Вы тут

«Палессе роднае ȅ любоў мая і боль…»


Альбо Пісьменнік, які не саромеецца быць вясковым

Да 50-годдзя Уладзіміра Гаўрыловіча



Палессе — cамабытная, нібы цалкам асобная краіна. Тут у кожнай крыніцы, ракі і возера свая мелодыя. Тут месцяцца «рай святы» (А. Бандзюк) і «самой гісторыі пласты» (К. Кашэвіч). Багатая тутэйшая зямля і літаратурнымі талентамі. Адзін з яе ўраджэнцаў — празаік і публіцыст У. Гаўрыловіч, што з радасцю ўспрымае вызначэнне сябе як «вясковага пісьменніка».

І ва ўласна мастацкай прозе, і ў публіцыстычных і дакументальных жанрах У. Гаўрыловіч часта звяртаецца не толькі да праблем сённяшняга жыцця, але і да перажытага нашым народам у ранейшыя часы. Такі падыход да першаматэрыялу абумоўлены непахіснасцю аўтарскага пераканання: «Ведаць гісторыю роднай зямлі — ведаць сябе». Пісьменніка цікавіць даўніна і фальклор, архітэктура і археалогія роднага краю, наогул уся яго матэрыяльная і духоўная культура. Напрыклад, тураўскія саркафагі і славутыя крыжы, што растуць на мясцовых могілках. Або заснаванае на рэгіянальным матэрыяле і апрацаванае самім празаікам паданне пра ўзнікненне дзіўнага Князь-возера і рыбы-краснапёркі ў ім (раман «Забранае шчасце»). Ці легенда пра паходжанне назвы роднай вёскі Вотчыны-Вятчын (рамантычная аповесць «Анёлак мой, Анёлак…»), якую многа гадоў ахоўвала пабудаваная некалі і спаленая яшчэ да рэвалюцыі драўляная царква. На яе месцы пазней вырасце бяроза, што набудзе ў народзе сакральную місію святога аб’екта. «Вернецца царква — вёска будзе абароненая ад усіх нягод, а не будзе царквы — рана ці позна знікне. Таму людзі на гэтым месцы і моляцца Богу, просяць яго, каб вёска не знікла, каб яе людскі род не перапыніўся».

Матыў вытокаў, непарыўнай повязі сучаснасці з мінулым роднага краю, гістарычнай памяці як умовы захавання яго нацыянальнай непаўторнасці рэалізуецца аўтарам у кнізе нарысаў «Жыватворная крыніца Жыткавіцкага краю» (2004). Пра вядомых і спагадлівых людзей Палесся, выбітных землякоў Жыткаўшчыны (а сярод іх былыя франтавікі, настаўнікі і хлебаробы, святары, народныя спевакі, майстры і мастакі, скульптары і разьбяры), апавядае аўтар у розных па жанравых адзнаках творах цыкла «Паяднаныя з зямлёй» (1998 — 2005), што пазней увойдзе ў кнігу публіцыстыкі «Крокі па роднай зямлі» (2005). Трагізмам зместу, вялікай пошукавай працай, прачулым суперажываннем болю і незагойным ранам суразмоўцаў уражвае прысвечаная маладым землякам, ахвярам Афганскай вайны, дакументальная аповесць-плач У. Гаўрыловіча «Памятаць, каб жыць» (1997 — 1999), што ўпершыню была надрукавана ў зборніку «Споднія яблыкі» (1999).

Акрамя таго, пісьменнік — аўтар дзвюх п’ес, што былі пастаўлены на школьных сцэнах Гомельшчыны і пазней апублікаваны ў калектыўным зборніку «Паслядоўнікі Макаёнка. Айчына ў душах і сэрцах» (2016). Першая з іх — «Маленькая каралева Еўдакія Тураўская» (2007) — мае ўласна гістарычную аснову і вяртае чытача да падзей канца ХІ — пач. ХІІ стст., часу, калі Тураўская зямля ўсяляк імкнецца захаваць самастойнасць, незалежнае ад суседзяў існаванне ў няпросты час палітычных інтрыг і адкрытага змагання кіеўскіх і польскіх князёў, іх спадчыннікаў за ўладу. Другая — «Адкрый сваё сэрца» (2010) — уздымае праблему выжывання людзей на вайне, выпрабавання глыбіні іх пачуццяў у экстрэмальных умовах і драматычных абставінах. Пасля пэўнай дапрацоўкі змест гэтага твора быў уведзены аўтарам у падзейную канву рамана «Цяпло маладзіка».

