Вы тут

Надзея не памірае...


Кажуць, што прыгожа адзетая жанчына, прыгожая і раздзетая. А тым больш калі ў яе стройная фігура, загар... Мусіць, з поўдня прыехала?

— Так, спярша на Азоўскім моры пагрэлася, — нібы чытаючы думкі хваліцца тая (і, вядома ж, не мне, — сваёй прыяцельцы), — а потым яшчэ і на Чорным. А ты свой водпуск дзе правяла?

— Таксама на моры: мы з мужам рамонт зрабілі, працы — ну проста мора было.

...І ці толькі ў іх?


«Нам не дано предугадать...»

Крамка была як крамка, і вітрына як вітрына: позіркам лёгка знайшлі патрэбнае, прыкінулі, колькі ўзяць: заставалася хіба «агучыць».

За прадавачкай справа не стала: жанчына тут жа «нырнула» ў халадзільнік, на вагу паклала тавар.

Нам бы глядзець, колькі ж заважыць, прыкідваць, колькі плаціць, але не: за спінай у прадавачкі нейкі плакат — прычым вершаваны, грэх не прачытаць:

Не зли других и сам не злись,

Мы ж гости в этом бренном мире.

И если что не так — смирись!

Будь поумнее, улыбнись...

Пакуль чыталі гэтыя радкі, прадавачка не проста ўзважвала наш тавар, яна... абважвала: не нашмат (з-за такой драбязы спрачацца не пойдзеш), але ж...

Нітка да ніткі, як той казаў, — беднаму сарочка.

Разабрацца б яшчэ, хто сёння бедны?


Каб на хмель не мароз...

Хату для Кандрата прыгледзеў брат — выпадкова. Ён жа і старгаваўся, можна сказаць: Кандрату заставалася толькі грошы аддаць, аформіць куплю. Ну чаму б і не? Лецішча ім патрэбна? Патрэбна (унучак «на асфальце» расце). Месца файнае? Файнае. Сад са студняй. Галоўнае, танна... Бабуля, праўда, побач круцілася, прычым дзіўная: крадком падыходзіла, божкала: «Людцы, куды вы лезеце?»...

Ім бы прыслухацца, распытаць яе, дык жа не — падумалі, што старая проста шкадуе іх: маўляў, хлявы благія, зямля запушчана, працы шмат...

Але ж яе ды ўсёй сям'ёй яны б неяк агоралі. З іншым не справіцца: з двара з першых дзён стаў знікаць рыштунак, з гарода — ураджай, а ў хаце неяк... заспелі чужых.

Аказалася, адзін з суседзяў амаль 15 гадоў (з невялікімі перапынкамі) жыў у месцах зняволення. І таму цяпер, хоць забі, не разумеў, чаму нельга ўзяць сякеру, калі ёй ніхто не сячэ (потым можна вярнуць), чаму нельга з'есці ягады, калі яны паспелі, і чаму ў пустой хаце нельга пажыць яго сябрукам, якія днямі выйшлі на свабоду...

Карацей, не прыйшлася хата Кандрату.

І не прадасі.


Шыла на мыла?

Максіму ў яго 22 бывала блага (прычым не раз), але ж каб гэтак...

Тры гады як вол працаваў, свету, можна сказаць, не бачыў, але купіў машыну, прычым не нейкі «карчваген», а новенькі чорны «бумер». Пра яго яшчэ песня была, — Макс нават словы ведаў, спяваў...

І вось ужо сам птушкай ляцеў па горадзе, з форсам пазіраў на дзяўчат, ліха тармазіў ля гандлёвага цэнтра, але ж... няўдала: метра за паўтара ад адной машыны, столькі ж — ад другой. Трэцяй (з трыма «качка́мі»), выходзіла, і стаць няма дзе?

— Э, вадзіла, карыта сваё пасунь! — загадалі яны Максіму.

...Вечарам ён напіўся.

— Я ж тры гады, — жаліўся дзеду, — ішачыў, тры гады, можна сказаць, на ліверцы сядзеў. А яны — «карыта»... На мой «бумер»... Я ж сябе чалавекам на ім адчуў, дзевак пакатаць збіраўся, людзей здзівіць...

