Вы тут

Вольга Ермаліцкая: Хачу быць найлепшай ва ўсім


Дзяўчына ніколі не марыла быць спартсменкай, тым больш чэмпіёнкай свету. Яна не займалася спортам да паступлення ў вышэйшую навучальную ўстанову, але выпадковая сустрэча з трэнерам па паўэрліфтынгу ў літаральным сэнсе змяніла яе жыццё. Спачатку дзяўчына стала самай моцнай у краіне, а потым і ў свеце. Разам з тым Вольга Ермаліцкая цалкам абвяргае стэрэатып аб «сціплых» разумовых здольнасцях спартсменаў: яна вучыцца ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, яе сярэдні бал — 10. Як удалося сумяшчаць спорт з навуковай дзейнасцю і стаць чэмпіёнкай свету за тры гады, Вольга расказала ў сваім інтэрв'ю.


— Залаты медаль нядаўняга чэмпіянату свету па паўэрліфтынгу вы выйгралі, падняўшы ў агульнай суме 267,5 кілаграма...

— Так, выступленне ў нас складаецца з трох практыкаванняў — прысяданне са штангай, жым лежачы і станавая цяга. У першым прысядала са штангай 92,5 кілаграма, але сіл хапала і на большую вагу, у другім выжымала 57,5 кілаграма, у трэцім — 117,5 кілаграма. Усюды ў мяне быў найлепшы вынік і, адпаведна, залаты медаль чэмпіянату свету.

— Ці чакалі такога ад сябе?

— Тры гады я выступала ў вагавой катэгорыі 47 кілаграмаў і была самай лёгкай сярод саперніц, гэта не вельмі выгадна, таму перад чэмпіянатам свету 2017 вырашыла скінуць вагу і выступіць у катэгорыі 43 кілаграмы. Разам з трэнерам нават не ўяўлялі, як пакажу сябе на гэтым турніры ў новай форме. Вельмі хвалявалася. Дзесьці ў глыбіні душы разлічвала трапіць у тройку, але пра тое, што буду першай, і не марыла.

— Якія эмоцыі адчулі на п'едэстале?

— Зрабіла апошні падыход, і проста з памоста мяне забралі на допінг-кантроль, таму я нават не бачыла, на якім месцы знаходжуся. Калі вярнулася, а трэнер сказаў, што я першая, не магла ў гэта паверыць. Шок. Ужо мінула трохі часу, а я ўсё роўна думаю, няўжо гэта сапраўды было, няўжо я гэтага дамаглася...

— Што ў паўэрліфтынгу самае галоўнае?

— Мяркую, псіхалогія. Пачаць займацца гэтым відам спорту можа любы, нават не маючы нейкіх асаблівых фізічных даных. Калі казаць пра мяне, то ў дзяцінстве я ніколі не займалася ў спартыўных секцыях, ды і магчымасці нават такой не было, таму што я нарадзілася ў вёсцы Церабуты Старадарожскага раёна. Калі паступіла ў сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках, трэнер заўважыў мяне выпадкова, але адразу не сказаў пра паўэрліфтынг, а проста запрасіў на заняткі фітнесам. Тыдзень думала, а потым вырашыла прыйсці паглядзець, што там за фітнес. Была дзяўчынкай з вагой 45 кілаграмаў, але ў трэнажорнай зале паказала сваю сілу і трэнер сказаў, што я таленавітая і дакладна выканаю нарматыў на майстра спорту, стану чэмпіёнкай Беларусі.

Я паступала ў БДЭУ ў Мінску на эканаміста, але не хапіла літаральна аднаго бала, таму вырашыла паехаць у Горкі вучыцца на бухгалтара. Атрымліваецца, што той бал змяніў усё маё жыццё, бо ў сталіцы я б дакладна паўэрліфтынгам не займалася.

— Выходзіць, паказваць добрыя вынікі вы сталі адразу?

— Я пачала ставіць перад сабой мэты, першая — выканаць разрад кандыдата ў майстры спорту. Думала, гэта вельмі складана, але зрабіла нарматыў за месяц. Зразумела, што здольная на большае. Выканала майстра спорту, потым паехала на чэмпіянат Еўропы і стала там сярэбраным прызёрам.

— А якую максімальную вагу вы здольныя падняць?

— Не магу сказаць, таму што я яшчэ ніколі не выступала на сваім максімуме. З кожным годам, кожнай трэніроўкай паказчыкі растуць, але я не ведаю сваёй мяжы.

— У чым сакрэт вашай сілы?

