Вы тут

Справа для «асаблівых» людзей


Магіляўчанка Алеся Цумарава вечны рухавік не прыдумала, але яе праект «Тэрыторыя людзей» можна смела называць наватарскім. На конкурсе прадпрымальніцкіх ідэй ён быў прызнаны лепшым сацыяльным праектам. Яго мэта — даць людзям з абмежаванымі магчымасцямі шанц зарабіць сабе на жыццё і адначасова прынесці карысць грамадству.


Бізнес-школа ІПМ навучыла прасоўваць свае ідэі ў жыццё.

Нік Вуйчыч натхніў

— За мяжой існуе цэлая сетка крамаў, якія спецыялізуюцца на продажы сувеніраў, зробленых выключна рукамі інвалідаў, — кажа Алеся. — Я збіраюся адкрыць такую гандлёвую кропку ў Магілёве, а потым, калі атрымаецца, яшчэ некалькі па краіне. Гэтая крама стане своеасаблівым клубам па інтарэсах, дзе кожны інвалід зможа навучыцца нешта рабіць сваімі рукамі, а потым гэта рэалізаваць.

Яна па сабе ведае, што значыць быць інвалідам. Лёс яе не шкадаваў. Каб навучыцца хадзіць, Алеся перанесла 14 аперацый, рана страціла маці, перажыла развод з любым чалавекам. Але не здавалася, ішла наперад і не ныла. У 35 гадоў пачала жыццё з новага ліста — зноў выйшла замуж і адкрыла сваю справу. Яна спадзяецца: яе прыклад натхніць тых, хто яшчэ працягвае думаць, нібыта ён ні на што не варты.

— Усё залежыць ад таго, як ты сябе падаеш. Адна жанчына ідзе, як каралева, і ўсе яе так і ўспрымаюць, а другая камплексуе, хвалюецца, чым толькі адштурхоўвае іншых ад сябе. На працягу 35 гадоў толькі і рабіла, што саромелася сябе, мне было няёмка паказваць сваё пасведчанне ў аўтобусе. А потым трапіла на выступленне Ніка Вуйчыча і цалкам перагледзела сваё стаўленне да жыцця. У ім усё было нашмат горш, чым у гэтага аўстралійца. Яму пашчасціла нарадзіцца ў краіне, дзе жывуць людзі з іншым менталітэтам. Гэта ў нас доўгі час інваліды выхоўваліся асобна ад астатніх і жылі ў спецустановах. Я ў дзяцінстве праз гэта таксама прайшла. Мне раптам стала так сорамна за сябе, што, калі вярнулася дадому, перш-наперш перапісала на сайце знаёмстваў сваю анкету. Раней выдавала сябе за лепшую, чым ёсць, але потым толькі пакутавала ад гэтага. Пры знаёмстве ўсё адразу ж станавілася зразумела. Пасля першай сустрэчы рэдка хто прыходзіў да мяне зноў. Была ўпэўнена, што ў жыцці застануся адна. Але праз два тыдні пасля таго, як размясціла ў сеціве новую анкету, пазнаёмілася са сваім цяперашнім мужам. Пры першай сустрэчы адразу аб'явіла яму, што ў мяне ДЦП і расказала ўсё, пра што раней лічыла патрэбным маўчаць. Унутрана была гатовая да таго, што чалавек адвернецца. Але ён застаўся.

Найлепшы сацыяльны праект

Адкрыць сваю справу сёння нескладана, было б жаданне. Інтэрнэт у гэтым толькі дапаможа. Галоўнае — вызначыцца, чым збіраешся займацца. Спачатку Алеся хацела зрабіць нешта выключна для сябе, але потым рызыкнула стаць карыснай і для іншых. І ў гэтым ёй вельмі дапамагла бізнес-школа ІПМ, куды яна звярнулася, каб паўдзельнічаць у конкурсе прадпрымальніцкіх ідэй.

— Вельмі задаволена, што трапіла туды, хоць першым часам вельмі сумнявалася, што мяне там чамусьці новаму навучаць, — расказвае Алеся. —
Аднак памылілася. Там даведалася і як бізнес-план скласці, і як потым прасоўваць сваю справу. Можна сказаць, што атрымала новую спецыяльнасць.

Яе праект быў прызнаны найлепшым спачатку на абласным, а потым і рэспубліканскім узроўні. Маладая жанчына адчувала сябе на сёмым небе ад шчасця за сябе і за тых «асаблівых» людзей, якім зможа дапамагчы.