— Сёння? Бумерам? — перапыніў яго дзед. — Дохлы нумар. Ты лепш «Запарожца» майго вазьмі. Сорак гадоў «вушастаму», а носіцца, як тады... Дзеўкі на яго, можа, і не клюнуць, а розныя «качкі́» — зуб даю — дарогу саступяць...


Пайсці... І не вярнуцца?

Выходзячы замуж за артыста — маладога, прыгожага і таленавітага, дзяўчына, відаць, разумела, што на вернасць яго разлічваць цяжка...

Так яно і атрымалася: даходзілі чуткі. А неяк і зусім... Муж сам, адкрытым тэкстам, сказаў ёй, што кахае іншую, што сыходзіць. І стаў збіраць чамадан.

Як ні дзіўна, жонка ў гэты час (двое малых было) не крычала, не плакала. Хіба ў апошні момант, калі ён ля парога быў, тулячы дзяцей, сказала:

— Ведай, што мы цябе вельмі любім і будзем чакаць.

Праз тыдзень-другі муж не вытрымаў — вярнуўся дамоў, каб ніколі больш не сыходзіць, не здраджваць сваім, хоць магчымасцяў было — больш чым дастаткова (як акцёр ён здымаўся і як рэжысёр здымаў найярчэйшых зорак айчыннага кіно).

З кім гэта было? З Яўгенам Мацвеевым. Калі? Нядаўна. Ці ўсё ж даўно, бо цяпер (такое ўражанне) так, як ён, ніхто не сыходзіць (б'юцца талеркі, паляцца масты...) і не вяртаецца. Хоць нехта ж і не дурны казаў, што каханаму чалавеку можна дараваць усё — нават здраду. Гэта некаханым не даруеш нічога, нават недасолены суп.


Я сама?

Горад. Свята. Пад адкрытым небам, на сцэне — вялікі канцэрт, вакол яе — не меншы натоўп. Сесці няма дзе... Ды нават стаць... Добра малечы — на татавых плячах.

— Я таксама хачу... Вазьмі, — капрызіць побач хлопчык гадкоў, можа, трох.

— Але ж я цябе не ўтрымаю, — вінавата кажа матуля.

— А я хачу, хачу! — гледзячы на іншых дзяцей і ўзняўшы ручкі, тупае нагамі малы.

На іх пачынаюць азірацца людзі. І жанчына, цяжка ўздыхнуўшы, бярэ такі  малога пад пашкі, падымае на выцягнутых руках і, трошкі патрымаўшы, каб ён таксама пабачыў сцэну, ставіць на зямлю. Не тыя сілы.

Тыя былі б у мужа, у таткі гэтага мальца. Але ж дзе ён? Сабакам сена косіць? Гарэлку п'е? Грошы зарабляе?

Магчыма. І гэта — не горшы варыянт.


Дзеля каханай

...У снежні ў іх вяселле, прычым не простае, а залатое: разам 50 гадочкаў, як адзін дзянёк!

— Мы з Пецем добра жывём, — выхваляецца кабета. — Я за ім як за каменнай сцяной: і шкадуе ён мяне (а я — яго), і клапоціцца, і ніколі ні ў чым не папікне!.. А я ж з маладосці легкадумнай была, надта грошы траціць любіла. Як найболей мне дай, па крамах разнясу. Але Пеця і тады мне слова не сказаў. Зарабляў...

— І, мусіць, добра?

— Ну, менш за тысячу (у савецкіх рублях) ніколі не прыносіў.

Было кабеце што траціць.


Прагрэс і рэгрэс

Будзень. Крама. Досыць маладыя бадзёрыя гандляры, пажылыя (бо зранку зніжкі для іх), яшчэ сонныя пакупнікі. Вядома ж, не ўсе, іншыя (а дакладней, іншая) таксама ёсць.

Гэта жанчына ці не ў госці сабралася: ужо з прычоскай, з макіяжам, у строгім светлым касцюмчыку...

— Мне сем піражкоў, калі ласка.
З тварагом, — просіць яна прадавачку. — Толькі знізу вазьміце... Вось тых (паказвае пальцам на прыгожую горку).

