Вы тут

8 суперфіналістаў змагаліся за званне «Настаўнік года»


Суперфінал рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў "Настаўнік года — 2017" прайшоў учора ў сценах Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і паставіў кропку ў марафоне, які доўжыўся амаль цэлы год. У адборачных турах (гарадскім, раённым і абласным) па ўсёй краіне ўзялі ўдзел больш як 30 тысяч чалавек. У фінал з іх выйшлі толькі 56, а ў суперфінал — 8 педагогаў, якія перамаглі ў фінале ў сваіх намінацыях.


За званне найлепшага ў сваёй прафесіі ўчора змагаліся настаўнік беларускай мовы і літаратуры Баравухскай сярэдняй школы №15 г.Новаполацка Святлана РУМЯНЦАВА, настаўнік музыкі сярэдняй школы №53 г.Мінска Вольга МАХІТКА, настаўнік іспанскай мовы гімназіі №2 г Ваўкавыска Юлія КАСТАЛОМАВА, настаўнік фізікі сярэдняй школы №1 г Фаніпаля Максім ДУБІНА, настаўнік пачатковых класаў гімназіі №1 Ваўкавыска Людміла ЗАЯЦ, выхавальнік дашкольнай установы адукацыі яслі-сад №24 г.Маладзечна Таццяна АПАНОВІЧ, настаўнік біялогіі гімназіі №5 г. Віцебска Марына ЮР’ЕВА  і настаўнік гісторыі сярэдняй школы №3 г Орша Андрэй ІВАНОЎ.

У суперфінале ўсё дзейства перанеслася са школьных класаў на сцэну. Хоць міні-ўрок на тэму "Каб знайсці сваё месца ў жыцці..." канкурсантам таксама давялося паказаць: кожнаму — сродкамі свайго прадмета, а гэта былі і музыка, і фізіка, і іспанская мова… У ролі вучняў ім падыгрывалі на сцэне калегі па фінальнай частцы спаборніцтваў. Таксама суперфіналістаў чакала педагагічная прэс-канферэнцыя і публічнае выступленне на тэму "Настаўнік (выхавальнік): учора, сёння, заўтра".

— Выпадковых людзей тут не было, кожны з удзельнікаў варты звання "Настаўнік года", — падзяліўся сваімі ўражаннямі пасля завяршэння суперфіналу старшыня журы, рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, доктар педагагічных навук, прафесар Аляксандр ЖУК. — Нам вельмі спадабалася, што на ўроку педагогі выкарыстоўвалі актыўныя метады і формы навучання, інфармацыйныя тэхналогіі  і "клас" увесь час працаваў. Гэта вельмі важна, таму што сучасны настаўнік — не проста носьбіт і перадатчык гатовых ведаў, а арганізатар вучэбна-пазнавальнай дзейнасці на ўроку.

У суперфінале акрамя прафесійнага журы працавала і вучнёўскае: школьнікі выберуць свайго пераможцу і ўручаць яму прыз вучнёўскіх сімпатый. А імя ўладальніка галоўнага прыза конкурсу — "Хрустальнага жураўля" — аб’явяць заўтра (28 верасня) у тэатры юнага гледача.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.