Вы тут

Маладая сучасніца Юлія Логвін пра каханне, сям'ю і шчасце


Ёсць у мяне любімая песня — «Затрымай мяне» беларускага гурта «Аurа». Чуць яе даводзілася і ў запісе, і з вуснаў вакалісткі калектыву, названага вышэй, але найбольшае ўражанне гэты музычны твор зрабіў на мяне ў выкананні Юліі Логвін з пасёлка Белавежскі, што на Камянеччыне.

Мы з Юліяй неаднаразова сутыкаліся на канцэртах у Камянцы і Высокім, а аднойчы, у 2014-м, ехалі ў адным цягніку Брэст—Мінск: я — дадому, у роднае Маладзечна, яна — на конкурс маладых выканаўцаў, што праходзіў там у рамках фестывалю беларускай песні і паэзіі. Калі сёлета падчас Дня горада ў Камянцы лёс зноў звёў нас, вырашыла: інтэрв'ю быць!


Юлія нарадзілася ў вёсцы Мікалаева, але роднай для яе стала вёска Войская, куды пазней перабралася сям'я.

— З музыкай у нашай сям'і даўно і надзейна сябруюць усе: мама ў свой час спявала ў хоры, тата таксама ў юнацтве выходзіў на школьную сцэну як вакаліст і баяніст. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што я, дачка такіх бацькоў, з дзяцінства марыла спяваць. Заўсёды паўтарала: калі-небудзь маё выступленне пакажуць па тэлевізары! Так і атрымалася.

— Хто дапамагаў табе рабіць першыя крокі да сцэны?

— У школьныя гады ў мяне былі два цудоўныя педагогі: Іна Заяц з Войскай сярэдняй школы і Любоў Міхнавец з мясцовага Дома культуры. Памятаю, што вельмі хацела вучыцца спяваць у ім, але пайсці туды проста так — «Прыміце мяне!» — не хапала смеласці. Потым мяне выпадкова пачула Любоў Іосіфаўна і паклікала займацца.

— Пасля 11 класа вырашыла абраць прафесію, звязаную з музыкай?

— Вядома ж! Спынілася на Брэсцкім музычным каледжы імя Рыгора Шырмы. Без пачатковай музычнай адукацыі паступаць туды было няпроста, але справілася. Дзякую за падтрымку начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Мікалаю Громіку, які даў мне накіраванне, і педагогу Камянецкай дзіцячай школы мастацтваў Ганне Грушэўскай, што займалася са мной перад паступленнем. На тры бюджэтныя месцы прэтэндавалі 12 чалавек, адно з іх дасталася мне.

— Чым запомніліся тры гады вучобы ў Брэсце?

— Яны былі вельмі насычаныя! І новымі ведамі, і шматлікімі выступленнямі. Надзвычай ўдзячная сваім педагогам: па сцэнічным маўленні, выпускніку Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва Уладзіміру Яшчуку, і па класе фартэпіяна Жанне Крукавай.

Уладзімір Мікалаевіч дапамагаў мне шукаць магчымасці выступаць, знаёміў з цікавымі, таленавітымі людзьмі. У Доме культуры чыгуначнікаў у Брэсце ў яго быў свой тэатр «Люстэрка», куды я прыйшла аднойчы па ўласнай ініцыятыве і захапілася гэтым чараўніцтвам. Памятаю, мы ставілі мюзікл «Ну, воўк, маладзец!», у якім я іграла Зайца. З гэтым спектаклем мы ездзілі ў Люблін і Львоў. Двойчы мне давяралі ролю галоўнай Снягуркі Брэста каля ёлкі на плошчы Леніна. І сёння мы падтрымліваем сувязь з Уладзімірам Мікалаевічам: нядаўна па яго запрашэнні выступала на Дні горада ў абласным цэнтры. Што ж датычыцца Жанны Крукавай, то яна вельмі шмат дала мне за тры гады ў плане ігры на інструменце. Асабліва, калі ўлічыць, што раней я ніколі не іграла на фартэпіяна...

— Сапраўды, вельмі насычанае творчае жыццё!

— Мне хацелася зарэкамендаваць сябе. Таму ішла выступаць усюды, дзе была магчымасць. Платна, бясплатна — без розніцы.

— Так і з конкурсам у Маладзечне?

— Заяўку на ўдзел у ім падала, нават не здагадваючыся, што выступаць буду цяжарная. Калі ўжо ў Маладзечне падышла да Міхаіла Фінберга, з аркестрам якога выступалі канкурсанты, і спытала, ці дазволіць ён мне выйсці на сцэну на восьмым месяцы, пачула ў адказ просьбу прынесці даведку ад урача, што гэта не пашкодзіць ні мне, ні дзіцяці.

Так і выступала. Вярнулася з дыпломам за ўдзел. Сёлета хацела паспрабаваць зноў, але не склалася...

— Якія яшчэ перамогі ў тваёй скарбонцы?

— Адзін дыплом першай ступені абласнога конкурсу «Табе мае песні, Белая Русь» і два другой ступені абласных «Эстраднага міксу» і «Рытмаў маладосці», дыплом фіналіста конкурсу «Дэбют з аркестрам». Акрамя таго, тройчы спрабавала прайсці ў беларускае шоу «Акадэмія талентаў», двойчы — у «Спяваючыя гарады». А яшчэ ў 2012-м ездзіла з сяброўкай на «Х-фактар» ва Украіну. Але няўдала — перад журы, якое паказваюць па тэлебачанні, так і не выступіла, бо гэтаму папярэднічала некалькі прамежкавых этапаў, пераадолець якія змаглі адзінкі.

