26 Верасень, серада

Вы тут

Ці заўсёды нашы ўчынкі залежаць ад стагоддзя, у якім мы жывём


Трагедыя, што здарылася ў Воранаве, на стужцы крымінальных навін ужо пасунутая ў архіў іншымі паведамленнямі аб надзвычайных здарэннях. Хоць яе нельга назваць «тыповай» ці «звычайнай», — сямнаццацігадовы падлетак падазраецца ў забойстве сваёй саракагадовай маці. Ён, як прызнаўся праваахоўнікам, некалькі разоў ударыў яе самаробным мячом па галаве і схаваў цела ў хмызах. Ісці здавацца не спяшаўся: з моманту забойства мінуў тыдзень, і, калі б не калега няшчаснай ахвяры, што падняла трывогу, невядома, колькі б забітая яшчэ ў тых кустах праляжала.


Пакуль вядзецца следства, высвятляюцца падрабязнасці і матывы гэтага нялюдскага злачынства, само яно на месцы здзяйснення, а асабліва ў сеціве, ужо стала гісторыяй амаль у шэкспіраўскім стылі — з каханнем, страсцю і смерцю. Кажуць, што хлопец забіў маці з-за таго, што яна была супраць, каб ён жыў са сваёй шаснаццацігадовай дзяўчынай. Знайшліся ўжо і сведкі, якія нібыта чулі і бачылі, што непаўналетнія закаханыя хацелі пабрацца шлюбам любой цаной. Нават профіль дзяўчыны ў сацыяльных сетках і той нібыта пра гэта сведчыць: там імя каханага напісана з сардэчкам пасля кожнай літары. Карацей, Рамэа ды Джульета на сучасны лад, толькі фінал не ў той бок закруціўся.

Так яно на самай справе было ці не — следства разбярэцца. Мяне (даруйце за некаторы цынізм) у гэтай гісторыі больш зачапілі каментарыі, — а іх на розных парталах дзясяткі. Вельмі-вельмі рэдка гучыць у іх спачуванне і асуджэнне таго, што адбылося. Больш — філасофска-псіхалагічных разважанняў пра тое, што бывае, калі «гармоны замяняюць мозг». І ўжо лейтматывам — «О времена! О нравы!» — маўляў, цяпер і час такі, і свет такі, і чаго чакаць ад гэтага пакалення, што на баевіках ды на стралялках вырасла...

І вось тут паслужлівая памяць падсунула іншую гісторыю, абсалютна рэальную і праўдзівую, якая здарылася зусім недалёка ад месца сённяшняй трагедыі — у вёсцы Дунілавічы Пастаўскага раёна восемдзесят з лішнім гадоў назад, у далёкім 1936-м, «за польскім часам». Мне яе калісьці дапамагла «раскруціць» светлай памяці Ніна Маркаўна Захарэвіч з Пастаў: мы тады разам ездзілі ў Дунілавічы, шукалі сведкаў тых падзей, прадзіраліся праз гушчар на старых закінутых могілках...

Нават імёны герояў той даўняй дунілавіцкай трагедыі — Мар'ян і Аліна — дзіўным чынам вельмі сугучныя з тымі, што фігуруюць у справе па забойстве ў Воранаве. Мар'ян быў сынам местачковага доктара, чалавека паважанага і заможнага, бацькі Аліны былі бедныя. Маладыя сустракаліся-любіліся, справа ішла да вяселля. Але маці Мар'яна бачыла жонкай адзінага сына зусім іншую дзяўчыну і была катэгарычна супраць. Калі аднойчы Мар'ян вярнуўся са спаткання, яна ўчыніла скандал і заявіла, што, пакуль яна жывая, сын з бяднячкай не ажэніцца. Хлопец, напэўна, успрыняў гэтыя словы літаральна, а можа, проста ўсё дайшло ўжо да апошняга пункта кіпення. Ён узяў бацькаў рэвальвер і выстраліў у маці. Тая вохнула, схапілася за грудзі і ўпала як падкошаная. Мар'ян, выскачыўшы з хаты, памчаў да каханай, усё яшчэ трымаючы зброю ў руках. Імчаў... забіваць Аліну: разумеў, што за забойства маці пасадзяць надоўга і дзяўчына наўрад ці будзе чакаць. Карацей, «дык не даставайся ж ты нікому!»

Бабулі, якія памяталі гэтыя страшныя падзеі ў Дунілавічах, расказвалі мне тады, што дзяўчына памерла не адразу: усе сцены ў пакоі, дзе яе забівалі, былі перапэцканыя крывёй. Яе забойца ўцёк і хаваўся ў навакольных лясах, паліцыя ніяк не магла выйсці на яго след. А ён, калі Аліну хавалі, сядзеў на высокай хвоі на ўскрайку могілак і назіраў. І ўбачыў... сваю маці, жывую і здаровую. Ён тады ў яе нават не трапіў, кабета проста самлела ад спалоху... Пачакаўшы, пакуль пойдуць людзі, Мар'ян прыйшоў на магілу Аліны, прыставіў пісталет да скроні, націснуў на курок. У яго руцэ знайшлі запіску: «Аліна хоча белага бэзу»...

Мы тады, дваццаць гадоў назад, знайшлі магілу Аліны Самовіч у закінутай частцы дунілавіцкіх могілак. Захаваўся нават дыхтоўны помнік, пастаўлены ў далёкім 1936-м, але магіла была зусім недагледжаная: у дзяўчыны не было ні братоў, ні сясцёр, на ёй род перапыніўся. Гэтаксама як і род Мар'яна, але ад яго праз гады не засталося нават узгорачка пад крыжам: самазабойцаў у той час хавалі за агароджай, без помнікаў.
Іх гісторыя засталася ў песні, якую і сёння ў розных варыяцыях, але з адным сэнсам, спяваюць самадзейныя калектывы ў тых краях. Так што, калі пачуеце на Пастаўшчыне ці ў наваколлі «У панядзелак рана, як сонейка ўзышло, прыйшоў Мар'ян к Аліне, сказаў ён ёй усё. «Аліна дарагая, ты знаеш, што зрабіў — сягоння на світанні матулю я забіў...», — ведайце: гэта ўсё было на самай справе, і Шэкспір тут па трагічнасці і недарэчнасці рэальнага сюжэта сапраўды можа адпачываць...

Я да чаго, уласна, гэтыя дзве трагедыі паміж сабой звязала. Не трэба наракаць на час, а ўжо тым больш яго ва ўсім вінаваціць. Час — ён заўсёды няпросты, незалежна ад стагоддзя, тысячагоддзя, эры. Асабліва калі робіш выбар, што важней: уласныя спакой і шчасце ці спакой і шчасце блізкага чалавека, калі рашаеш, што і як сказаць і зрабіць у адносінах з ім. Не пра кожны наш учынак — высакародны, подлы або проста дурны, але ад гэтага не менш непапраўны — складуць песню ці легенду. Але кожны будзе запісаны на наш асабісты рахунак, па якім абавязкова рана ці позна давядзецца плаціць.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: Час і норавы

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

 «Толькі агульнымі намаганнямі мы зможам супрацьстаяць няпростым выклікам часу».

Грамадства

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

​Колішняя Беларуская ваенная акруга лічылася адной з самых магутных у СССР.

Грамадства

Шчырая размова з вядомым педагогам пра бацькоўскія сумненні і страхі

Шчырая размова з вядомым педагогам пра бацькоўскія сумненні і страхі

«Калі ў вас адкрыўся рот, каб накрычаць на дзіця, спыніцеся хоць на секунду…» 

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі.