Вы тут

Новы сезон стартуе на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё


1 кастрычніка Першы нацыянальны канал Беларускага радыё пачынае новы вяшчальны сезон. Канал стане яшчэ больш даступным і інтэрактыўным дзякуючы паблік-акаўнтам, сацыяльным сеткам і папулярным відэахостынгам. У радыёэфіры з'явіцца яшчэ больш выпускаў навін, арыгінальных пазнавальных, аналітычных і забаўных праектаў. Акрамя гэтага, слухачы змогуць даведвацца пра самую аператыўную інфармацыю са сферы культуры і свету спорту. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.


Галоўны радыёканал краіны ведае, чым парадаваць сваіх шматлікіх слухачоў. У новым сезоне ў эфіры застануцца ўжо ўпадабаныя прыхільнікамі праекты і з'явяцца новыя праграмы.

"Прызнаюся, што такога, як будучы сезон, у нас яшчэ не было ніколі. Наш калектыў пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку, мы імкнемся быць як мага бліжэй да нашага слухача. Таму, упэўнены, наша радыё невыпадкова называюць самым даступным. Эпоха праваднога радыё - гэта ўжо гісторыя. Сёння ў нас новы этап у развіцці. Мы актыўна выкарыстоўваем інавацыі, укараняем перадавыя тэхналогіі, максімальна задзейнічаем сучасныя сродкі камунікацыі", – гаворыць галоўны дырэктар Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Антон Васюкевіч.

У вяшчальным сезоне 2017-2018 на канале будуць выходзіць 57 арыгінальных праектаў рознай жанравай і тэматычнай скіраванасці ўласнай вытворчасці. Інфармацыйныя, аналітычныя, сацыяльныя праекты складуць 54 % ад агульнага аб'ёму вяшчання, культурна-пазнавальныя – 38 %, музычныя – 8 %.

Галоўны радыёканал краіны прапануе сваёй аўдыторыі разнастайны аналітычны кантэнт. Штодня ў эфіры Першага нацыянальнага можна пачуць цікавыя дыскусіі, кампетэнтныя і аўтарытэтныя эксперты з ліку палітолагаў выступаюць з актуальнымі каментарыямі па пытаннях унутранай і знешняй палітыкі. Канал рэгулярна вядзе прамыя радыётрансляцыі найважнейшых грамадска-палітычных падзей у жыцці Беларусі.

У аснове вяшчання Першага нацыянальнага - навінавыя радыёпраграмы, і ў новым сезоне на канале з'явіцца яшчэ больш эксклюзіўнай інфармацыі. Навіны гучаць у эфіры кожную гадзіну кругласутачна, а з кастрычніка з'явяцца ідадатковыя выпускі навін "Адным радком" пра галоўныя падзеі дня, якія будуць выходзіць унутры праграм.

Прадоўжаць выходзіць брэндавыя інфармацыйна-аналітычныя праграмы "Радыёфакт" і "Пастфактум", у якіх сталі традыцыйнымі прамыя ўключэнні рэпарцёраў з месцаў падзей. Нагадаем, уласныя карэспандэнты канала працуюць ва ўсіх абласцях краіны.

У эфіры з'явяцца два новыя пазнавальныя праекты. "Мой горад" - гэта штотыднёвая інфармацыйна-пазнавальная краязнаўчая праграма аб славутасцях і знакавых падзеях у рэгіёнах краіны. Пераемніцай праграмы "Для тых, хто дома" стане праект "Сямейная праграма". Аўтары праекта разлічваюць канкрэтызаваць і пашырыць мэтавую аўдыторыю, каб перадачу слухалі не толькі тыя, хто знаходзіцца дома, але і тыя, хто ў гэты час працуе або знаходзіцца ў дарозе. Тэматычная скіраванасць праекта захаваецца - гэта будзе штодзённая сацыяльная праграма аб падтрымцы інстытута сям'і ў грамадстве, сямейных каштоўнасцях і традыцыях, рэалізацыі дзяржаўнай дэмаграфічнай палітыкі.

