Вы тут

Фэнтэзі са славянскімі імёнамі


«Каханне» — шостая кніга Валянціна Маслюкова з цыкла «Нараджэнне чараўніцы», якая выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда». Аўтар вызначыў жанр свайго твора як казачны раман, хоць для чытача гэта славянскае фэнтэзі. Калі людзей сустракаюць па вопратцы, то «Нараджэнне чараўніцы» апранулі як след.


Гісторыя пачынаецца на беразе мора, куды пасля шторму вынесла цяжкі і вялікі куфар. Але ў ім былі не золата і каштоўнасці, а ўсяго толькі дзяўчынка-немаўлятка. Браты Поплева і Хмарка не ўсведамлялі, што знайшлі сапраўдны скарб. Бо з немаўля вырасла прыгажуня-чараўніца з залатымі валасамі. І імя ёй далі адпаведнае — Залацінка. Каханне паміж прынцам Юліем і галоўнай гераіняй правяраецца на трываласць мноствам выпрабаванняў, як і належыць у казцы. Праўда, часам ствараецца ўражанне, што аўтар зусім не спачувае сваім героям: занадта шмат выпрабаванняў і жахаў выпала на іх долю. Яны прайшлі праз здраду, смерць блізкіх, хлусню, вайну, паклёпы злодзеяў, палацавыя інтрыгі…

Фальклорны стыль дазволіў аўтару напоўніцу выкарыстаць усе казачныя прыёмы, стварыць каларытных герояў і надзяліць іх выключнымі здольнасцямі, а таксама выкарыстоўваць састарэлыя словы ў іх першапачатковым значэнні. Напрыклад, улюбёны антычны прыём «страчанага дзіцяці». Залаты колер валасоў галоўнай гераіні нагадавае казку пра «Золатавалоску», а выкінуты куфар — бочку з маці і маленькім сынам з казкі Пушкіна пра цара Салтана.

Але ў гісторыі Валянціна Маслюкова прысутнічае і рэалізм. У жыцці людзі не проста добрыя ці злыя. Персанажы кніг таксама не дзеляцца на герояў і злодзеяў. Станоўчыя героі памыляюцца і здзяйсняюць учынкі, якіх у далейшым саромеюцца. Адмоўныя персанажы здольныя на ахвяры і высакароднасць. І ўсім без выключэння даводзіцца стаць мацнейшымі, проста для таго, каб выжыць. Нават Залацінка хаваецца, уцякае, палохаецца, сумняваецца. Здавалася б, галоўная гераіня, чараўніца і… баіцца? Але ў яе няма настаўніка, як у казках, таму яна ўсяму вучыцца сама, на ўласным досведзе і памылках. Вось і адбываецца, што, з аднаго боку, усё, як у жыцці, а з другога — як у казцы.

Шэсць кніг апавядаюць пра дзяўчынку-сіротку, якая валодае незвычайнымі здольнасцямі, пра прынца, які трапіў пад кантроль звар’яцелага навукоўца і забыўся родную мову, пра падступную царыцу-ведзьму і хітрага царадворца. І ўсе яны жывуць у краіне Славаніі. Адметна тое, што ў кнігах няма ні зместу, ні раздзелаў, ні частак. Бо гэта бесперапынная, суцэльная, злёгку заблытаная гісторыя пра станаўленне вялікай княгіні і чараўніцы Залацінкі. Менавіта ў гэтым і загадка назвы кнігі: нараджэнне — гэта не толькі з’яўленне на свет, але яшчэ і станаўленне.

Не сакрэт, што ў канцы казкі героі будуць жыць доўга і шчасліва, прынц выратуе прынцэсу, цмок будзе пераможаны, а зло — пакарана. Гэта няўхільны закон любой казкі. Таму, калі аўтар робіць выгляд, што дастае туз з рукава і заканчвае твор прадказальным сюжэтным паваротам, чытач можа адчуць сябе крыху падманутым.

Марыя ШЧЫПАНАВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.