Вы тут

Эквілібрыстыка педагогікі


Ці зацікавяцца школьнікі беларускай літаратурай?

Пытанне, вядома, некарэктнае, бо як можна зацікавіцца тым, чаго не ведаеш? Нават выдатнікі не могуць пахваліцца, што сапраўды ведаюць, чаму Якуб Колас напісаў «Новую зямлю», навошта Наталька забіла Машэку ў «Магіле льва» Янкі Купалы альбо якія былі сапраўдныя прычыны вялікай папулярнасці кніг Францішка Багушэвіча? Часта праводжу перад школьнікамі своеасаблівыя тэатралізаваныя ўрокі па беларускай літаратуры. Гледачы трапляліся розныя: упэўненыя, што Янка Купала і Якуб Колас — родныя (калі не сіямскія) браты. Былі такія, што не маглі назваць ніводнага паэта ці празаіка (нават згаданых «братоў» Купалу-Коласа). Але і для самых абазнаных большасць беларускіх пісьменнікаў злівалася ў адну шэра-невыразную масу.


У школьнай праграме шмат напісана прыгожых, педагагічна-правільных слоў пра тое, як той ці іншы верш, урывак з рамана альбо апавяданне павінны абуджаць патрыятычныя, гуманістычныя пачуцці ў школьнікаў. Павінны. Але ж пакідаюць, зазвычай, абыякавымі.

А каб не пакідалі, трэба хаця б адказаць перад дзецьмі на пытанне: чаму ўсё ж такі Якуб Колас напісаў гэты, кажучы словамі Алеся Адамовіча, «першы ў гісторыі нашай літаратуры раман у вершах»? Вялікая любоў і замілаванне да роднага краю? Жаданне даць свайму народу тое, чаго ён не меў, «энцыклапедыю сялянскага жыцця»?

Нічога падобнага! 26-гадовы Канстанцін Міцкевіч не мысліў такімі высокімі, «правільнымі» катэгорыямі. Як вядома, за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе яго пасадзілі ў турму. Каханая абяцала чакаць, але ўжо праз некалькі дзён сказала, каб ён пра яе забыўcя, бо знайшла шчасце з іншым. Што рабіць у такой роспачнай сітуацыі, каб не звар’яцець ад гора? Правільна — ратавацца творчасцю. Здрада падступнай жанчыны стала прычынай напісання «Новай зямлі»! Ці павінны ведаць пра гэта школьнікі? Безумоўна. І лепей за ўсё з класа 9-10-га, калі яны пачынаюць сутыкацца з такімі ж праблемамі (першае каханне, здрада). Акрамя таго, яны засвояць неабходны жыццёвы ўрок: вельмі карысна, калі вас кідаюць каханыя, — з вялікага адчаю можа нарадзіцца шэдэўр літаратуры.

«Паўлінка» Янкі Купалы будзе блізкай тым школьнікам, бацькі якіх любяць чыніць сваім дзецям усялякія неапраўданыя забароны. Дарэвалюцыйная творчасць песняра ідэальная для Эма і Готаў. Калі ў вашым класе ёсць такія вучні, то яны належным чынам ацэняць радкі з верша «У ночным царстве»:

Скрыпяць трухляцінай асіны,

Над курганамі звяр’ё вые...

Гасцінцам, церневай пуцінай,

У ёрмах, скованы, скацінай

Ідуць нябожчыкі жывыя.

 

Ідуць, ідуць... Сярод пустыні

Хрусцяць надломаныя косці,

I качанеюць ногі ў ціне,

I чахнуць вочы ў павуціне,

А шлях — як точаныя восці...

У Янкі Купалы такой хорар-паэзіі хапае. Матыў зомбі-апакаліпсісу яму блізкі. Акрамя таго, калі Якуб Колас, як сапраўдны рамантык, уцякаў ад трагедый кахання ў ідэальны свет «Новай зямлі», то ў Янкі Купалы асноўная тэма ранняй творчасці — famme fatale, якая прыводзіць мужчыну да пагібелі. Кожны старшакласнік, які абвострана рэагуе на рэчаіснасць, знойдзе адказы на многія свае балючыя пытанні, чытаючы нервовага і непрыхаванага ў сваіх пачуццях паэта. Тады і ў Натальцы, якая «ўтапіла ў шыі Машэкі нож», гэты юнак пазнае тую, што кінула яго дзеля аднакласніка ці, яшчэ горш, якога першакурсніка. Дарэчы, творчасць Янкі Купалы на занятках было б вельмі цікава разглядаць поруч з мастацтвам Вінцэнта Ван Гога. Эмацыйна яны вельмі блізкія.

