Вы тут

Тры абліччы жанчыны


Беларусы пазнаёміліся з польскай мастачкай Катажынай Кобра


Дакладней, з яе сцэнічным увасабленнем: у межах абменных гастроляў на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі паказалі спектакль «Кобра» (KOBRO) рэжысёра Івоны Сікержыньска (Новы тэатр імя Казімера Дэймка, горад Лодзь, Польшча). Да польскага глядача выправіўся спектакль «Чарнобыльская малітва» паводле Святланы Алексіевіч у пастаноўцы Бруна Бусаголя і Валерыя Анісенкі.

У цэнтры сюжэта пастаноўкі — гісторыя знакамітай польскай мастачкі Катажыны Кобра. Таленавіты і самабытны скульптар, яна доўгі час заставалася ў цені вядомасці яе мужа, паспяховага мастака Уладзіслава Стжэмінскага. Работы Катажыны амаль не захаваліся, але выканалі сваю ролю: натхнілі наступныя пакаленні мастакоў ісці шляхам, што ў сусветным мастацтве адкрыла Катажына Кобра. Побач з творчай іпастассю ў яе біяграфіі — пранізлівая гісторыя жанчыны. Жанчыны, якая ў шпіталі закахалася ў мужчыну без рукі і нагі, пабралася з ім шлюбам, нягледзячы на розныя нацыянальнасці, якая, нарэшце, прагнула творчасці і лепшага жыцця, але патрапіла ў лабірынт палітычных разборак. Натуральна, жанчына ў Катажыне Кобра перамагла мастачку. Мабыць, яе жыццё незваротна змянілася ў час Другой сусветнай вайны, калі Катажына спаліла свае драўляныя скульптуры, каб сагрэць хату і прыгатаваць ежу для дачкі?..

Жыццё Катажыны Кобра — невычэрпная тэма для пастаноўкі, але рэжысёр узняла яе асаблівым чынам. На сцэне Ніка, дачка Катажыны і Уладзіслава, спрабуе разабрацца ў стасунках паміж бацькамі, каб зразумець самую сябе. Цяжка вылучыць галоўнага героя, бо перад гледачом паўстае трохкутнік «маці — бацька — дачка». Дадатковыя персанажы не парушаюць азначанае адзінства, а толькі дапамагаюць рухацца дзеянню. Гэта падкрэслівае і сцэнаграфія: аўдыторыя літаральна бачыць белыя сцены трохкутніка-чысцілішча, у які загнаныя героі. Трохкутнік і ўнутры самой Катажыны. Хто яна: творца, каханая, маці? Гэта не проста гісторыя моцнай жанчыны, а напружанае даследаванне чалавечай прыроды. У выніку — здрада, татальная здрада абодвух бацькоў, прыняцце праўды і, нарэшце, збавенне.

Спектакль «Кобра» паказалі па-польску з субтытрамі, але, як і ў кожным таленавітым спектаклі, без іх можна было б лёгка абысціся: эмацыйны напал акцёраў і ўдалая сцэнаграфія кажуць лепш за словы.

Неабходнасць супрацоўніцтва з замежнымі тэатрамі таксама не патрабуе дадатковых тлумачэнняў: можна не толькі паказаць свае здабыткі ў іншых краінах, але і ўбачыць, як развіваецца тэатр у суседзяў. Тым больш што мы, здаецца, крочым у адным кірунку...

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.