Надзвычай каштоўным выданнем стаў альбом «Тураўская рапсодыя» («Чатыры чвэрці», 2016 г.), аўтарам ідэі і тэксту якога з’яўляецца У. Гаўрыловіч. Сёлетні год павінен стаць для пісьменніка асабліва запамінальным, бо рыхтуецца да друку яго раманная трылогія «Палешукі». Яе змест склалі раман «Забранае шчасце», аднайменная другая частка, што раней не друкавалася, і раман «Тут твае карані», заснаваны на перапрацаванай у 2017 г. аповесці «Глыбокія карані» (1999). Увойдзе ў кнігу і новая аповесць празаіка «Краіна Валодзькава».

Творы У. Гаўрыловіча вылучаюцца вастрынёй і актуальнасцю сацыяльнай і маральнаэтычнай праблематыкі, выверанасцю і займальнасцю сюжэтнага дзеяння, дакладнасцю назіранняў і асобных дэталяў, арыгінальнасцю стылю, пранікнёным адчуваннем лексікі і сінтаксісу роднай мовы, яе палескага дыялектнага варыянта праз выкарыстанне трапных выказванняў (супыніць душу; у барыню гуляць; кропля да кроплі; трасецца, як дзічка на выгане; на сухі лес, на цёмныя воды; як рак на гарышчы свісне; распрагацца, нібы кабыла з аглобляў і інш.), свежых, «незацёрханых» слоў і іх адметнага вымаўлення (камака, бражнік, мучанкі, баламуць, крапач, узножыцца, ухаджорыцца, зацекацца, нацюкацца, скаліцца, анігаткі, сястро, хумалітарка і інш.). Ужо ў напісаным аўтарам-пачаткоўцам нельга было не заўважыць удумлівага асэнсавання ўнутранага свету асобы, тонкага адчування чалавечай душы і адпаведнай перадачы самых дробных зрухаў у ёй. Бадай, першым пра псіхалагізм У. Гаўрыловіча загаварыў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь У. Саламаха, рыхтуючы да друку яго кнігу ранніх апавяданняў «Споднія яблыкі». Дзякуючы таленавіта ўвасобленай у творах надзеі «на дабро сярод людзей» (У. Саламаха), сустрэчнаму руху ў кірунку да сваіх герояў і адзінадушшу з лепшымі з іх аўтару ўдаецца дасягнуць эфекту сумеснага перажывання, непасрэднай прысутнасці ў мастацкім тэксце. Мабыць, вынікае гэта з плённага шматгадовага суседства журналісцкага і ўласна літаратурнага досведу ў лёсе мастака.

Думаецца, менавіта па гэтай прычыне лепшыя з апавяданняў У. Гаўрыловіча, а гэта «Агледзіны», «Даўні сон», «Споднія яблыкі», «Карміцель», «На мяжы», «Вяртанне бацькі» ды іншыя, не згубіліся сярод багатых наробкаў малой эпічнай формы ў сучаснай літаратуры і працягваюць выклікаць цікавасць у чытачоў. Вострыя сацыяльныя праблемы ў іх, бо «нялёгкае сёння жыццё вясковае», «людзі баяцца боль свой выказаць адкрыта…», ураўнаважваюцца роздумамі пра трывалыя сямейныя каштоўнасці, маральна-этычныя і аксіялагічныя прыярытэты. Побытавая дэталізацыя часта выступае пераходнай прыступкай да разваг пра спрадвечнае; прыцягальная вабнасць жыхароў палескага рэгіёна ў іх гарманічным суіснаванні з людзьмі і наваколлем — падставай для выяўлення ў іх спецыфічных рыс нацыянальнага характару і агульначалавечых вартасцей.

Яшчэ больш магчымасцей для паспяховага ўвасаблення вострапраблемных і шырокіх па ахопе жыццёвага матэрыялу творчых задум, плённай рэалізацыі разнастайных прыёмаў псіхалагізму, прынцыпаў падзейна-кампазіцыйнай арганізацыі тэкстаў і моўнага майстэрства адкрыла для У. Гаўрыловіча буйная эпічная форма. Арыентацыя пісьменніка-сучасніка на традыцыі класічнага нацыянальнага рамана, як і дэталёвае веданне мастацкіх тэкстаў, валоданне прафесійнымі навыкамі іх літаратуразнаўчага аналізу, заўжды хавае ў сабе небяспеку ў нечым паўтарыцца, тэматычна ці стылёва супасці з папярэднікамі, так або інакш выклікаць алюзіі з іх вобразным светам і выяўленчымі сродкамі, спосабамі сюжэтабудовы і характарастварэння (скажам, з тымі ж Іванам Мележам, Якубам Коласам, Кузьмой Чорным і іншымі). Іншы раз узнікае ўражанне, што аўтар свядома кідае выклік пагрозе ўзнікнення магчымых перазоваў, цалкам упэўнены ў тым, што ў любым выпадку зможа застацца арыгінальным. Але дзеля аб’ектыўнасці адзначым, што не заўжды такі эфект непаўторнасці сучасным пісьменнікам бездакорна дасягаецца і дарэшты вытрымліваецца.