А чаму можна навучыцца ў такога вонкава закрытага і прагматычнага ў творчасці Францішка Багушэвіча? Менавіта яго прагматызму.

«Дудка беларуская» была адной з самых папулярных у нас кніг на пачатку ХХ стагоддзя. Будучы дыктатар Польшчы Юзаф Пілсудскі прывозіў яе кантрабандай не проста так. Школьнікі, магчыма, ведаюць, што Багушэвіч першы сярод нашых пісьменнікаў у сваёй легендарнай прадмове геаграфічна абазначыў межы Беларусі задоўга да таго, як яна набыла дзяржаўную незалежнасць. Але ёсць яшчэ адзін важны момант: усе наступныя нашы літаратары вучыліся ў Багушэвіча той важнай асаблівасці, без якой ніводзін пісьменнік не зможа дамагчыся поспеху — веданню сваёй аўдыторыі.

Францішак Багушэвіч быў першым сярод айчынных літаратараў, хто пачаў пісаць для канкрэтнага чытача. Усё ў яго кнігах: лексіка, пабудова фразы, стыль, эмацыйнае і сэнсавае напаўненне — падпарадкавана аднаму — быць як мага больш цікавым, займальным і зразумелым менавіта для абранай аўдыторыі. Калі б ён пісаў па-беларуску для тагачасных арыстакратаў, яго б ніхто не чытаў; калі б пачаў прыдумляць займальныя раманы па-польску ці па-руску, яны б пасля яго смерці забыліся, бо падобнага хапала. Багушэвіч зразумеў, што, каб створанае засталося, трэба пісаць для масавага чытача — сялян, — і не памыліўся. Ён геніяльна вылічыў сваю аўдыторыю і таму застаўся ў гісторыі літаратуры. Таму, калі вашыя школьнікі мараць стаць паспяховымі пісьменнікамі, менеджарамі, прадзюсарамі, ім будзе цікава вывучыць досвед Багушэвіча, бо, паўтаруся, абы-чые кнігі Пілсудскі кантрабандай бы не правозіў.

Заўсёды, калі выступаю перад школьнай аўдыторыяй, прыходжу да высновы: юным слухачам і гледачам важна тлумачыць: нашыя класікі сталі вялікімі не толькі таму, што дыдактычна пісалі пра сваю любоў да мовы, Радзімы, матулі. Кожны з іх стварыў свой унікальны, смелы, дзёрзкі і непаўторны свет (які не заўсёды можна разгледзець у вузкай прасторы школьнай праграмы). Кожны з класікаў кахаў, сварыўся з бацькамі, пакутаваў ад здрады, бунтаваў, баяўся, злаваўся, плакаў — перажываў тыя ж эмоцыі і рабіў памылкі, што і сённяшнія дзеці. Зрабіць так, каб сучасныя падлеткі ўбачылі ў Коласе, Купале, Багдановічы, Броўку, Караткевічы блізкіх сабе людзей, сваіх саюзнікаў, па-новаму адкрылі для сябе напісанае імі, — хіба не займальная задача для педагога?

Нашыя пісьменнікі заслугоўваюць таго, каб пра іх расказвалі, як пра кіназорак, дзе яркая біяграфія пераплятаецца з не менш яркай прозай і паэзіяй. Прытым у любога класіка можна знайсці і адпаведныя цікавыя факты і творы. Кожныя заняткі тады ператворацца ў найцікавейшы спектакль, дзе вучні будуць не пасіўнымі слухачамі, а актыўнымі ўдзельнікамі.

Паэт Алесь Наўроцкі (яго, на жаль, няма ў школьнай праграме) пісаў пра сваю любоў да цыркавой паэзіі: «Паэзія /.../ гэта яшчэ і цырк. /.../ Цырк — гэта — мастацтва акрабатыкі, эквілібрыстыкі, жангліравання, дрэсіроўкі жывёл... А што, калі слова ператварыць як бы ў сабачку і прымусіць яго гаўкаць? Ператварыць у слана і прымусіць гэтага слана пад рытм музыкі дырыжыраваць? Аказваецца, са словам можна зрабіць усё...»

Гэта было напісана ў брэжнеўскія часы, калі паэта стамляла дэкларатыўная, беспачуццёва-камсамольская паэзія сучаснікаў. Ён хацеў свята, па-шагалаўску яркага, чыё святло, энергія і напор ажывілі б нашую паэзію. Сёння важна, каб такое свята прыйшло на ўрокі беларускай літаратуры.

Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.