Вы тут

Зарапад адкрыццяў і прызнанняў


Фёдар Гурыновіч

нарадзіўся 14 верасня 1950 года ў вёсцы Крывічы на Салігоршчыне, цяпер жыве ў Салігорску. Каля 30 гадоў працаваў у газеце «Калійшчык Салігорска». Аўтар больш як дваццаці кніг паэзіі і прозы для дарослых і дзяцей. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра. Марыць хаця б на дзянёк вярнуцца ў маладосць; прыехаць на сесію ў сталіцу, абавязкова трапіць у тэатр. А назаўтра, працягнуўшы выкладчыку залікоўку, з заміраннем сэрца, спадзеючыся на ласку прафесара, чакаць выдатнай адзнакі.

ЗАРАПАД АДКРЫЦЦЯЎ І ПРЫЗНАННЯЎ

***

Паехалі дзеці вучыцца

Сыну Дзянісу

Паехалі дзеці вучыцца.

Вядома ж, я іх адабраю.

Ды плача душа, як ваўчыца,

Шчанят у якой адабралі.

 

Клапоціцца ці то баіцца:

Ці ўсё ж хоць у шлях ім сабралі?

І як там сустрэла сталіца?

Ці абзавяліся сябрамі?

 

Самотна ў кватэры ўначэлай.

І думкі трывожаць бяссонне:

Што елі-пілі на вячэру?

У што апраналіся сёння?

 

Далася за месяц мне ў знакі

Назольных сумненняў завеса:

Ці добрыя, скажам, адзнакі

Ім выставіць строгі прафесар?

 

Ці ўтульна ім у інтэрнатах?

З суседзямі як там — ці ў згодзе?

Хутчэй атрымаць бы зарплату —

Мо грошы ў дзяцей на зыходзе?

 

…Плывуць аблачынкі, як кужаль,

Шматае іх вецер-гуляка.

Заходзіцца сэрца: спакус жа

Хапае ў сталіцы ўсялякіх.

 

Я думкі аб гэтым мінаю.

І цешыць надзея, вядома ж,

Што часта яны ўспамінаюць

Бацькоў і сумуюць па дому.

 

Успамін

Воблакі — як ватоўкі,

Набраклыя ад дажджу.

Вяртаюся да вытокаў,

Памяць сваю буджу.

 

На яблыні галкі селі.

Горбіцца сад стары.

Тут жнівень гуляў вяселле,

Выносіў у сад сталы.

 

І гэтак музыкі гралі

І тэпалі грамадой,

Што дзве белякоўкі ўпалі

За пазуху маладой.

 

А зараз лісцё пажоўкла

І сыплецца на  платы.

І мы ўжо не тыя з жонкай —

Бы птушкі, ляцяць гады.

 

Нам сад працягнуў галіны.

Ён нас не забыў-такі,

І яблыкаў пару кінуў.

Цяпер…за кофту дачкі.

 

Цішыня

Незаседжаную мухамі,

Незакураную скверам,

Цішыню хоць раз вы слухалі?

Нешта цяжка ўзяць на веру.

 

Неабражаную чэравам,

Непранізаную токам,

Цішыню зары вячэрняе

Над Бярэзінскай пратокай?

 

Тую цішу, што ўспрымаецца

Больш душою, чым вушамі?..

Хваля поўню, быццам маятнік,

Пакалыхвае з пашанай.

 

Звод высокі вольхаў арачных

Хмелем схоплены, як сцяжкай.

Чутна, як на бок байдарачны

Узбіраецца мурашка.

 

Як пахілы кусцік мяты

Распрамляецца пад спальнікам,

Ці то мной знячэўку змяты,

Ці то ў поўдзень сонцам спалены.

 

Як, пафыркваючы пысамі,

Табуны туманаў белых

На бягу расою пырскаюць,

І пагойдваецца бераг.

 

Ясень

Нібы ў бядзе,

Ясень у полі.

Хто неі ідзе —

Позіркам коле.

 

Ці то ў імжы

Ён, ці то ў дыме?

Ліс прабяжыць —

Лапу падыме.

 

Болей таго:

Чорны, як сажа,

Воран яго

Можа зняважыць.

 

Вецер-біцюг

Гне яго вецце;

Беднаму дух

Не перавесці.

 

Лыжы зніму —

Снегу нямнога.

Можа, яму

Трэ дапамога?

 

Лютай зімой

Голле палашчу.

Божа ты мой,

Ясень прапашчы!

 

Што ж ты, бядак,

Вырас у полі?

Медны пятак —

Кошт тваёй волі.