Спынімся больш дэталёва на адным з лепшых раманаў У. Гаўрыловіча «Забранае шчасце» (2000 — 2005). Яго змест складаюць напісаныя ў розны час аповесці «Хмары над хатамі» (1999 — 2000), «Дзе ты, доля?» (2001), «Дзікая завея» (2001) і «Плата за каханне» (2003 — 2005). Падзеі ў творы адбываюцца на жыткавіцкім Палессі, каля балотнага Князь-возера, у час карэнных грамадскіх перамен, звязаных з калектывізацыяй. У пасляслоўі да рамана празаік падкрэслівае думку пра тое, што ў гэтага часу была свая неаспрэчная праўда, «якая вяла да трагічнай, непазбежнай гібелі адных, не згодных з сістэмай ці не паспеўшых да яе прыстасавацца, і маральнай — немінучай, не менш страшнай, ракавой, якая паклала адзнаку на дзясяткі гадоў наперад, пагібелі другіх, хто выбару інакшага, як падначаліцца, не бачыў». У працэсе несупыннага дзеяння гэтага механічнага, бяздумна запушчанага і безаглядна жорсткага ў адносінах да сваіх ахвяр сацыяльнага калаўрота-сістэмы паступова змешваліся і змяняліся прынцыпы, ідэалы, мэты, сама чалавечая сутнасць. І ў выніку адбылося самае страшнае: «Ашалелая, безразважная лютасць усё больш захоплівала, змярцвяла душы людскія».

Няма падстаў сумнявацца ў слушнасці высноў пісьменніка. Сапраўды, кожную эпоху ці яе асобны перыяд характарызуюць свае праўда і крыўда, віна і пакаранне (шырэй: вінаватыя і пакараныя), свае законы і беззаконне, свая плата за вернасць і здраду, ацалелае жыццё і ўкрадзеную долю, радасці і гора. І тое, наколькі гэтага гора можа быць многа, якім пякучым і невыносным яно бывае, добра адчулі на сабе, лёсах сваіх родных палешукі — героі «Забранага шчасця» У. Гаўрыловіча.

Прынамсі, менавіта так здарылася з героямі яшчэ аднаго рамана У. Гаўрыловіча «Цяпло маладзіка». Толькі ці не позна?.. Над гэтым шматпланавым творам з некалькімі разгалінаванымі вострасюжэтнымі лініямі і драматычнымі калізіямі, якія настолькі багатыя на нечаканыя і адначасова рацыянальна вывераныя завязкі і вырашэнні, што цалкам маглі б прэтэндаваць на права быць увасобленымі ў асобных мастацкіх тэкстах, празаік працаваў цягам 2006 — 2008 гг. У скарочаным варыянце раман друкаваўся ў часопісе «Полымя», кнізе «Вяртанне» (2008), асобным выданнем выйшаў у 2013 г. (серыя «Бібліятэка СПБ»). Да месца будзе адзначыць, што спалучэнне розных часавых пластоў у межах адной эпічнай структуры складае ўстойлівую адзнаку айчыннай прозы апошніх дзесяцігоддзяў. У гэтым пераконваюць асобныя творы І. Шамякіна, І. Навуменкі, А. Кудраўца, В. Карамазава, В. Казько, Л. Рублеўскай, Ф. Сіўко, А. Федарэнкі ды іншых вядомых празаікаў.

Вядома, што кожны, хто аднойчы ўзяўся за пяро, выношвае мару стаць сапраўдным пісьменнікам ці хоць бы аўтарам аднаго выдатнага твора. На ўвасабленне такой задумы, пры ўсім аб’ектыўным разуменні вартасцей ужо здзейсненага, але і не менш пякучым адчуваннем недамоўленага, не без падстаў спадзяецца і У. Гаўрыловіч. Найперш празаік марыць стварыць «Самы праўдзівы раман на свеце. Пра бацькоў, пра іх і сваё жыццё». Няма сумнення ў тым, што сёння пісьменнік максімальна наблізіўся, у тым ліку, як ні горка гэта прызнаваць, і праз складанасці жыццёвага і літаратурнага досведу, да стварэння такога ўзроўню сацыяльнапсіхалагічнага палатна пра сябе і свой род, загадкавых палешукоў і Палессе, усю Беларусь. А гэта значыць, абавязкова здолее годна здзейсніць задуманае.

Вольга ШЫНКАРЭНКА, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.