— Шмат хто з іх займаецца рукадзеллем, але большасць гэтых работ выкарыстоўваецца выключна ў якасці экспанатаў для выставак на Дзень інваліда, — перажывае яна. — Але 3 снежня праходзіць, і пра іх забываюць. Сувеніры адпраўляюцца на палічкі, замест таго каб прыносіць людзям карысць. А для інваліда гэта нялішнія грошы. Я, нягледзячы на свае асаблівасці, таксама хачу рабіць сабе манікюр, прычоску, купляць касметыку і моднае адзенне. На дапамогу па інваліднасці не вельмі можна разагнацца. Калі ў чалавека з'явіцца магчымасць зарабляць сабе на жыццё, ён не будзе хадзіць з працягнутай рукой і прасіць — дапамажыце.

Лялькі-абярэгі, напоўненыя духмянымі травамі.

Калі адкрыецца крама?

На жаль, рэалізаваць праект аказалася больш складана, чым распрацаваць яго. Памяшканне пад будучую краму выдзелена, але не хапае грошай, каб яго адрамантаваць. Калі пафарбаваць сцены і столь можна самому, то ўваходную групу і санвузел без спецыяліста не зрабіць. Патрэбна не адна тысяча долараў, але такіх грошай у Алесі няма.

— Калі ўдзельнічала ў конкурсе прадпрымальніцкіх ідэй, імкнулася перамагчы, каб атрымаць грошы для развіцця свайго праекта, — кажа яна. — Але гэтыя сродкі аказаліся мэтавыя — для далейшага навучання ў бізнес-школе ІПМ. Не прапускаю магчымасці паўдзельнічаць у іншых конкурсах, брала ўдзел нават у сацыяльна-адукацыйным праекце «Мой бізнес» на АНТ, але пакуль не пашчасціла. Звярталася да мэра Магілёва Уладзіміра Цумарава па дапамогу, пісала лісты ў розныя арганізацыі і прадпрыемствы з просьбай аказаць садзейнічанне, але ніякіх зрухаў. У сацыяльных сетках у мяне сотні падпісчыкаў, я ім таксама расказваю пра свае праблемы. Можа, хто адгукнецца. Праект сацыяльны, я на ім грошы не зараблю, тут без дапамогі іншых не абысціся.

Галоўны, хто падтрымлівае Алесю ў яе пачынаннях, гэта муж. Ездзіць з ёй на выставы рамеснікаў, шукае спонсараў. Нядаўна сужэнцы пачалі супрацоўнічаць з магілёўскай мэблевай фірмай ІMebel, нават зладзілі сумесную акцыю. Кожны пакупнік мэблі атрымаў сувенір ад «Залатой стужкі». Такую назву Алеся прыдумала для сваёй крамы. Ёсць спробы супрацоўніцтва з прадпрыемствам «Беларуснафта». Распрацаваны буклет з Алесіным айбанам і распаўсюджаны па бензакалонках.

Каб цалкам прысвяціць сябе справе, Алеся звольнілася з бібліятэкі і вядзе гурток рукадзелля для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў Ленінскага раёна. Трэба вучыць людзей карыснай справе, каб яны атрымалі магчымасць працаваць. Тым часам колькасць ахвотных рэалізаваць свой хэнд мэйд цераз Алесіну краму становіцца ўсё больш. Далучаюцца ўмельцы з Мінскай, Брэсцкай абласцей.

— Паглядзіце на фота, гэта ўсё канкурэнтаздольныя тавары, не скажаш, што іх зрабіў інвалід, — перажывае за сваё дзецішча Алеся. — Іх прыемна будзе падарыць любому чалавеку. Бачыце, якая арыгінальная ручка. А вось шкатулка ў выглядзе лялькі. Мы можам рабіць сувеніры пад заказ да любога свята.

Пакуль Алеся вымушана захоўваць усё гэта багацце ў сваёй кватэры і рэалізоўваць цераз інтэрнэт-краму. Яна нават думкі не дапускае, што праект можа спыніцца. Тое, што ён жывы, можна ўпэўніцца, завітаўшы на сайт gold-rіbbon.reshop.by. Даходы пакуль невялікія, але Алеся не здаецца.

— У Магілёве 18 тысяч інвалідаў, у вобласці — 54 тысячы, у краіне — 840 тысяч. І шмат хто з іх можа прыносіць радзіме карысць, — аргументуе яна. — У мяне адказнасць перад людзьмі, якія чакаюць гэтай крамы. Я не магу ім проста сказаць: прабачце, нічога не атрымалася. Калі Нік Вуйчыч змог, мы таксама зможам. Усе вакол гавораць пра дармаедства, але гэта той выпадак, калі людзі жадаюць працаваць. Нельга іх пазбаўляць надзеі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

P.S. Вы таксама можаце далучыцца да добрай справы і падтрымаць Алесін праект. Вось яе рэквізіты:

ІBAN BY20ALFA30132231730040270000

СВИФТ-ALFABY2X

Фота з архіва Алесі Цумаравай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».