Важным эфірным сегментам канала застаюцца культуралагічныя праекты. Яны накіраваныя на захаванне і прымнажэнне нацыянальнай спадчыны Беларусі. У кастрычніку Першы нацыянальны будзе запрашаць слухачоў на"Творчы вечар". Новы штодзённы праект пра стан і перспектывы сучаснай беларускай культуры і мастацтва канал плануе рэалізоўваць сумесна з беларускімі творчымі саюзамі. У эфіры радыёстанцыі таксама з'явяцца асобныя выпускі "Навін культуры". Цікавым праектам для меламанаў заклікана стаць штотыднёвая музычна-пазнавальная праграма "Дыскавод" пра творчасць сучасных беларускіх музыкантаў.

У новым сезоне будзе больш спартыўных аглядаў. У кругласутачным рэжыме канал дазваляе балельшчыкам быць у курсе ўсіх падзей на спартыўных арэнах. Слухачы могуць сачыць за прамымі рэпартажамі аб удзеле нашых нацыянальных зборных у вядучых сусветных турнірах, асаблівую ўвагу Першы нацыянальны надае развіццю дзіцяча-юнацкага спорту, а вядомыя спартсмены, трэнеры і прадстаўнікі федэрацый пастаянна становяцца гасцямі студыі на Чырвонай, 4 і ўдзельнікамі праектаў канала. У прыярытэце новага вяшчальнага сезона II Еўрапейскія гульні – 2019. Канал ужо актыўна інфармуе радыёслухачоў аб тым, як вядзецца падрыхтоўка да гэтай важнай і адказнай падзеі.

Гэтай восенню канал робіць стаўку на пашырэнне зваротнай сувязі з аўдыторыяй. У Першага нацыянальнага з'явяцца паблік-акаўнты ў папулярных месенджарах. На афіцыйных старонках канала ў сацыяльных сетках і відэахостынгах будзе яшчэ больш інфармацыі, якая, як правіла, не трапляе ў эфір. Адна з навінак – штотыднёвая інфармацыйна-аналітычная праграма "Сацыяльная сетка", заснаваная на каментарыях наведвальнікаў сайта www.radio1.by і старонак у Facebook, Twitter, YouTube, "Одноклассники", "ВКонтакте".

У папулярным праекце канала "Вітаем, віншуем, жадаем!" з'явяцца новыя формы для віншаванняў слухачоў, пра якія вядучыя распавядуць непасрэдна падчас праграмы.

У дзённым эфіры будзе выходзіць штодзённы праект "Настрой!", напоўнены добрай музыкай, цікавымі тэмамі, інтэрактывам і цікавымі гасцямі, а ўдзельнікам праграмы зможа стаць кожны. Для гэтага дастаткова слухаць Першы нацыянальны і выконваць заданні, якія прапануюць вядучыя.

Нагадаем, сёння Першы нацыянальны канал мае самую шырокую трансляцыйную сетку ў краіне, яго можна слухаць практычна ў любым пункце Беларусі. Ахоп нацыянальнай аўдыторыі складае амаль 99,8 % - самы высокі паказчык сярод радыёстанцый. Акрамя таго, Першы нацыянальны з'яўляецца адзіным у Беларусі лічбавым радыё, якое транслюецца ў сацыяльным пакеце лічбавага тэлебачання Multiplex-1 DVB-T MPEG-4.

Быць даступным і заўсёды цікавым для сваіх слухачоў, разам абмяркоўваць актуальныя пытанні, прыемна і з карысцю адпачываць – усё гэта адлюстравана ў дэвізе Першага нацыянальнага канала "Будзем разам!".

Больш падрабязна з анонсамі праграм, інфармацыяй аб новых праектах і вядучых можна азнаёміцца на афіцыйным сайце радыёканала, дзе таксама вядзецца трансляцыя эфіру ў рэжыме рэальнага часу. 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?