— Магчыма, у генах. Трэнер кажа, што ў мяне здольнасць, як быццам дар ад Бога. Я не ўжываю нават мінімальнага спартыўнага харчавання, хоць бы проста для падтрымання арганізма. Толькі ўласныя рэсурсы. Многіх гэта здзіўляе.

— Падымаць цяжар небяспечна для любога чалавека, а для дзяўчыны асабліва...

— У мяне вельмі катэгарычная пазіцыя наконт здароўя, яно для мяне больш важнае, чым спорт. Усяго, чаго хацела (і нават больш), я дамаглася, таму калі ўзнікне нейкая пагроза здароўю, я адразу, без роздуму, кіну спорт. Калі б паўэрліфтынг быў прадстаўлены на Алімпіядзе, то яшчэ было б да чаго імкнуцца, куды расці, а так, куды дзець усе гэтыя медалі?

— Вы, напэўна, часта сутыкаецеся з пытаннем пра тое, навошта далікатнай дзяўчыне займацца такім відам спорту?

— Калі бацькі пачулі, што я буду падымаць штангі, адразу сказалі — не. Гэта іх пазіцыя, яе яны прытрымліваюцца і цяпер, але, нягледзячы на тое, што выступаюць супраць майго занятку, усё роўна ганарацца дачкой. Для мяне гэта важна. Што да рэакцыі іншых людзей, у твар ніхто нічога мне не выказваў, магчыма, за спінай хтосьці асуджае мой выбар. Але, напрыклад, аднакурснікі, наадварот, ганарацца мной, падтрымліваюць і заўсёды віншуюць з поспехамі.

— Ва ўсіх спартсменаў, як правіла, моцны характар, бо без гэтага немагчыма дамагчыся выніку. Ці складана сумяшчаць яго з жаноцкасцю?

— Пасля таго, як я пачала займацца паўэрліфтынгам, характар дакладна стаў больш жорсткім, з'явіўся стрыжань. Калі раней была ціхай і маўклівай, то цяпер часам даводзіцца нават стрымліваць сябе. Але спадзяюся, што мне ўдалося захаваць жаноцкасць. Я люблю, калі, нягледзячы на тое, што я чэмпіёнка свету ў такім відзе спорту, ува мне ўсё роўна, перш за ўсё, бачаць дзяўчыну, якая мае патрэбу ў дапамозе.

— Ці важны для вас знешні выгляд у працэсе спаборніцтваў?

— Наогул пра гэта не думаю. Калі выходзіш на памост, нікога не заўважаеш, нічога не чуеш, арыентуешся толькі па жэстах суддзі. Адрэналін зашкальвае. Думаеш толькі пра тое, як правільна зрабіць практыкаванне, а не пра тое, што не паспела нафарбавацца.

— Мяркуючы па вашых поспехах у вучобе, вы разбураеце стэрэатып пра разумовыя здольнасці спартсменаў...

— Вядома, мне складана падтрымліваць сваю фізічную форму (трэніруюся чатыры разы на тыдзень па дзве—чатыры гадзіны), ды яшчэ і добра вучыцца ў акадэміі, але я хачу быць найлепшай ва ўсім. Мой сярэдні бал — 10. Я пішу артыкулы, навуковыя работы, выступаю на конкурсах навуковых даследаванняў. У нашай навучальнай установе няма палёгкі для спартсменаў. У першую чаргу чалавек прыходзіць туды вучыцца, а калі паспявае яшчэ чымсьці займацца, — калі ласка.

— Дзе знаходзіце сілы і час?

— Шчыра? Не ведаю. Бывае вельмі складана, у такія моманты хочацца апусціць рукі, але матывую сама сябе тым, што зроблена ўжо вельмі шмат.

— У далейшым збіраецеся працаваць бухгалтарам або працягнеце спартыўную кар'еру?

— Некалькі гадоў у любым выпадку адпрацую па размеркаванні, якраз будзе магчымасць «адчуць» прафесію. Але думаю, усё ж такі выберу для сябе іншую спецыяльнасць, больш актыўную. Мне ўжо паступалі прапановы працаваць фітнес-інструктарам, пакуль я іх не прыняла. Што датычыцца паўэрліфтынгу, гэта апошні год, калі я выступаю на спаборніцтвах. Буду падтрымліваць форму толькі для сябе. Напэўна, лепш ужо пачынаць рыхтаваць іншых да вялікага спорту, чым выступаць самой. Мне здаецца, я змагла б быць строгім, але добрым трэнерам. У трэнажорнай зале да мяне часта звяртаюцца па парады нават хлопцы.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.