— Жанчына, яны ўсе аднолькавыя, свежыя — і знізу, і зверху, — павышаючы голас, пачынае даводзіць прадавачка.

— І ўсё ж... Я прашу...

— А я што — дзеля вас тут усё пабуру? — кідаючы ў пакет піражкі і, дарэчы, нічога не бурачы, апроч... настрою (свайго і чужога, зранку) крычыць прадавачка.

...Некалі, гадуючы малых, у модзе было «падлічваць» пальчыкі, гэта значыць, па чарзе паціскаючы пазногцікі, расказваць пра сароку-варону, якая кашу варыла, дзетак карміла...

Цяпер ужо іншыя часы: у рукі малым усё часцей даюць мабільнікі — хай самі націскаюць кнопачкі.

Што цікава, у тэлефонах тады спрацоўвае так званая абарона ад дурня,
у людзей — чамусьці не?


На ўсякага ліхача...

Камандзіроўкі бываюць розныя — то ўдалыя, то не вельмі.

Якраз з такой каляжанка вярнулася, інтэрв'ю прывезла. Гутарка як гутарка, а вось за ёй...

У выканкам, як казала, хвілін з дзесяць заходзілі, бо «часавому» на ўваходзе мала было журналісцкіх пасведчанняў (з пячаткамі, з фота), ён папрасіў пашпарты, затым праверыў сумкі (найбольш — у фатографа, з апаратурай).

І далей не лепш: зайшлі ў патрэбны кабінет, загаварылі з гаспадаром — па-беларуску. Той (што цікава — з мясцовых!) строга перапыніў:

— Я вас плохо понимаю, говорите со мною по-русски.

«Нам бы сказаць, — перажывала пазней каляжанка, — што і мы яго разумеем дрэнна, бо ён, як прадстаўнік дзяржавы, павінен ведаць абедзве мовы. Да таго ж не адгароджвацца ад людзей аховай. Але... Разгубіліся, не чакалі падобных паводзін. Ды і матэрыял рыхтавалі ў нумар. А таму як бы заплюшчылі вочы на грозны дазор, як бы не пачулі ганарыстага «не понимаю».

...Некалі даўно ў адным з выканкамаў старшынёй працаваў спадар Ліхач, кажуць, досыць моцны быў гаспадарнік, нядрэнны чалавек: як віхор лятаў па сваім раёне — усюды хацеў дапяць.

Дык вось. Ляціць ён неяк па вёсцы з хуткасцю ў сто кіламетраў, — даішнік наперарэз: стойце, маўляў, і плаціце штраф. Той у крык: «Ды хто ты такі і што сабе дазваляеш? Я — Ліхач! Не бачыш ці што?»

— Бачу, што вы ліхач, — спакойна адказаў даішнік. — Штраф заплаціце і едзьце — не парушайце правілы...

Гэта да таго, што на ўсякага ліхача (верыцца яму ці не верыцца) знойдзецца свой даішнік.

Раней ці пазней.


Надзея не памірае...

У Веры была дачушка — і радасцю, і надзеяй... Аднак спраўдзіцца ёй не выпала: не падумаўшы, рана, збегала замуж — за пітушчага, за нягеглага, прыжыла з ім дзіцятка і развялася...

З часам знайшла сабе іншага (ужо цвярозага) і... знікла з ім аж на два гады. Ні слыху, ні дыху не было: да матулі — ні званка, ні пісьма, ні капейкі... Толькі дзіця, хлопчык.

Але ж неяк яго маці спатрэбіўся новы пашпарт. Прыехалі — удваіх са сваім, трохі пагасцілі, пабылі, сталі збірацца назад.

— Можа, хлопчыка возьмеце? — спытала матуля. — Яму ж у школу ісці. Ды і я не жалезная, здароўя няма. Раптам Бог прызаве? Што з дзіцем будзе?

— Ды не бойцеся, — смела запэўніў зяць, — яно не прападзе, яно і ў дзетдоме вырасце.

А дачка зусім прамаўчала.

...Была яна ў маці за радасць і надзею.

Цяпер за іх... унучак.

Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.