— Засмуцілася?

— Не, гэта карысны досвед. Там проста робяць шоу. Памятаю, перада мной прадзюсар сказала «так» хлопцу, які прыйшоў на кастынг на джамперах — прыстасаваннях для скачкоў — і дзіўным голасам спяваў песню пра «белого лебедя на пруду». Зрабіла для сябе выснову: там трэба ці зрабіць нешта эпатажнае, ці браць, як той казаў, на змор.

— Што ў найбліжэйшых творчых планах?

— «Белазаўскі акорд». Гэта рэспубліканскі конкурс маладых эстрадных выканаўцаў. Ён адбудзецца ў кастрычніку.

— Жадаю поспеху! А пакуль вернемся яшчэ раз у мінулае. Пасля заканчэння каледжа ўладкавалася на працу ў...

— Белавежскую дзіцячую школу мастацтваў, займалася з дзеткамі вакалам. Бо ў пасёлку жыве і працуе мой муж Косця. Нам выдзелілі дом, у якім вельмі ўтульна і нам, і нашай маленькай Сонечцы. Пасля дэкрэтнага водпуску, што скончыўся нядаўна, уладкавалася ў Белавежскі Дом культуры кіраўніком тэатральнага гуртка, акрамя таго, працую на палову стаўкі ў дзіцячай школе мастацтваў.

— У мужа таксама творчая прафесія? Як вы пазнаёміліся?

— Не, ён — інжынер-механік. Вучыліся разам у школе. Я маладзейшая на тры гады і таму, напэўна, асаблівай увагі на Косцю не звяртала. Але аднойчы на дні нараджэння агульнага знаёмага мы сустрэліся позіркамі, і я зразумела: гэта МОЙ чалавек! Сустракаліся пяць гадоў. Доўга гулялі, размаўлялі, гадзінамі ў любое надвор'е сядзелі на лаўцы, ён па лесвіцы да мяне ў акно на другі паверх лазіў... Потым пажаніліся. Было і вянчанне, бо ведаю дакладна: нікога так не буду кахаць.

— Ты, напэўна, спявала на сваім вяселлі таксама?

— Як без гэтага? (Усміхаецца.) Адну песню прысвяціла маме, мы плакалі з ёй разам, другую, «Каханне, падобнае на сон», — мужу. Нашай сям'і ўжо тры гады.

— Кажуць, каханне жыве менавіта столькі, а потым знікае...

— Няпраўда! Каханне жыве вечна. Увогуле звязваць свой лёс з чалавекам без кахання нельга.

— Хто з вас першы ідзе на прымірэнне пасля спрэчкі?

— Па чарзе. Мы па гараскопе Рак (я) і Леў (Косця). Абое — лідары, абое ўпартыя. Але гатовы ісці на кампраміс. Я лічу, калі кахаеш чалавека, беражы яго! Мы ўсё робім разам. Не дзелім абавязкі па доме. Сёння шмат гавораць пра мужоў, што выдатна сябе адчуваюць пад абцасам жонкі. На маю ж думку, такіх не існуе. Проста ёсць мужчыны, якія паважаюць сваіх жанчын.

Мой Косця — вялікі працаўнік. Яму не дай есці, а дай папрацаваць (смяецца). Як мне не дай есці, а дай выступіць. У нас пры доме і агарод ёсць, і прылеглую тэрыторыю даводзім да ладу, нядаўна, напрыклад, зладзілі вельмі прыгожы газон, які я ахвотна даглядаю.

— Дачка пераняла любоў да музыкі?

— Яна і спявае, і танцуе. Лічу, што бацькі павінны даць дзіцяці ўсё, што можна, паказаць, як шмат у свеце цікавых заняткаў. Малы хлопчык ці дзяўчынка яшчэ не здольны самастойна вырашаць, што ім патрэбна. Няхай жа паспрабуюць усё, а потым самі вызначацца. Галоўнае — каб было з чаго выбіраць.

Мая мама ў свой час шчыра падтрымлівала маё імкненне да спеваў. Яна і сёння ездзіць са мной на ўсе канцэрты, слухае са слязамі на вачах, перажывае і, спадзяюся, ганарыцца мной. Не магу выказаць, як я ёй удзячная!

— Як падбіраеш свой рэпертуар?

— Абавязкова ўлічваю, хто будзе мяне слухаць, што можа спадабацца менавіта гэтай публіцы. А яшчэ, вядома ж, спыняюся на кампазіцыях, якія пасуюць мне, дапамагаюць паказаць усе вакальныя здольнасці. Звычайна спяваю песні Ані Лорак, Валерыі, Алы Пугачовай, Ірыны Алегравай.

Люблю павольныя кампазіцыі са зместам. Аб сэнсе жыцця, напрыклад. Асабліва пранізліва атрымліваецца, калі сам перажываеш нешта падобнае на тое, пра што спяваеш. Кожную песню заўсёды прапускаю праз сябе.


Маленькі тлумачальны слоўнік Юліі Логвін

  • Спевы — гэта... маё жыццё.
  • Сям'я — гэта... тое, што заўсёды на першым месцы.
  • Каханне — гэта... узаемаразуменне і ўзаемапавага.
  • Шчасце — гэта... калі цябе кахаюць, калі ты сапраўды патрэбны, калі гэта — шчырая праўда, а не ліслівасць.

Настасся НАРЭЙКА

Фота Міколы ШУМА і з сямейнага архіва

Загаловак у газеце: Калі хочацца спяваць!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.