Вы тут

Дарога — рух. Дарога — жыццё...


Колькі сябе памятаю, мяне заўсёды суправаджаў гул чыгункі. Калі мне было прыкладна пяць, мы з матуляй хадзілі глядзець на цягнікі. Сярод лесапаласы, якая ідзе ўздоўж рэек, знаходзілі найбольш зручнае месца і чакалі, каб памахаць машыністам.


Колькі ж радасці было, калі з акна цеплавоза нам адказвалі! Дарослыя мужчыны бачылі зачараваны погляд маленькай дзяўчынкі, усміхаліся і махалі рукой, а часам нават рабілі запаветнае «Ту-туу!» — дзеля мяне.

З малых гадоў я езджу ў цягніках: бацька жыве ў іншай вобласці, таму два разы на год прыкладна па пяць гадзін (назад — столькі ж) праводжу ў плацкартным вагоне за чытаннем кнігі ці праслухоўваннем музыкі.

Цяпер я студэнтка. Кожнай раніцай а сёмай — ужо ў электрычцы. У ёй я дарэмна спрабую запоўніць недахоп сну. Часам бывае, правальваешся ў яго так глыбока, што не чуеш нават гучных аб'яў назваў станцый. І калі праспала свой прыпынак, то шчасце выглянуць у акно і ўбачыць перон наступнай, а не, напрыклад, дэпо.

З маім маладым чалавекам лёс звёў мяне таксама ў прыгарадным цягніку, які накіроўваўся да сталіцы. Пасля працяглага перапынку ў стасунках мы выпадкова селі ў адзін вагон і прагаварылі ўсю дарогу. З гэтага ў нас усё і пачалося, напэўна. З-за таго, што жывём у розных кутках горада, зноў жа, часцей за ўсе я езджу да яго на электрычцы. У суткі магу мільгаць на чатырох розных перонах. Позна ўначы, раніцай, у чаканні першай, апошняй, хуткаснай, звычайнай электрычкі — я заўсёды там.

Я цвёрда магу сказаць, што дарога — гэта сапраўды мой дом і маё жыццё. Мне ўжо даўно не перашкаджае перастук колаў, калыханне вагона, гутаркі іншых пасажыраў побач, гучныя аб'явы назваў станцый... І нават дома, калі засынаю ў мяккім ложку, лепшай калыханкай для мяне з'яўляецца гул цягніка, які праязджае ўдалечыні.

...Дарога вельмі стамляе, аднімае процьму часу і шмат сіл. Але, нягледзячы на ўсё гэта, ёсць у ёй нешта значнае. Дарога — гэта адвечны рух, адвечны аптымізм, адвечнае жыццё. Гэта сіла, упартасць і моц.

Мне часам здаецца, што чыгунка, якая ўвайшла ў жыццё яшчэ ў маленстве, паўплывала на мой характар. Не ведаю, ці змагла я напоўніцу захаваць сваю дзіцячую ўпартасць і здольнасць не сумаваць. Але ж я намагаюся. І яшчэ ніколі не складала рук, калі магла і хацела нешта змяніць...

...У сваім маленькім горадзе, перасечаным чыгункай, часам я сустракаю дзяцей, якія махаюць услед цягнікам. Гледзячы на такога маленькага чалавека, я думаю аб тым, як шмат яму трэба будзе перажыць і выпрабаваць, як шмат дарог пераадолець. Я заўсёды ў думках жадаю, каб, калі ён падрасце і сутыкнецца з цяжкасцямі, у вачах яго не згас агеньчык дабрыні і надзеі. І каб праз шмат гадоў ён быў здольны радавацца жыццю так, як радуецца цяпер.

Напэўна, машыністы з майго маленства таксама жадалі мне гэтага ж.

Паліна ПРАКАПЕНЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з нявесткай вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.