Вы тут

Прэзідэнт зрабіў шэраг кадравых назначэнняў


Новых кіраўнікоў атрымалі два міністэрствы — Міністэрства інфармацыі і Міністэрства культуры. Імі сталі адпаведна Аляксандр Карлюкевіч, які раней займаў пасаду намесніка міністра інфармацыі, і Юрый Бондар, які да цяперашняга часу быў рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Аляксандр Лукашэнка назначыў таксама двух памочнікаў Прэзідэнта — па Мінскай і Віцебскай абласцях. Акрамя гэтага, шэраг універсітэтаў атрымалі новых рэктараў.


Падчас назначэння новага кіраўніка Міністэрства інфармацыі, Прэзідэнт падкрэсліў:

— Права на памылку ў вас няма. Горш працаваць у Міністэрстве інфармацыі мы не павінны. Калі там ёсць нейкія недахопы, гэта і ваша віна: вы не простым чалавекам там былі, а працавалі намеснікам.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што вопыт і веды папярэдняга кіраўніка ведамства Ліліі Ананіч будуць запатрабаваныя ў іншай сферы.

— Мы не можам ёй прад'явіць нейкія надзвычайныя прэтэнзіі і адхіліць ад пасады. Мы павінны дакладна разумець, што яна будзе працаваць на іншым участку. Вы мне потым даложыце, куды прапануеце яе працаўладкаваць, — даручыў Аляксандр Лукашэнка кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Наталлі Качанавай.

Назначаючы новым міністрам культуры Юрыя Бондара, кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў гэтым ведамстве заўсёды складваецца няпростая абстаноўка, бо ў ім працуюць творчыя людзі.

— Там заўсёды шмат розных плётак, абгавораў, разважанняў — такое жыццё, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Тым не менш мы павінны працаваць такім чынам, каб гэтых размоў было менш, а людзі былі нацэлены на канкрэтную работу. Трэба паставіць сябе такім чынам, каб усё было сумленна і справядліва, кожны займаўся сваёй справай, а не хадзіў і плакаўся, як яму цяжка, або скардзіўся на калегу.

Ігар Яўсееў прызначаны памочнікам Прэзідэнта — інспектарам па Мінскай вобласці, дагэтуль працаваў начальнікам упраўлення ўнутраных спраў Мінскага аблвыканкама. Аляксандр Субоцін, што займаў пасаду намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання — дырэктара Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду, стаў памочнікам Прэзідэнта — інспектарам па Віцебскай вобласці.

— Накіраваць ваеннага чалавека памочнікам — такое ў мяне было жаданне даўно, —
сказаў кіраўнік краіны, гаворачы пра прызначэнне Ігара Яўсеева. — Гэта добры будзе эксперымент, хоць наўрад ці эксперымент. Чалавек, які пачынаў працаваць на зямлі, які, тым больш, працуючы на вялікіх пасадах, даслужыўся да генеральскіх пагонаў, пры тым, які ведае людзей, разбіраецца ў сітуацыі, — я думаю, тут памылкі не будзе. Паглядзім, як складзецца лёс генерала на гэтай грамадзянскай пасадзе, хоць цяжка сказаць, што яна грамадзянская: яна часам больш важная і яшчэ больш ваенная, чым у некаторых людзей з пагонамі.

Звяртаючыся да Аляксандра Субоціна, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на сістэму сельскай гаспадаркі ў Віцебскай вобласці:

— Вы ведаеце сельскую гаспадарку. Прытым ведаеце не толькі з пункту гледжання «нізоў», вы вучоны чалавек. Там работы вельмі шмат, і перш за ўсё нам трэба раз і назаўсёды рассекчы гэты «гордзіеў вузел» са структурай пасеваў: мы да гэтага часу не можам там убраць пару тысяч гектараў збожжавых. Якія гэта ўжо збожжавыя ў кастрычніку, вы добра разумееце. Значыць, трэба сеяць там, дзе магчыма.

Кіраўнік краіны назначыў новага рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта — ім стаў Андрэй Кароль, які дагэтуль узначальваў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Акрамя гэтага, Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў прызначэнне Сяргея Харытончыка рэктарам Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Дзяніса Дука — рэктарам Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова, Максіма Кіркора — рэктарам Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання.

— Студэнты — вальнадумцы, — сказаў Прэзідэнт. — Мы самі такія былі. Не ведаю, як вы, а я — дакладна. Таму не трэба ў іх гэтую жылку і струнку душыць. Але іх трэба выхоўваць патрыётамі нашай краіны, каб не атрымалася так, што мы трацім тут грошы на іх выхаванне, а заўтра яны завярнуліся, працуюць невядома дзе і толку ад гэтага краіне няма.

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў асаблівую ролю рэктараў ВНУ і значнасць гэтай пасады:

— Як толькі вы выйдзеце за парог гэтага кабінета, вы — людзі Прэзідэнта. Вы ажыццяўляеце яго палітыку. У адваротным выпадку не трэба згаджацца і ісці на гэтыя пасады. Маю палітыку вы ведаеце: калі я недзе буду казаць не так і не буду мець рацыю, вы мне скажыце адразу. Рашэнне прынята, прамаўчалі — выконвайце. Гэта датычыцца ўсіх. Што датычыцца рэктараў — гэта асаблівыя людзі. Гэта людзі, якія куюць будучыню, эліту нашай краіны.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

 

Карлюкевіч Аляксандр Мікалаевіч

Нарадзіўся 6 студзеня 1964 года ў вёсцы Зацітава Слабада Пухавіцкага раёна. У 1985 годзе скончыў Львоўскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча; у 2002 годзе — Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. З'яўляецца лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне».

З 1985 года працаваў на розных пасадах у рэдакцыях сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку ў такіх выданнях, як газета «За Родину» ў Ашхабадзе, газеты «Ленинец», «Во славу Родины», «Культура», «Звязда», «Чырвоная змена», «Народная газета», «Советская Белоруссия» ў Мінску.

У 2006—2011 гадах — дырэктар рэдакцыйна-выдавецкай установы «Літаратура і мастацтва».

У 2011—2012 гадах — галоўны рэдактар установы «Рэдакцыя газеты «Звязда».

У 2012—2016 гадах — дырэктар — галоўны рэдактар рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом «Звязда».

З 2016 года да гэтага часу працаваў на пасадзе намесніка міністра інфармацыі.

 

Бондар Юрый Паўлавіч

Нарадзіўся 11 красавіка 1973 года ў Мінску. Скончыў у 1997 годзе юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «правазнаўства», у 2007 годзе —
Інстытут дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «дзяржаўнае кіраванне сацыяльнай сферай».

У 2006 годзе абараніў дысертацыю на саісканне вучонай ступені кандыдата палітычных навук па спецыяльнасці «тэорыя палітыкі, гісторыя і метадалогія палітычнай навукі» ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У 2009 годзе Юрыю Бондару прысвоена вучонае званне дацэнта па спецыяльнасці «паліталогія».

У Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў — з 2001 года, працаваў на пасадах выкладчыка, старшага выкладчыка, дацэнта кафедры культуралогіі, першага прарэктара. У лютым 2013 года быў назначаны на пасаду рэктара гэтай ВНУ.

У 2014 годзе быў выбраны дэпутатам па Чыгуначнай выбарчай акрузе Мінска, намеснікам старшыні Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў XVІІ склікання.

Юрый Бондар з'яўляецца аўтарам шматлікіх артыкулаў, дакладаў, навуковых публікацый, вучэбна-метадычных комплексаў.

Загаловак у газеце: Без права на памылку

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.