 

Балада пра сасну

У пушчу пусцілі пілу, як чуму;

Вішчыць яна вусцішна-нема.

І лес карані не трымаюць, таму

Чапляюцца дрэвы за неба.

 

Яны вершалінамі хмары змялі

І ўпалі ў сумёты на золку.

І ў голлі памятым блішчаць на зямлі

Нявечныя снежныя зоркі.

 

І толькі чамусьці старую адну —

Амаль што ля самай дарогі —

Піла абышла стараною сасну

На ўскрайку балотца сырога.

 

На макаўцы й я не заўважыў спярша

Гняздо, змайстраванае лоўка.

Заныла і ў пільшчыка, мусіць, душа,

Калі ён убачыў буслоўку.

 

Галіны гараць на траскучым агні,

Грукоча гравійка прамая.

А хвою скрыпучую, быццам магніт,

Гняздо за чупрыну трымае.

 

На сцюжах стаіць яна і на вятрах,

Ігліца на ёй парыжэла;

Маўчыць, як ваеннай пары медсястра,

Што выйшла адна з акружэння.

 

Пазбегнуўшы бензапілы, як бяды,

Стаіць яна — тая й не тая…

І ўсё-ткі бусліная пара сюды,

Баюся, што не завітае.

 

Грыбнік

З вядром пластмасавым кругамі

Грыбнік блукае ў спратах росных.

У змрочным лесе, як арганы,

Гудуць пашчэрбленыя сосны.

 

Так лёгка тут са шляху збіцца —

Тады не выдрацца да ночы.

А зверху сыплецца ігліца,

Нібы заколкі з кос жаночых.

 

І лёт аблокаў алавяных

Няўклюдны, стомлены і нізкі;

І рэдкі ўжо сярод ваўнянак

Масляк задрыпаны і слізкі.

 

І поўны вільгаці цягучай

Падыспад шляпкі з паралону.

І пападае немінуча

Грыбнік у пасткі з буралому.

 

Амаль няма грыбоў; не варта

Тут спадзявацца больш на ўдачу.

Але брыдзе грыбнік упарта

Далей паходкаю жабрачай.

 

Нібы ўсяго і засталося

Яму ў жыцці — таптаць імшару…

І быццам крык аб дапамозе —

Яго аранжавая тара.

 

Навальнічны экспромт

Калматая аўчына аблачыны.

І хвосткаю маланкай, як ляйчынай,

Паляскваюць нябёсы, як вазніца.

І рэха аддаецца, бы ў званіцы.

 

А потым і на шыбіны, і ў лужы

Пялёсткі сонца сыпле, нібы з ружаў.

Плыве ад дрэў непераможны водар,

Нібы на клёпкі ліпу кроіць бондар.

 

І, заблудзіўшы, драч шчапае лыка.

І белы сквар дзявочых мокрых лытак

Ільсніцца, быццам карпы люстраныя.

І нейк шчымліва-страсна сэрца ные.

 

І паўтарае рух і выгін кожны,

І кідкі танец сцёгнаў асцярожных,

І два грудкі з бутонамі на целе,

Насычанае вільгаццю адзенне.

 

Жывот аблегла мокрая сукенка.

І ўся яна, як цацка, як цукерка.

Але прасіць дарэмна аднагодку,

Каб зняць з яе намоклую абгортку.

 

Яна па вёсцы йдзе, багіня нібы.

Над ёй клубіцца пара цёплым німбам.

Раўную я яе да спелых промняў,

Што ёй цалуюць вусны, грудзі, скроні.

 

Як пахне падсыхаючае сена!

Дазволь і мне, хоць на правах суседа,

Цябе пацалаваць за іншых першым

І ў кофту сыпануць суквецце вершаў.

 

Зарапад

За акном зара крылом махае.

Летняй ночы гэткая крыха!

Любая, я так цябе кахаю,

Як ніхто на свеце не кахаў.

 

Зарапад адкрыццяў і прызнанняў!

Гэтай ночы не хапае мне.

Ад твайго гаючага дыхання

Зацвітаюць кветкі на акне.

 

Хай шалее на балконе лета,

Ты яшчэ, жаданая, паспі.

Я табе прыдумаю санеты.

Ці ж кахаць умеў адзін Шэкспір?

 

Дагараюць зоркі, як петарды,

А пачуццяў шырыцца рака.

Так было, напэўна, і ў Петраркі,

Калі ён Лауру сустракаў.

 

Можа быць, не ведаў бы, не знаў бы,

Ад чаго ў яго санетах боль…

Хваля ў сэрцы светлая, скразная.

І пяшчота, і нічога больш.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».