Вы тут

Беларус стварыў праграму, якая можа ратаваць жыцці


Распрацоўкай айчыннымі праграмістамі мабільных праграм ужо не здзівіш нікога: спецыялістаў у гэтай сферы ведаюць не толькі ў Беларусі. Успомніць хоць бы Vіbеr ці «Маскарад». Але калі «камунікатары» ды «забаўлялкі» папаўняюцца амаль штодня, то праграмы сацыяльнага кірунку нават цяжка адразу прыгадаць, ды і попытам яны карыстаюцца значна меншым. Толькі гэта не значыць, што падобныя праекты не развіваюцца. Сяргей КОСІК — беларускі праграміст, які сярод многіх кірункаў у сферы ІT абраў менавіта «сацыялку». Пацвярджэнне таму — яго праграма #ButtоnSОS. Пра матывацыю выбару і важнасць такіх распрацовак мы пагутарылі з Сяргеем і яшчэ адным аўтарам праекта Ягорам СКРАБНЕЎСКІМ.


Стваральнік праграмы Сяргей Косік.

— Я яшчэ з дзяцінства пачаў цікавіцца тэхналогіямі, — расказвае Сяргей. — Сем гадоў працаваў інжынерам-праграмістам у розных кампаніях. Якраз тады захапіўся ўсім, што звязана з каардынатамі — мне падабаецца вандраваць. Пачаў праграмаваць на базе ўласных распрацовак. Першая версія праграмнага забеспячэння прызначалася зусім не для кнопкі SОS — першапачаткова гэта была ідэя фітнес-трэкера. У свеце існавала ўжо каля дзесяці такіх буйных праграм, але да іх часта прадаюць дадатковую прыладу, напрыклад, бранзалецік. Мая ж ідэя была ў тым, каб праграма працавала проста праз мабільны тэлефон.

На думку Сяргея, яго праграма была ўнікальнай, бо вылічвала тыя ж самыя калорыі, што і іншыя фітнес-трэкеры, але з выкарыстаннем толькі геаграфічных каардынат. Прадаваць алгарытм буйным фірмам Сяргей не хацеў, а яшчэ зразумеў: бяспека — гэта менавіта тое, што яго насамрэч цікавіць. Паступова да праграміста пачалі далучацца аднадумцы, з гэтага моманту каманда і пачала працэс распрацоўкі #ButtоnSОS.

— Наша праграма створана для дапамогі ў экстраннай сітуацыі. Кнопка выведзена проста на экран блакіроўкі смартфона, — тлумачыць Ягор. — Пры яе націсканні праграма пачынае працэс рассылкі вашых геаграфічных каардынат і падрыхтаванага загадзя кароткага паведамлення з просьбай аб дапамозе. Спачатку тэлефон будзе вібрыраваць пяць секунд, таму ў карыстальніка ёсць магчымасць адмяніць рассылку пры выпадковым націсканні. Потым паведамленне дашлецца давераным асобам. Праз чатыры секунды інфармацыя будзе разасланая ўсім карыстальнікам праграмы, якія знаходзяцца ў радыусе кіламетра ад вас. Яшчэ праз тры секунды аўтаматычна запусціцца званок у экстранную службу 112. Рассылку паведамлення можна адмяніць на любым этапе і даслаць сігнал, напрыклад, толькі сваякам. Акрамя таго, распрацоўшчыкі сцвярджаюць, што прылада працуе і як GРS-трэкер. У выпадку, калі чалавек згубіўся, можна ўстанавіць яго месцазнаходжанне.

Сяргей звяртае ўвагу, што цяпер яго маленькая кампанія запускае краўдфандынг для дапрацоўкі Аndrоіd-версіі. Распрацоўка для платформы іОS таксама плануецца, але чакаць гэтага можна толькі пасля таго, як праграмісты збяруць патрэбныя сродкі для дапрацоўкі #ButtоnSОS для Аndrоіd.

— Пакуль наш праект не мае фінансавання ад інвестараў і, па-сутнасці, з'яўляецца валанцёрскім, бо каманда робіць яго на ўласныя грошы. Краўдфандынгавая акцыя дапаможа падштурхнуць развіццё праграмы, — кажа Ягор.

Адрозненні яе ад іншых «дапаможнікаў» заўважаеш не адразу, але іх наяўнасць можа быць высока ацэнена карыстальнікам. Па-першае, гэта эканомны расход батарэі тэлефона ў параўнанні з іншымі праграмамі. Па-другое, значна вышэйшая дакладнасць вызначэння каардынат дзякуючы адсочванню лакацыі адразу па некалькіх геаграфічных параметрах.

— Але галоўнае тое, што астатнія праграмы такога кшталту не канцэнтруюцца непасрэдна на бяспецы і прапануюць вырашэнне гэтага пытання праз стварэнне чатаў для камунікацыі або чагосьці падобнага. Наша ж скіравана на прамое ўзаемадзеянне са службамі ратавання і ўсімі, хто можа дапамагчы, — запэўнівае Ягор.

На цяперашні момант праграма функцыянуе, і ёй можна карыстацца, але яе дапрацоўка вядзецца бесперапынна: выпраўляюцца «багі» і недасканаласці, што былі згаданыя ў водгуках карыстальнікаў. Праўда, каманда мае і свае задумкі. У планах — перайсці на новую ступень развіцця праграмы і зрабіць яе спрацоўванне аўтаматычным, як і вызначэнне экстраннай сітуацыі. Напрыклад, пры ДТЗ тэлефон зрэагуе на рэзкі ўдар. Акрамя таго, праграма зможа вызначыць сітуацыю, калі дзіця перайшло дарогу ў неналежным месцы, і паведаміць пра гэта бацькам.

— На сённяшні дзень мы засяроджваем увагу выключна на #ButtоnSОS, і развіццё гэтай праграмы з'яўляецца нашай галоўнай справай, — сцвярджае Ягор. — Мы малады стартап, які шукае свайго карыстальніка, таму зараз наша галоўная мэта — давесці інфармацыю аб праграме і яе функцыі да апошняга.

Таццяна АШУРКЕВІЧ, студэнтка ІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Дапамога ў адзін клік

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?