настаўнікаў. На хвалі ўціску дэмакратычных арганізацый з сярэдзіны 1930-х гадоў прагрэсіўныя газеты «Папросту», «Лісток» і іншыя падобныя выданні былі ануляваны, пад забаронай апынулася і сама студэнцкая лявіца, а яе кіраўнікі асуджаны. У 1937 годзе арганізатар студэнцкай суполкі і публіцыст Генрык Дэмбінскі быў на чатыры гады зняволены ў тыя ж змрочныя Лукішкі, адкуль выйшаў у сувязі з пачаткам крывавых баявых дзеянняў на еўрапейскім кантыненце.

Далейшы жыццёвы лёс яркага публіцыста і духоўнага важака студэнцтва ўкладваецца ўсяго ў некалькі радкоў. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР многія ўдзельнікі рэвалюцыйнага руху былі накіраваны працаваць у вызваленыя раёны, так Генрык Дэмбінскі апынуўся ў мястэчку Ганцавічы, дзе яму прапанавалі сціплую пасаду інспектара раённага аддзела народнай асветы. Тут працаваў вельмі кароткі час, тут і расстраляны фашыстамі. Дакладна вядомыя месца і дата трагедыі — 12 жніўня 1941 года. Для ганцаўчан гэта быў жудасны дзень. Нямецка-фашысцкія галаварэзы як толькі захапілі палескі гарадок, дык адразу і пачаліся тут катаванні і масавыя расстрэлы мірных жыхароў. З асаблівай лютасцю караліся смерцю партыйнасавецкія работнікі, чырвонаармейцы і партызаны, мясцовыя кіраўнікі, дэпутаты, настаўнікі. У той жахлівы дзень, 12 жніўня, карнікі хапалі людзей па ўсім мястэчку, збівалі ў адну калону і вялі за Ганцавічы — на сёмы кіламетр Хатыніцкай дарогі, дзе ў лясным урочышчы Салінка былі выкапаны ямы і стаялі нацэленыя на людзей кулямёты.

Адна такая калона бязвінных ахвяр з боку бальніцы, пабудаванай, дарэчы, за кошт Лігі Нацый, рухалася на чыгуначны пераезд. У гэтай жа калоне акупанты гналі і мужнага патрыёта Генрыка Дэмбінскага. Можна толькі ўявіць, пра што ён думаў, гледзячы на азвярэлы канвой з ікластымі аўчаркамі, на змярцвелыя хаты супроць пераезду, урэшце, на чорнаалешнікі, якія густа разрасліся паблізу, на правай паваротцы Любашаўскай дарогі.

Карціну трагічных падзей таго дня мне і журналісту раённай газеты Кастусю Мохару ўзнавіць у рэальнасці дапамог наш рэдактар Васіль Праскураў, а яго ўжо і самога даўно няма ў жывых. Чалавек акуратны і абавязковы, у далёкае лета 1983 года ён шчыра ўспрыняў просьбу народнага паэта Беларусі: нейкія звесткі даваеннага часу адшукаў у мясцовых архівах, галоўнае ж, распытаў старэйшых жыхароў палескага глыбінь-гарадка, ужо тады вельмі нямногіх. Пра ўсе падрабязнасці ганцавіцкага жыцця і абставіны расстрэлу Генрыка Дэмбінскага таленавіты празаік Васіль Праскураў напісаў Максіму Танку, а я, калі быў у сталіцы, перадаў гэты ліст проста ў рукі свайму любімаму паэту. Магчыма, у тым пасланні былі і нейкі іншыя факты, але за дзень да маёй паездкі ў Мінск мы, мясцовыя газетчыкі, разам вярталіся на рэдакцыйнай машыне з раёна, і, калі мінулі чыгуначны пераезд, Васіль Фёдаравіч папрасіў шафёра спыніцца.

— Вунь бачыце справа ад скрыжавання старыя вольхі? — паказаў ён рукою. — Якраз у той бок на Любашава, калі нявольнікі пераходзілі чыгуначныя рэйкі, кінуўся ўцякаць Танкаў сябра Генрык Дэмбінскі. Але далёка бядак не адбегся. Забрахалі аўчаркі, застрачылі аўтаматы. Цела адчайнага інспектара райана, якога ганцаўчане ўжо добра ведалі, засталося на абочыне. Калону ахвяр, узятых у раёне сённяшняй вуліцы Матросава, карнікі пагналі далей, на хатыніцкі шлях. Там у балоцістым урочышчы Салінка 12 жніўня 1941 года нямецкія фашысты скасілі з кулямётаў амаль 300 жыхароў з Ганцавіч — яўрэяў, рускіх, беларусаў, палякаў, людзей іншых нацыянальнасцей.

У сярэдзіне 60-х гадоў астанкі ахвяр фашысцкага генацыду былі перазахаваны ў цэнтры Ганцавіч, але пазней, у сувязі з забудовай вуліцы Гагарына, брацкая магіла і помнік з яе перанесены на паўночна-ўсходнюю ўскраіну гарадскіх могілак. Паводле дакументаў Нацыянальнага архіва Беларусі, нямецка-фашысцкія захопнікі знішчылі 8725 мірных жыхароў Ганцавіцкага раёна. Так на доўгія гады ў невядомасці заставалася і імя Генрыка Дэмбінскага. Праўда, невялічкі артыкул, прысвечаны яму, можна знайсці ў Беларускай энцыклапедыі, а на пачатку 1960-х гадоў у Варшаве на польскай мове выйшла кніга выбраных лістоў слыннага заходнебеларускага публіцыста.

Віктар ГАРДЗЕЙ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.